АВАНСЦЭ́НА

(ад аван... + сцэна),

пярэдняя частка сцэны (паміж заслонай і рампай). Як ігравая пляцоўка выкарыстоўваецца ў оперных і балетных спектаклях, у драматычных — як месца дзеяння перад закрытай заслонай для невял. сцэн, якія звязваюць асн. карціны спектакля.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНТУРЫ́ЗМ

(ад франц. aventure прыгода),

дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНТУРЫ́Н,

мінерал, шчыльны празрысты дробназярністы кварц з уключэннямі гематыту, слюды і інш. Колер серабрыста-белы, чырванавата-буры, залаціста-жоўты, радзей зялёны, сіні. Бляск мігатлівы, іскрысты, з пералівамі. Радовішчы звязаны з метамарфічнымі тоўшчамі кварцытаў. Выкарыстоўваецца як вырабны камень (вазы і інш.). Штучны авантурын — карычневае шкло з уключэннямі лісцікаў метал. медзі, што надае яму залацісты бляск.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНТЫ́ТУЛ

(ад аван... + тытул),

першая старонка кнігі, якая папярэднічае тытульнаму лісту. На авантытуле могуць змяшчацца загаловак кнігі, назва выд-ва, яго марка, серыя і інш. звесткі.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,

адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РСКАЕ ХА́НСТВА,

феад. дзяржава ў цэнтр. ч. Дагестана ў канцы 12—19 ст. са сталіцай Хунзах. Утварылася на месцы сярэдневяковага «царства» Серыр. Пры Ума-хане (п. 1634) буйное самаст. ўладанне. Найб. магутнасці дасягнула ў 18 ст. З 16 ст. неаднаразова было пад пратэктаратам Расіі, у 1803 увайшло ў яе склад. У 1820—50-я г. ўваходзіла ў імамат. У 1864 Аварскае ханства ліквідавана рас. урадам і пераўтворана ў Аварскую акругу.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (авара-андацэзская падгрупа). Пашырана на З Дагестана. Мае 2 групы дыялектаў: паўночную — зах. (салатаўскі), усх. і хунзахскі (цэнтр.) дыялекты; паўднёвую — андалальскі, гідскі, анцухскі, карахскі, батлухскі, закатальскі дыялекты. Аснова літ. мовы — т.зв. болмац («нар. мова»), сродак вусных зносін паміж носьбітамі розных дыялектаў.

Асаблівасць грамат. ладу — складаная сістэма скланення (да 20 склонаў), адсутнасць катэгорыі асобы ў дзеясловах, эргатыўныя канструкцыі. Пісьменства на аснове араб., з 1928 лац., з 1938 рус. графікі.

Літ.:

Чикобава А., Церцвадзе И. Аварский язык. Тбилиси, 1962.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РСКІ КАГАНА́Т,

гл. ў арт. Авары.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РЦЫ

(саманазва маарулал),

народ у Дагестане. 496 тыс. чал.; у іншых рэгіёнах Рас. Федэрацыі і краінах СНД 601 тыс. чал. (1989). Гавораць на аварскай мове. Паводле веравызнання мусульмане-суніты.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)