ЗАХО́ДНІ ЎНУ́ТРАНЫ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у цэнтр. частцы ЗША, у штатах Канзас, Аклахома, Аява, Небраска, Місуры, Тэхас. Пл. каля 750 тыс. км². Радовішчы нафты адкрыты ў 1860, прамысл. асваенне з 1887. Адкрыта каля 5000 радовішчаў нафты і больш за 1600 газу. Нафтагазаносныя паклады палеазою. Гал. радовішчы: нафтагазаносныя — Аклахома-Сіці, Уэст-Эдманд, Панхандл, Эльдарада, газавыя — Х’югатан, Мокейн-Лаверн. На тэр. басейна сетка нафта-, газа- і прадуктаправодаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЕНАГО́РСК,

прыморскі кліматычны курорт у складзе Ленінградскай курортнай зоны ў Расіі. За 50 км на ПнЗ ад С.-Пецярбурга, на беразе Фінскага заліва. Мяшаныя лясы з перавагай елкі, пясчаны пляж працягласцю больш за 10 км, Вял. Сімагінскае воз. з пляжамі. Мяккі клімат спрыяльны для клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў кровазвароту, дыхання, нерв. сістэмы. Санаторыі, турбазы і базы адпачынку (у т. л. для аўтатурыстаў), гасцініца.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБРАБІЗО́Н,

міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.

Зубрабізон.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАПРАПІ́ЛАВЫ СПІРТ, ізапрапанол, 2-прапанол,

найпрасцейшы другасны спірт аліфатычнага рада, СН3СН(ОН)СН3. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,4 °C, шчыльн. 785,5 кг/м³ (20 °C). Змешваецца з вадой і арган. растваральнікамі ў любых суадносінах. У прам-сці атрымліваюць гідратацыяй прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ацэтону, як растваральнік у лакафарбавай, парфумерна-касметычнай, фармацэўтычнай прам-сці, антыфрыз. Шкодна ўплывае на ц. н. с., больш таксічны за этанол.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ ЛІК,

1) у крышталяхіміі — колькасць найбліжэйшых да дадзенага атама (іона) суседніх атамаў (іонаў) у крышталі. Для металаў характэрны К.л. 8 і 12, у структурах тыпу хларыду натрыю К.л. роўны 6.

2) Лік, які паказвае, колькі лігандаў можа каардынаваць каля сябе цэнтр. атам (комплексаўтваральнік) у комплексных злучэннях. Найб. пашыраны К.л. — 4 і 6, але вядома шмат комплексаў з К.л. 2, 3, 5, 7, 8 і больш.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЁТ (Canis latrans),

лугавы воўк, млекакормячае роду ваўкоў сям. сабачых. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы на адкрытых прасторах, жыве ў норах. Адносяць да продкаў сабак (скрыжоўваецца са свойскімі сабакамі).

Даўж. цела каля 90 см, хваста каля 30 см, маса да 13 кг. Поўсць густая, шэра-рыжая, канец хваста чорны. Манагамы. Нараджае 8—10 і больш шчанят. Асн. корм — зайцы, грызуны, падла.

Э.​Р.​Самусенка.

Каёт.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),

французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАЁЎКА,

рака ў Брэсцкім р-не і Валынскай вобл. Украіны, правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 39 км (у межах Беларусі 19,5 км). Пл. вадазбору 264 км². Пачынаецца з воз. Лукі (на тэр. Украіны). Рэчышча на тэр. Украіны цалкам і Брэсцкім р-не на 2 участках каналізаванае. Берагі вельмі нізкія, зліваюцца з поймай, у сярэднім і ніжнім цячэнні больш абрывістыя, выш. да 0,5 м.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПУАС (Kapuas),

рака ў Інданезіі, на З в-ва Калімантан. Даўж. 1040 км, пл. басейна 97 тыс. км². Вытокі ў хр. Бовен-Капуас, цячэ пераважна па забалочанай раўніне, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту. Мнагаводная, сярэдні гадавы расход вады больш за 5000 м³/с. Суднаходная на 900 км ад вусця (асн. трансп. шлях ва ўнутр. раёны вострава), сплаўная. Рыбалоўства. У дэльце — порт Пантыянак.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРКА́СНА-ПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).

Каркасна-панэльная канструкцыя: 1 — калона; 2 — рыгель; 3 — дыяфрагма жорсткасці; 4 — панэль перакрыцця; 5 — панэль вонкавай сцяны.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)