ФІЗІКА ПАЛЁЎ І ЭЛЕМЕНТАРНЫХ ЧАСЦІЦ
Даследаванні па фізіцы палёў і элементарных часціц на Беларусі пачаліся пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава з 1936 на кафедры тэарэтычнай фізікі БДУ і з 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Распрацаваны агульны метад праектыўных аператараў у тэорыі элементарных часціц, створана комплексна-вектарная параметрызацыя групы Лорэнца, уведзены універсальныя нелінейныя ўраўненні для ўзаемадзейных палёў (Ф.І.Фёдараў). На гэтай падставе пабудавана паслядоўна каварыянтная (у т. л. класічная, без другаснага квантавання) квантавая электрадынаміка нуклонаў, тэорыя часціц са спінам 0, 1/2, 1, 3/2, 2, іх электрамагнітных і слабых узаемадзеянняў; дадзена уніфікаванае апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з выкарыстаннем універсальных ураўненняў Фёдарава, вырашаны важныя пытанні калібровачнай палявой тэорыі. Распрацаваны эфектыўныя метады апісання і разліку канкрэтных працэсаў узаемадзеяння палярызаваных лептонаў і адронаў, што дало магчымасць даследаваць іх у больш шырокім, чым звычайна, плане (А.А.Богуш, Ю.А.Курачкін, В.І.Куўшынаў, Л.Р.Мароз, І.С.Сацункевіч, Ф.І.Фёдараў). Выкананы прыярытэтныя даследаванні па праблеме ізаляванага магнітнага зараду, паслядоўна развіта тэорыя такіх тапалагічна нетрывіяльных аб’ектаў, як абелевы і няабелевы манаполі, салітоны, інстантоны і інш. (Я.У.Доктараў, Ю.А.Курачкін, В.І.Куўшынаў, В.І.Стражаў, Л.М.Тамільчык, Я.А.Талкачоў). Распрацаваны і дастасаваны да патрэб агульнай тэорыі адноснасці (АТА) т.зв. тэтрадны фармалізм у спалучэнні з метадам распластаваных прастор (В.С.Іваніцкая, А.Я.Левашоў і інш.). Пабудавана тэорыя рэлятывісцкага руху сістэмы цел і разгледжана праблема яго ўстойлівасці (А.П.Рабушка). Распрацаваны пытанні ўзаемаадносін АТА з інш. канкурыруючымі тэорыямі (А.К.Гарбацэвіч, А.В.Мінкевіч). У даследаваннях па тэорыі адноснасці ўдзельнічаюць і бел. матэматыкі: вывучаны лакальна-дыферэнцыяльныя ўласцівасці прасторы СТА (А.А.Бурдун, А.К.Лапкоўскі, Л.К.Тутаеў і інш.), даследаваны падгрупы груп Пуанкарэ і Галілея (А.М.Фядэнка). Распрацаваны і шырока выкарыстаны эфектыўны аператарны метад разліку разнастайных квантавых сістэм і працэсаў (Л.І.Камароў, І.Д.Феранчук). Супрацоўнікамі Ін-та фізікі Нац. АН Беларусі (з 1974), Гомельскага ун-та (з 1976), НДІ ядзерных праблем (з 1987) і Нац. цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій (з 1993) БДУ праведзены сумесна з замежнымі вучонымі шырокія эксперыментальныя даследаванні на паскаральніках г. Дубна і г. Серпухаў (Расія), г. Жэнева (Швейцарыя). У банк сусветных даных па фізіцы часціц унесены атрыманыя эксперыментальныя вынікі па выяўленні новых мезонных станаў, вывучэнні працэсаў множнага нараджэння часціц і гіперзарадаваабменных рэакцый, рэдкіх распадаў (А.М.Дворнік, Ф.Я.Зязюля, Ю.А.Кульчыцкі, А.С.Курылін, М.В.Максіменка, В.С.Румянцаў). Упершыню эксперыментальна вызначаны (М.І.Ляўчук) велічыні палярызавальнасцей нейтрона і прадказанай (М.В.Максіменка, Л.Р.Мароз, А.М.Сердзюкоў) спінавай палярызавальнасці (гірацыі) нуклонаў. У эксперыментальную практыку ўкаранёны эфектыўныя метады і камп’ютэрныя праграмы разліку радыяцыйных эфектаў (М.М.Шумейка). Бел. фізікі пад кіраўніцтвам У.Р.Барышэўскага, А.А.Богуша, М.В.Максіменкі, М.М.Шумейкі зрабілі значны ўклад у стварэнне буйнейшага ў свеце паскаральніка пратонаў — Вялікага адроннага калайдара (г. Жэнева). Даследаванні па фізіцы элементарных часціц паспяхова праводзяцца таксама ў Гомельскім тэхн. (А.А.Панкоў, І.Л.Салаўцоў, С.І.Цімошын), Бел. пед. (А.М.Баяркін), Брэсцкім (У.А.Плецюхоў) і інш. ун-тах Беларусі.
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987;
Березин А.В., Курочкин Ю.А., Толкачев Е.А. Кватернионы в релятивистской физике. М., 2003;
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1970;
Kiselev V.G., Shir Ya.M., Tregubovich A.Ya. Introduction in Quantum Theory. New York, 2000;
Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;
Федоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл. АН СССР. 1968. Т. 179, №4;
Рябушко А.П. Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;
Яго ж. Проблема устойчивости движения тел в общей теории относительности. Мн., 1987;
Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории относительности. Мн., 1979;
Лапковский А.К. Релятивистская кинематика, неевклидовы пространства и экспоненциальное отображение. Мн., 1985;
Горбацевич А.К. Квантовая механика в общей теории относительности. Мн., 1985.
А.А.Богуш, А.П.Рабушка, Я.А.Талкачоў.
т. 18, кн. 2, с. 522