МАРАТО́РЫЙ (ад лац. moratorius затрымліваючы, запавольваючы),

1) адтэрміноўка выканання дзяржавай сваіх абавязацельстваў у сувязі з надзвычайнымі абставінамі (вайна, крызіс, стыхійнае бедства і інш.). Пашыраецца на ўсе абавязацельствы (агульны М.) або на некаторыя з іх.

2) Адмаўленне дзяржавы ад учынення якіх-н. дзеянняў (напр., М. на правядзенне ядз. выпрабаванняў). Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь на час М. прыпыняецца дзеянне тэрміну іскавай даўнасці.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАЛЕ́НКА (Якаў Раманавіч) (2.3.1922, в. Вял. Аўцюкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 18.3.1966),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мазырскае педвучылішча (1940). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942—43 у 2-й Калінкавіцкай партыз. брыгадзе, з чэрв. 1944 на фронце. Радавы М. вызначыўся ў чэрв. 1944 у час дэсантнай аперацыі пры вызваленні Пінска. Пасля вайны на прафсаюзнай рабоце.

Я.Р.Маскаленка.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.

Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛЁТ,

раптоўнае нападзенне дыверсійна-разведвальных груп, партызан і інш., а таксама авіяцыі, артылерыі на аб’екты праціўніка. Шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны. У тактыцы дзеянняў бел. партызан у Вял Айч. вайну пераважалі Н. на ням.-фаш гарнізоны, чыг. станцыі, масты, эшалоны, абозы і інш. У сучасных умовах агнявыя Н. ажыццяўляе артылерыя, ваен.-паветр. авіяцыя, у т. л. з выкарыстаннем высокадакладнай зброі.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАТА́, алалія,

адсутнасць або абмежаванне маўлення ў дзяцей (пры захаванні слыху і інтэлекту) ад недаразвіцця ці пашкоджанняў зон маўлення ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць Н. маторную (парушаецца рухальная функцыя маўлення, разуменне яго застаецца) і сенсорную (парушаецца разуменне маўлення). Прычыны — захворванні і траўмы мозга, інтаксікацыі, пашкоджанні зон маўлення кары галаўнога мозга, якія ўзнікаюць у час родаў. Лячэнне: спец. лагапедычныя практыкаванні.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГІРЭ́ЙЧЫК (Васіль Паўлавіч) (1900, в. Козырава, цяпер у межах Мінска — 7.5.1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў супраць Калчака, атамана Сямёнава. У час акупацыі Беларусі ў 1919—20 польск. войскамі пам. камандзіра падрыўнога атрада козыраўскіх партызан. 27.4.1920 арыштаваны дэфензівай і з 7 партызанамі расстраляны ў Камароўскім лесе пад Мінскам.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЧА́ (перс.),

дэкаратыўная тканіна са складаным узорам, утвораным метал. ніткамі ўтку. У Кітаі П. выраблялі яшчэ ў пач. н.э. У старажытнасці ўзор фарміравалі з залатых і сярэбраных нітак на шаўковай аснове, у наш час — з нітак матэрыялаў (сплаваў), што імітуюць гэтыя каштоўныя металы, ці з мішуры на палатне з шаўковых ці баваўняных нітак. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву і аздаблення тэатр. касцюмаў.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВЭЙ, Тоба Вэй, Юань Вэй,

адна з дынастый, якія кіравалі Паўн. Кітаем у час Паўднёвых і Паўночных дынастый (386—535). Засн. Тоба Гуем — правадыром племя тоба з племяннога саюза сяньбі, які заваяваў Пн Кітая ў канцы 4 ст. Пры П.В. ў Кітаі пашырыўся будызм. У 534—535 дзяржава П.В. распалася на 2 царствы: Усх. Вэй (534—550) і Зах. Вэй (535—557).

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́МЕНАЎ (Васіль Васілевіч) (н. 27.3.1954, г. Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1984). Скончыў Разанскае вышэйшае паветр.-дэсантнае каманднае вучылішча (1975), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1987). З 1971 у Сав. Арміі. Камандзір батальёна парашутна-дэсантнага палка маёр П. вызначыўся ў час вайны ў Афганістане 1979—89 у кастр. 1983 у разгроме буйной групоўкі душманаў. З 1991 у штабе паветр.-дэсантных войск арміі Рас. Федэрацыі.

В.В.Піменаў.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛАНГА́ЦЫЯ ДАГАВО́РА,

прадаўжэнне дзеяння дагавора звыш прадугледжанага пры яго заключэнні тэрміну дзеяння. Адбываецца 2 спосабамі: шляхам заключэння спец. пагаднення (пратакола) аб прадаўжэнні дагавора на пэўны тэрмін; шляхам уключэння ў тэкст дагавора ўмовы аб яго прадаўжэнні. Мае месца і аўтаматычная П.д., калі ні адзін з дагаворных бакоў не зробіць заявы пра адмаўленне ад дагавора за пэўны час да сканчэння тэрміну яго дзеяння.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)