ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),
беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць дляпрамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.
Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,
лінейнае функцыянальнае пераўтварэнне, якое пераводзіць функцыю f(t) сапраўднай пераменнай t (арыгінал) у функцыю F(s) камплекснай пераменнай (вобраз). Цесна звязана з Фур’ё пераўтварэннем. Выкарыстоўваецца для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў у задачах электратэхнікі, гідрадынамікі, механікі, тэорыі цеплаправоднасці.
Дазваляе зводзіць рашэнне, напр., звычайнага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі да рашэння алг. ўраўнення 1-й ступені. Аднабаковае Л.п. матэматычна выражаецца праз інтэграл Лапласа
(інтэгралы такога віду разглядаліся П.С.Лапласам у працах па тэорыі імавернасцей у 1812, адсюль назва) Пры пэўных абмежаваннях на функцыю F(s) функцыя f(t) узнаўляецца адназначна па формулах абарачэння. Л.п. разам з яго абарачэннем складае аснову аперацыйнага злічэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦІ,
плецены абутак з лыка або вяровак у слав., балцкіх і некаторых інш. народаў. Да пач. 20 ст.асн. від абутку бел. сялян. Паводле спосабу пляцення былі прамыя і косыя. Беларусы рабілі Л. пераважна з падэшваю прамога пляцення, якую для трываласці падпляталі лазою, лыкам, вяровачкамі або падшывалі скураю. Найпрасцейшыя з іх (Віцебшчына і Магілёўшчына) — «шчарбакі» ці «шчарбачні». Найб. пашыраныя на Беларусі былі коверзні. На Палессі і ў некат. раёнах цэнтр. Беларусі насілі Л. з адкрытым верхам наска — «зрачыя». Л. косага пляцення — «пахлапні», «пахрасні» бытавалі ва ўсх. раёнах Беларусі як святочны абутак. На Беларусі выраблялі таксама скураныя і вяровачныя Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫМЕ́РЫЯ,
цэлакант (Latimeria chalumnae), рыба атр. цэлакантападобных надатр. кісцяпёрых; адзіны сучасны від. Рэшткі Л. вядомы з дэвонскага перыяду (больш за 380 млн. гадоў назад). Лічылася вымерлай больш за 100 млн. гадоў назад. Пашырана ў Інд.ак. каля берагоў Паўд.-Усх. Афрыкі (Каморскія а-вы). Упершыню злоўлена ў 1938 каля вусця р. Халумна; апісана паўднёваафр. вучоным Дж.Смітам (1939). Жыве каля дна на глыб. да 800 м і больш.
Даўж. больш за 1,8 м, маса да 95 кт. Самкі буйнейшыя за самцоў. Хвост трохлопасцевы, парныя плаўнікі маюць кароткую цэнтр. вось. Луска буйная, масіўная. Маларухомыя, карыстаюцца плаўнікамі для плавання і апоры на грунт. Кормяцца рыбай. Яйцажывародныя.
Літ.:
Смит Дж.Л.Б. Старина Четвероног: Пер. с англ.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКІЯ СТРАЛКІ́,
ваеннаслужачыя латышскіх фарміраванняў рас. арміі, створаных у 1915 у час 1-й сусв. вайны для абароны Прыбалтыкі ад герм. войск. У 1916 разгорнуты ў стралк. дывізію. З мая 1917 знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў. Л.с. актыўна ўдзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у грамадз. вайне, падаўленні антысав. выступленняў, у т. л.Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, ахоўвалі сав. ўрад у Маскоўскім Крамлі. У крас. 1918 з Л.с. сфарміравана 1-я Лат.стралк. дывізія, у пач. 1919 яна разгорнута ў Армію Сав. Латвіі. Пасля паражэнняў улетку 1919 зноў зведзены ў дывізію, якая ў ліст. 1920 расфарміравана.
Літ.:
История латышских стрелков (1915—1920): Пер. с латыш. Рига, 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́КАЎ (Іван) (4.3.1904, Сафія — 4.8. 1978),
балгарскі мовазнавец. Чл.-кар. Балгарскай АН (1945), праф. (1945). Вучыўся ў Сафійскім і Ягелонскім (Кракаў) ун-тах. У працах, прысвечаных параўнальна-гіст. і тыпалагічнаму вывучэнню слав. моў, выкарыстоўваў матэрыял бел. мовы: «Характарыстыка агульных рыс у балгарскай і ўсходнеславянскіх мовах» (1942), «Старая супольнасць і новыя канвергенцыі ў развіцці беларускай і балгарскай моў» (1972), «Супастаўляльны аналіз беларускай і балгарскай моў у рамках роднасных адносін паміж дзвюма мовамі» (1976). Складальнік і рэдактар зборнікаў літ. тэкстаў на слав. мовах, у якіх упершыню змешчаны ўзоры бел.маст. прозы і паэзіі ў арыгінале для балгарскага чытача, у т. л. вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПІДАЛІ́Т [ад грэч. lepis (lepidos) луска + lithos камень],
мінерал групы слюдаў, падкласа слаістых сілікатаў; фторгідраксільны алюмасілікат калію і літыю, K(Li, Al)2 (Si, Al)4O10(F, OH)2. Мае ў сабе 3,1—6% аксіду літыю LiO2, прымесі жалеза, марганцу, магнію, рубідыю, цэзію. Крышталізуецца ў манаклінальнай, радзей у трыкліннай або рамбічнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, лускаватыя, шкарлупістыя; шчыльныя дробназярністыя агрэгаты. Колер светлы, ружова-фіялетавы, розных адценняў. Празрысты. Бляск перламутравы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см³. Трапляецца ў рэдкаметальных пегматытах і літый-фторыстых гранітах, радзей у грэйзенах. Руда для вытв-сці літыю. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, шкляной і керамічнай прам-сці. Радовішчы ў Казахстане, Расіі, Чэхіі, Швецыі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц.навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЯ А́ЛГЕБРА,
адзін з раздзелаў алгебры, асноўная задача якога — рашэнне лінейнага ўраўнення αx+β=0. Спосаб яго рашэння і ўласцівасці адпаведнай лінейнай функцыі y=αx+β — зыходныя для ідэй і метадаў Л.а.
У Л.а. вывучаюцца аб’екты 3 тыпаў: лінейныя прасторы, матрыцы і лінейныя формы (гл.Форма). Тэорыі гэтых аб’ектаў амаль паралельныя: вынікі і пытанні, сфармуляваныя ў адной з іх маюць аналагі ў дзвюх іншых. Метады і вынікі Л.а. шырока выкарыстоўваюцца ў лінейным праграмаванні, геаметрыі, механіцы, тэорыі кольцаў, функцыянальным аналізе, гамалагічнай алгебры і інш. раздзелах матэматыкі.
Літ.:
Милованов М.В., Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.