ГАРАДЗІ́ШЧА, Неграза,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна, за 16 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,8 км², даўж. 2,39 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 8,3 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м, разараныя. Берагі пясчаныя, выш. да 0,6 м, на З сплавінныя. На З прылягае хмызняковае балота. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 2 м дно сапрапелістае. Зарастае. На Пн выцякае ручай у воз. Ладасна.
т. 5, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЦЫІ (Horatii),
старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.
т. 5, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́М у біялогіі,
устойлівая група самак вакол аднаго самца ў перыяд спароўвання. Уласцівы марскім млекакормячым — вушастым цюленям (коцікам, сівучу), марскім сланам, шэраму цюленю; зрэдку выкарыстоўваюць паняцце гарэм для некат. птушак, рукакрылых, многіх капытных. На аднаго палаваспелага самца ў гарэме прыпадае ад некалькіх асобін да дзесяткаў дарослых самак (у шэрага цюленя — 2—5, у секача паўн. марскога коціка да 50 самак). У жывёл, якія ўтвараюць гарэм, рэзка выяўлены палавы дымарфізм, асабліва ў памерах цела — самцы ў 2—4 разы большыя за самак.
т. 5, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СТРУЛА (позналац. gastrula ад грэч. gastēr страўнік),
зародак шматклетачнага жывёльнага арганізма ў перыяд гаструляцыі; адна са стадый зародкавага развіцця. Упершыню апісаў А.А.Кавалеўскі ў 1865 пад назвай «кішэчная лічынка». Вылучаюць этапы ранняй (пасля бластулы), сярэдняй і позняй гаструлы. На апошнім этапе гаструла складаецца з двух слаёў клетак — вонкавага (першасная эктадэрма) і ўнутранага (першасная энтадэрма); у большасці жывёл да іх далучаецца трэці слой (мезадэрма). Унутраная поласць гаструлы (гастрацэль) трансфармуецца ў поласць кішэчніка, злучаецца з вонкавым асяроддзем праз бластапор — адтуліну першаснага рота.
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎСТО́РЫІ (ад лац. haustor чарпальны, паглынальны) у біялогіі, 1) прысоскі, з дапамогай якіх расліны-паразіты высмоктваюць пажыўныя рэчывы з раслін-гаспадароў.
2) Спец. часткі гіфаў паразітычнага фітапатагеннага грыба, што месцяцца ўнутры жывой клеткі расліны-гаспадара і праз якія пажыўныя рэчывы клетак арганізма-гаспадара трапляюць у цела грыба.
3) Шматклетачныя цяжы або асобныя клеткі, якія служаць для высмоктвання пажыўных рэчываў з нуцэлуса і покрыва семязавязі і перамяшчэння іх да зародка і эндасперму пакрытанасенных раслін.
4) Ніжняя частка ножкі імхоў, што ўкараняецца ў тканку гаметафіта.
т. 5, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, карты расліннасці,
карты, якія адлюстроўваюць геагр. пашырэнне тыпалагічных падраздзяленняў расліннасці (асацыяцый, груп, фармацый) ці іх прасторавых камбінацый (комплексаў, спалучэнняў, радоў). У залежнасці ад мэтавага прызначэння і прынцыпаў пабудовы геабатанічныя карты падзяляюцца на універсальныя і спецыялізаваныя. Універсальныя геабатанічныя карты паказваюць размеркаванне натуральных адзінак расліннага покрыва, што склаліся ў працэсе яго гіст. развіцця, змены, якія адбыліся пад уплывам дзейнасці чалавека. Спецыялізаваныя геабатанічныя карты адлюстроўваюць рысы расліннасці, найб. важныя для гасп. выкарыстання, маюць пэўныя прыкладныя задачы (кармавыя, лясныя, раслінных рэсурсаў), часам уключаюць дадатковыя паказчыкі.
т. 5, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІ ПАРЛА́МЕНТ (Long parliament),
скліканы 3.11.1640 англійскім каралём Карлам I пасля няўдалай спробы атрымаць падаткі ад Кароткага парламента і чарговага паражэння ў барацьбе з шатл. прэсвітэрыянамі. Праіснаваў больш за 12 гадоў (адсюль назва). У 1641 пад уплывам антыкаралеўскай большасці Д.п. сфармуляваў свае патрабаванні да караля аб рэформе англіканскага права, ліквідацыі каталіцкага ўплыву, змене ў сістэме кіравання і інш. («Вялікая рэманстрацыя»). У 1642—46 кіраваў вайной супраць Карла I. У 1653 разагнаны О.Кромвелем. У 1660 адноўлены ген. Дж.Монкам, ухваліў правядзенне выбараў і распусціўся.
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),
кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).
т. 6, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЬБЕ́ЗА, Губіза,
возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Пл. 0,23 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 8—11 м, параслі лесам і хмызняком, на У разараныя. Берагі супадаюць са схіламі, на Пн сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. На Пд выцякае ручай у воз. Вераб’і, злучана пратокай з воз. Ёдзі.
т. 5, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПА́НА З ХЛО́ПАМ», «Размова пана з хлопам» («Як маешся, Сцяпане...»),
ананімны вершаваны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. антыпрыгонніцкага зместу. Упершыню апубл. М.Федароўскім у кн. «Люд беларускі» (т. 3, ч. 2, 1903). Відаць, «Гутарка...» з’явілася пасля скасавання паншчыны, бо селянін на пытанне пана, чаму яго жонка не прыходзіць у двор, дзе добра плацяць за работу, адказвае: «Ужо панскі хлеб дакучыў, як нас пан добра мучыў». Твор адрозніваецца ад традыц. бел. гутарак.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)