ЛАХВА́,
рака ў Шклоўскім, Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 731 км². Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Старая Вадва Шклоўскага р-на. Асн. прытокі: Лахвіца, Жыварэзка, Праціўніца (справа). Цячэ пераважна па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. ад 500—800 м у верхнім цячэнні да 1—1,5 км у ніжнім. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, выш. да 25 м. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная. Рэчышча каналізаванае на З участках агульнай працягласцю каля 22 км. На астатнім працягу рэчышча звілістае, шыр. 15—20 м, месцамі да 40 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На рацэ зона адпачынку Лахва.
т. 9, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́НІН (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 13.3.1937, г. Орск Арэнбургскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960), вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Аповесць пра Стары Пасёлак» (1974), «Галасы» (1982), «Рака з хуткім цячэннем» (1983), аповесці «Дзе сыходзілася неба з узгоркамі» (1984) і інш. пошукі асэнсаванага быцця, драматызм бескампраміснасці, псіхалогія няцэльнай асобы. Аўтар раманаў «Прамая лінія» (1967), «Партрэт і вакол» (1978), «Андэграўнд, ці Герой нашага часу» (1998), аповесцей «Адзін і адна» (1987), «Стол накрыты сукном і з графінам пасярэдзіне» (1993), «Каўказскі вязень» (1995) і інш. У творах спалучэнне рэалізму і мадэрнізму, унутр. маналогі.
Тв.:
Избранное. М., 1987;
Рассказы. М., 1990;
Лаз. М., 1991.
С.Ф.Кузьміна.
т. 9, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс. км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз. М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.
т. 10, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІ́Р (сапр. Назіраў) Хакім
(н. 15.10.1915, Ташкент),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1984). Скончыў Ташкенцкі пед. ін-т (1941). Друкуецца з 1935. Аўтар зб-каў апавяданняў «Тыя, што спаборнічаюць» (1951), «Цана чалавека» (1958), «У пошуках героя» (1970), тэматычна і стылёва набліжаных да нарысаў; аповесцей «Нязгасныя маланкі» (1957), «Хлопцы, што прывялі мора» (1962), «Вятры Кактэрака» (1968), рамана «Крылы сокала» (1973) актуальнай сац.-паліт. і маральна-этычнай праблематыкі, адметных шматграннасцю асэнсавання духоўнага жыцця народа. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Г.Васілеўская, П.Кавалёў, Я.Каршукоў, Л.Цяляк.
Тв.:
Бел. пер. — Вогненная рака ў пясках. Мн., 1977;
Рус. пер. — Ветры Коктерака М., 1971;
Сабир — внук Надира. М., 1979.
т. 11, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІКО́Н (лац. Rubico),
рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБЧА́НКА,
рака ў Маладзечанскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Ілія (бас. р. Вілія). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 518 км². Утвараецца ад зліцця рэк Вязынка і Гуйка ў г.п. Радашковічы, цячэ пераважна на паўн. схілах Мінскага ўзв., упадае ў Ілію за 1,4 км на ПнЗ ад в. Беражок. Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 3—4 км, у сярэднім цячэнні не выражана. Пойма на вялікім працягу двухбаковая (шыр. 0,5—1 км), парасла хмызняком, забалочаная. Рэчышча звілістае, у межах г.п. Радашковічы (1,5 км) каналізаванае, шыр. ў межань 15—17 км. Каля в. Раёўка сажалка (пл. 0,15 км²). У маляўнічай мясціне на рацэ зона адпачынку Рыбчанка.
т. 13, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́У-НЕ́ГРУ (Rio Negro),
рака пераважна ў Бразіліі, левы прыток р. Амазонка; у сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж Калумбіяй і Венесуэлай. Даўж. 2,3 тыс. км, пл. басейна каля 691 тыс. км². Вытокі ў Калумбіі, у зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я, пад назвай Гуайнія, да г. Кастаньейру рэчышча парожыстае, у межах Амазонскай нізіны разгалінаванае і вельмі шырокае (да 30—50 км) са шматлікімі астравамі. Буйны прыток — р. Рыу-Бранку (злева). Левы прыток Касік’ярэ злучае Р.-Н. з р. Арынока (класічны прыклад біфуркацыі рэк). Паводкі ад сак. да канца жн., малаводная ў кастр.—студзені. Сярэдні расход вады 29,3 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця, дзе размешчаны буйны порт Манаўс.
т. 13, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ТЛЕДЖ, Сатладж (у ніжнім цячэнні наз. Панджнад),
рака ў Пакістане, Індыі і Кітаі, самы буйны (левы) прыток р. Інд. Даўж. 1450 км, пл. басейна 395 тыс. км². Вытокі на Тыбецкім нагор’і, на схілах хр. Кайлас. У вярхоўях цячэ па шырокай даліне ўздоўж паўн. падножжа Гімалаяў, перасякае іх у вузкай цясніне, потым выходзіць на раўніну Пенджаба і цячэ па ёй да вусця. Асн. прытокі: Біяс і Чынаб (справа). Сярэдні расход вады каля г. Рупар каля 500 м³/с, макс. летам (каля 20 тыс. м³/с). Гідратэхн. комплекс Бхакра-Нангал (Індыя). У межах Пенджаба ад С. адыходзяць буйныя арашальныя каналы. Суднаходная ў разводдзе на асобных участках. На С. — гарады Нангал, Лудхіяна (Індыя), Бахавалпур (Пакістан).
т. 14, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ДЗІЦА,
рака ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Эса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 225 км². Пачынаецца за 1,2 км на Пд ад в. Грыгаравічы, вусце каля в. Вілы. Пачынаецца на схілах Лукомскага ўзв. і цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв. Даліна ў верхнім цячэнні звілістая, трапецападобная (шыр. 300—500 м), у ніжнім невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма ў верхнім цячэнні адсутнічае, у сярэднім і ніжнім вузкая, чаргуецца па берагах. Рэчышча на вялікім працягу звілістае, у ніжнім цячэнні на працягу амаль 12 км каналізаванае, шыр. ў верхнім цячэнні 0,5—2,5 м, у ніжнім 10—18 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 14, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Малі, Сенегале, Маўрытаніі. Пачынаецца ў горным масіве Фута-Джалон пад назвай Бафінг, пасля сутокаў з р. Бакой наз. С. Даўж. 1430 км (ад вытоку р. Бафінг), пл. бас. 441 тыс. км². У вярхоўях парожыстая, утварае вадаспады, ніжэй цячэ па раўніннай мясцовасці. Упадае ў Атл. акіян, утварае дэльту (пл. каля 1,5 тыс. км²), у вусці пясчаны бар. Асн. прыток Фалеме. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў перыяд разводдзя ад г. Каес (785 км), пасля спаду вады — ад г. Падор (283 км). Гал. гарады: Каес (Малі), Каэды, Роса (Маўрытанія), Падор (Сенегал), у вусці марскі порт Сен-Луі (Сенегал).
т. 14, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)