МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДА качак,

мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).

Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.

Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.

Мускусная парода качак (1 — качка; 2 — качар).

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ФТА (ад ням. Muffe),

прыстасаванне для злучэння валоў, цяг, труб, канатаў, кабеляў і інш. цыліндрычных дэталей. Бываюць злучальныя (фітынгі, кабельныя муфты і інш.), якія забяспечваюць трываласць злучэння, герметычнасць, ахову ад карозіі, і М. прыводаў машын і механізмаў, што перадаюць вярчальны рух з аднаго вала на другі (ці на шкіў, зубчастае кола і да т.п.).

М. прыводаў таксама кампенсуюць мантажныя адхіленні, раз’ядноўваюць валы, засцерагаюць машыны ад паломак у аварыйных рэжымах і інш. Перадача моманту ў М ажыццяўляецца з мех. сувяззю паміж дэталямі (глухія, зубчастыя, утулачна-пальцавыя, кулачковыя, шарнірныя М.), за кошт трэння або магн. прыцяжэння (фрыкцыйныя, электраіндукцыйныя М.), сіл інерцыі (гідрамуфты, гл. Гідрадынамічная перадача). М. прыводаў бываюць: пастаянныя злучальныя, кіроўныя, самакіроўныя (аўтаматычныя, якія ўключаюцца і выключаюцца ў залежнасці ад рэжыму работы), М. слізгання.

Муфты для перадачы вярчальнага руху: а — простая муфта; б — адзінарныя шарнірныя, спалучаныя з прамежкавым валам (1 — злучальныя валы, 2 — паўмуфты, 3 — прамежкавы вал).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ХЭН ((Mahan) Альфрэд Таер) (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),

амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнік грамадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл. Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т. л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё імі ваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮРЫДЫ́ЗМ,

умоўны тэрмін для абазначэння рэліг.-містычнай плыні ў ісламе, пашыранай на Паўд. Каўказе ў 19 ст. У аснове М. прынцыпы, выпрацаваныя ідэолагамі суфізму ў 12—14 ст., якія ўключалі ідэю роўнасці людзей перад богам у замагільным жыцці, культ беднасці, заклікі да самаадрачэння, самаўніжэння. Гал. ў М. была ідэя джыхаду (газавату) — вайны супраць каланіяльнай палітыкі рус. царызму ў 1820—60-я г. і супраць мусульман, якія былі на баку «няверных» або ўхіляліся ад удзелу ў газаваце. Правадыры гэтай барацьбы імамы Газі-Магамед, Гамзатбек і Шаміль ставілі сваёй мэтай стварэнне імамата — ісламскай тэакратычнай дзяржавы, жыццё ў якой строга рэгламентавалася шарыятам, барацьба з «нявернымі» абвяшчалася гал. умовай рэліг. самаўдасканалення. Тым, хто загінуў за справу ісламу, абяцалася выратаванне і вечнае шчасце. Вял. роля ў імамаце належала мюрыдам, найб. адданым паплечнікам імама, выхаваным у нянавісці да «няверных». Ідэі М. нацыяналісты выкарыстоўвалі на Каўказе ў 1918—21 і пазней.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗІЦЫ (Arctiidae),

сямейства начных матылёў. 2 падсям. (уласна М. — Arctiinae і лішайніцы — Lithosiinae), больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі каля 40 відаў, у т. л. М. кая (Arctia caja), М.-пані (Panaxia [Callimorpha] dominula), М. чорная (Arctinia caesarea).

Уласна М. — матылі пераважна з шырокімі крыламі (размах да 85 мм), тоўстым касматым тулавам. Вусікі тонкія, у самцоў грабеньчатыя. Хабаток кароткі, часам недаразвіты. Вусені вельмі касматыя (адсюль назва). Афарбоўка большасці відаў стракатая, са спалучэннем белых, жоўтых, карычневых, пунсовых, чорных, іншы раз з метал. адлівам плям, якія ўтвараюць на крылах своеасаблівы малюнак. Трапляюцца і амаль аднаколерныя (ад белых да шэрых і карычневых) віды. Вусені кормяцца лісцем травяністых раслін. Лішайніцы — невял. і няяркія матылі з вузкімі пярэднімі крыламі, тонкім некасматым тулавам. Вусені кормяцца пераважна лішайнікамі.

Мядзведзіцы: 1 — кая; 2 — вусень каі; 3 — дзяўчынка; 4 — чорная; 5 — лішайніца чатырохплямістая.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ляхавічы—Ганцавічы. За 18 км на Пд ад Ляхавіч, 5 км ад чыг. ст. Райтанаў. 254 ж., 131 двор (1999). Б-ка, аптэка, магазін Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўскі касцёл (1908), мемар. капліца (1848).

Упамінаецца ў крыніцах з 15 ст. Да 1483 вядома як сяло Нядзведзічы, што належала віленскаму біскупу. У 1558 мястэчка Нядзведзічы, цэнтр воласці ў Навагрудскім пав., 31 двор. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886 мястэчка М. — цэнтр воласці: 350 ж., 29 двароў, школа, касцёл, капліца, яўр. малітоўны дом, вадзяны млын, крама. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на. З 16.7.1954 у Мініцкім с/с (з 4.6.1979 Ганчароўскі с/с). Цяпер у складзе племсаўгаса «Ганчароўскі».

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУ СССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУС СССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.

Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т. л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).

С.​Л.​Максімава.

Мяккацелкі: 1 — цёмная; 2 — парасонавая.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКУ́Р’ЕЎ (Васіль Васілевіч) (6.4.1904, г. Востраў Пскоўскай вобл., Расія — 12.5.1978),

расійскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1926). На сцэне з 1920. З 1928 у Ленінградскім т-ры акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам Л.​С.​Віўена, з 1937 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​С.​Пушкіна. Вядомы пераважна як камедыйны, характарны акцёр. Яго выканальніцкае майстэрства вызначалася яркасцю, непасрэднасцю, мяккім гумарам, лірызмам, тонкай псіхалагічнасцю. Сярод роляў: Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Меншыкаў («Пётр I» А.​Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Максімаў («За тых, хто ў моры» Б.​Лаўранёва) і інш. Здымаўся ў кіно: «Нябесны ціхаход» (1946), «Глінка» (1947, Дзярж. прэмія СССР), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Ляцяць журавы» (1957), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1979.

Літ.:

В.​В.​Меркурьев: Воспоминания. Статьи. М., 1986.

В.В.Мяркур’еў.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМО́НТ, Нарымунт,

Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн. Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял. кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.

А.​В.​Белы.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)