АВІ́ДНАСЦЬ

(ад лац. avidus прагны),

уласцівасць антыгенаў і антыцел, якая вызначае энергію звязвання камплементарных участкаў іх малекул; асн. характарыстыка імунных сываратак. Праяўляецца ў трываласці створаных комплексаў антыгенаў-антыцел. Авіднасць імуннай сывараткі залежыць ад спецыфічнасці антыцел, якія ёсць у ёй. Гл. таксама Камплементарнасць.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЕ́ТКА

(франц. aviette),

самалёт малой магутнасці, звычайна 1—2-месны.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЖУС (Avyzius) Йонас

(н. 16.5.1922, в. Медгінай, Літва),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1986). Аўтар кн. нарысаў «Першыя барозны» (1948), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Спадчына» (1949), «Людзі і падзеі» (1954), «Буткус Мсцівец» (1957), «Чалавек застаецца чалавекам» (1960), раманаў «Шкляная гара» (1961), «Вёска на раздарожжы» (1964), «Страчаны прытулак» (1970, Ленінская прэмія 1976), «Колеры хамелеона» (1976), «Дзягімай» (1981). Асн. тэмы — жыццё літ. вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці.

Й.Авіжус.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗА

(італьян. avviso),

паведамленне (пісьмо) атрымальніку аб адгрузцы яму прадукцыі, пераводзе грашовых сродкаў ці аб зменах ва ўзаемных разліках паміж контрагентамі. У банкаўскай, камерцыйнай, бухгалтарскай практыцы авіза — афіцыйнае паведамленне аднаго контрагента другому аб выкананні разліковых аперацый. Банкі высылаюць авізу сваім карэспандэнтам і кліентам пра дэбетавыя і крэдытавыя запісы, рэшту сродкаў на рахунках і інш. разліковыя аперацыі.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗМ

(ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.Мальпігі і А.Валіснеры, швейцарскія Ш.Банэ і А.Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІКУЛЯ́РЫЯ,

гл. ў арт. Імшанкі.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВІЛА

(Avila),

горад у Іспаніі, на Пд аўт. вобласці Кастылія-Леон. Адм. ц. правінцыі Авіла. 46 тыс. ж. (1991).

У старажытнасці фінікійская, пасля рымская калонія. У 8 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. адваявана хрысціянамі і стала аб’ектам дынастычнай барацьбы паміж Арагонам і Кастыліяй. У 1482—1808 у Авіле быў ун-т. Горад захаваў сярэдневяковую і рэгулярную планіроўку, жылыя дамы 13 ст., умацаваныя палацы 15—16 ст., гранітныя гар. сцены 11 ст., раманска-гатычны сабор (12—14 ст.), цэрквы (12—15 ст.), манастыр (1636) і інш.

Арачны мост у г. Авіла.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЛАЎ Міхаіл Іванавіч

(18.9.1882, Санкт-Пецярбург — 14.4.1954),

рус. жывапісец. Нар. мастак Расіі (1953), правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў АМ у Пецярбургу (1904—13). З 1923 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Працаваў пераважна ў батальным жанры: «Сібірскія партызаны», «Прарыў польскага фронту Першай коннай арміяй у 1920 годзе», «Паядынак Перасвета з Чалубеем» (Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш.

М.Авілаў. Паядынак Перасвета з Чалубеем. 1943.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІНЬЁН

(Avignon),

горад на ПдУ Францыі, у Правансе. Порт на рэках Рона і Дзюранс. Адм. ц. дэпартамента Ваклюз. 181 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Металаапр., тэкст. (пераважна шаўковая), харч., абутковая прам-сць. Трансп. вузел і цэнтр с.-г. раёна (вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, кветкаводства).

Авіньён узнік на месцы заснаванай рымлянамі ў 48 г. да н.э. калоніі Авенія. Пасля падзення Зах. Рымскай імперыі Авіньён пад уладай бургундцаў, вестготаў, франкаў, у 730 і 737 разбураны сарацынамі. У сярэднявеччы ч. каралеўства Бургундыя, належаў графам Тулузскім і Праванскім. У 1226 разбураны франц. каралём Людовікам VIII. У 1309—77 месца вымушанага знаходжання рымскіх папаў, у 1348—1791 (афіц. 1797) — папскае ўладанне. У 1797 Авіньён далучаны да Францыі. У 14 ст. адзін з буйных маст. цэнтраў Еўропы. Аблічча Авіньёна ў многім вызначаюць будынкі 14 ст., кальцо гар. умацаванняў з зубчастымі сценамі, прамавугольнымі вежамі, варотамі. Над радыяльнай сеткай вуліц сярэдзіны 18 ст. з дамамі 19—20 ст. дамінуе раманскі сабор Нотр-Дам-дэ-Дом (12 ст.) з грабніцамі папаў; побач гатычны папскі палац з высокімі сценамі і вежамі (14 ст.; у інтэр’еры фрэскі 14—15 ст.), епіскапскі Малы палац (15 ст., рэнесанс). Захаваліся частка моста Сен-Бенезэ (12—13 ст.), гатычныя цэрквы 14 ст., атэлі і цэрквы 15—18 ст. Музей скульптуры. У музеі Кальвэ (засн. ў 1810) жывапіс авіньёнскай школы 14—16 ст.

Літ.:

Berenguier R. Avignon. Paris, [1973].

Панарама Авіньёна.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІНЬЁНСКАЕ ПАЛАНЕ́ННЕ ПА́ПАЎ,

«вавілонскі палон», перыяд у гісторыі папства, калі рымскія папы трапілі ў паліт. залежнасць ад франц. караля і вымушаны былі перанесці сваю рэзідэнцыю ў 1309—77 (з перапынкам 1367—70) з Рыма ў Авіньён (Францыя). Сведчыла пра паражэнне папства ў барацьбе з феад. манархіямі Еўропы за паліт. ўплыў.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)