антыклінальная складка, складка пластоў горных парод, павернутая пукатасцю ўгару, з больш стараж. пародамі ў ядры. Найб. уласцівыя складкавым горным сістэмам Зямлі. Бывае прамая, нахіленая, ляжачая, перакуленая. Месца перагіну пластоў наз. замком антыкліналі (скляпеннем), бакі — крыламі. Антыкліналі, у якіх адносіны шырыні да даўжыні складаюць 1/3, наз.брахіантыкліналямі, круглаватыя ў плане антыкліналі — купаламі. На Беларусі пашыраны ў пародах крышт. фундамента (Ваўкавыская, Івацэвіцка-Вілейская, Пружана-Ашмянская) і платформавага чахла, пераважна ў дэвонскіх саляносных, подсцільных і перакрываючых іх адкладах Прыпяцкага прагіну (Васілевіцкая, Мышанская, Старобінская і інш.), дзе ўзніклі ў выніку разломных і галакінетычных рухаў у познім палеазоі і мезазоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ПАДО́ЛЛЕ»,
помнік бел.-літ. летапісання 1-й пал. 15 ст. Узнікла каля 1432—35, найб. верагодна, у Вільні ў асяроддзі пануючых колаў ВКЛ. Змешчана ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 у канцы «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх»; у 16 ст. ўключана ў «Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніку Быхаўца. Асн. змест — гісторыя Падольскай зямлі 2-й пал. 14 — 1-й трэці 15 ст. і яе далучэння да ВКЛ. Створана як паліт. дакумент з мэтаю абгрунтаваць гіст. правы ВКЛ на Падолле і асудзіць палітыку польск. феадалаў, якія пасля смерці Вітаўта захапілі Зах. Падолле. Падзеі і факты, выкладзеныя ў творы, у асноўным адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Напісана на старабел. мове дзелавым стылем без пазначэння дат, вылучаецца публіцыстычнасцю, свецкім характарам зместу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́СУМЫ (Didelphidae),
сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж. група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс.м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.
Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН (Мікалай Леапольдавіч) (15.1.1902, с. Парахіна Арсеньеўскага р-на Тульскай вобл. — 12.2.1975),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1929). У зб-ках «Даліны Радзімы маёй» (1947), «Жывапіс» (1963), «Вехі часу» (1971), «Да вяршыні веку» (1975) адлюстраваў жыццё Радзімы, яе гісторыю, прыгажосць роднай зямлі. Пераклаў на рус. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, В.Таўлая і інш. На бел. мову творы Браўна пераклалі А.Бялевіч, А.Бачыла, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, Ю.Свірка.
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. Л., 1972;
Бел.пер. — Ленінградскае неба. Мн., 1977;
У кн.: Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.
Літ.:
Филиппов Г. Николай Браун: Жизнь и поэзия. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Сяргей Анатолевіч) (н. 18.3.1942, Мінск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1989).Сын А.В.Волкава, унук В.В.Волкава. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар станковых серый «Спартыўныя суддзі» (1971), «Працоўны Мінск» (1977), «Армейскія будні» (1979), «Абаронцы роднай зямлі» (1980, 1984), «Начныя палёты» (1982), «Будучыя алімпійцы» (1988) і інш. Аформіў кнігі «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (1981), «Спех — курам на смех» Э.Валасевіча, «Пра нашу Дашу» П.Кавалёва, «Беларускія народныя загадкі» (усе 1982), «На двары Алімпіяда» Э.Агняцвет, «Дзед і ўнучка» М.Маляўкі, «Кыонг і яго сябры» У.Карызны (усе 1984), «Казкі дзяцей Беларусі» (1995).
Стварыў больш за 100 плакатаў, серыі сяброўскіх шаржаў.
С.Волкаў. Ілюстрацыя да кнігі «Казкі дзяцей Беларусі». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНАЕ ПРА́ВА,
спецыялізаваная комплексная галіна права, нормы якога замацоўваюць асн. прынцыпы арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулююць іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі сельскай гаспадаркі і грамадзянамі, якія вядуць індывід. сялянскую (фермерскую) гаспадарку. Прававымі ін-тамі аграрнага права з’яўляюцца: аграрныя праваадносіны, прававое рэгуляванне пераходу да рыначных адносін у аграпрамысл. комплексе, дзярж. рэгуляванне сельскай гаспадаркі, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання, арганізацыйна-прававыя формы іх кіраўніцтва, права ўласнасці на зямлю і сродкі вытв-сці, рэгуляванне працоўных адносін, аплата працы і размеркаванне прыбыткаў і інш.Асн. крыніцы аграрнага права на Беларусі — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, законы аб праве ўласнасці на зямлю, аб плацяжах за зямлю, аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),
у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАПТЭ́РЫКС, археорніс,
першаптушка (Archaeopteryx),
самы стараж. вымерлы род птушак падкл. яшчарахвостых птушак. 1 від — A. lithographica. Назва дадзена па адбітку пяра, знойдзеным у 1860 у верхняюрскіх (цітонскіх) літаграфічных сланцах Золенгофена (Баварыя, Германія). У 1861 там знайшлі і першы няпоўны яго шкілет з адбіткамі пер’я. Вядома 5 шкілетаў; 1 экз. (берлінскі) апісаны пад назвай археорніс, але ён ідэнтычны з археаптэрыксам.
Памерамі з голуба, меў дзюбу з канічнымі зубамі, 3 свабодныя пальцы на крылах, доўгі хвост з 20 пазванкамі. Мяркуюць, што археаптэрыкс пералятаў з дрэва на дрэва, пры гэтым выкарыстоўваў пальцы крылаў, або бегаў па зямлі і зрэдку пералятаў на невял. адлегласці. Марфалогія археаптэрыкса пацвярджае філагенетычныя сувязі паўзуноў і птушак. Мяркуюць, што археаптэрыкс — прамы продак птушак, які паходзіць ад тэраподных дыназаўраў ці ад псеўдазухій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫС,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямліГеба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.
Да арт.Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ПАСТАЯ́ННЫЯ,
універсальныя параметры, якія характарызуюць арбіты, масы, памеры, форму, арыентацыю і рух касмічных целаў. Вызначаюцца са шматлікіх астр. назіранняў, некаторыя — тэарэтычна.
Сістэма астранамічных пастаянных уключае: 2 вызначальныя (гаўсава гравітацыйная пастаянная k = 0,017202009895, скорасць святла ў вакууме c = 299792458 м/с), 9 асноўных (напр., гравітацыйная пастаянная Ньютана-Кавендыша G = 6,6720∙10−11м³/кг∙с, экватарыяльны радыус Зямлі ae = 6378140 м і інш.), шэраг вытворных пастаянных (напр., астранамічная адзінка A = 1,49597870∙1011м, пастаянная аберацыі x = 20,49552 і інш.), а таксама масы і экватарыяльныя радыусы вял. планет і Сонца. Астранамічныя пастаянныя выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач дынамікі Сонечнай сістэмы, дастасавальных задач геадэзіі, картаграфіі, касманаўтыкі, навігацыі, вылічэнні эфемерыд, апрацоўцы астр. назіранняў у адзінай сістэме каардынат.