АБХО́Д,

1) манеўр войск з мэтай глыбокага пранікнення ў размяшчэнне праціўніка і нанясення яму ўдараў з флангаў і тылу або акружэння яго. Ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з войскамі, што дзейнічаюць з фронту, пры наяўнасці адкрытых флангаў або прамежкаў у баявых парадках праціўніка. У ВМФ робіцца для нанясення ўдару па гал. аб’екце праціўніка без агнявога сутыкнення з сіламі яго прыкрыцця.

2) Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

абрадавы звычай абыходзіць кожны двор у час каляндарных святаў з віншавальна-велічальнымі, заклінальнымі песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі. Важны элемент у комплексе асн. каляндарных абрадаў усх. славян і інш. народаў (сербаў, румынаў). Найб. яркія абходы — валачобныя (мужчынскія групы) і калядныя (змешаныя; гл. Валачобнікі, Калядаванне). Удзельніцамі бел. і ўкр. куставага абходу (гл. Куст) былі выключна дзяўчаты або жанчыны. Магічнае дзеянне абходу накіравана на засцярогу ад варожых сіл, спрыянне дабрабыту і паспяховае вырашэнне сямейных клопатаў.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЦІСКА́ННЕ ў металаапрацоўцы,

аперацыя коўкі або штампоўкі, у выніку якой памяншаецца плошча папярочнага сячэння загатоўкі і павялічваецца яе даўжыня. Дасягаецца пластычнай дэфармацыяй матэрыялу пад уздзеяннем радыяльных сціскальных намаганняў. Абцісканне прутковых і таўстасценных трубчастых загатовак атрымліваюць рэдукаваныя пруткі, фасонныя канічныя вырабы, ступеньчатыя суцэльныя і полыя валы. Танкасценныя полыя загатоўкі абціскаюць у штампах з пустотнай матрыцай, каб надаць краявой частцы загатоўкі канічную, цыліндра-канічную, сферычную і інш. форму.

Віды паверхні краявой часткі загатовак пасля абціскання: а — канічная; б — цыліндра-канічная; в — сферычная.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЦІСКНЫ́ СТАН,

пракатны стан для перапрацоўкі абцісканнем буйных зліткаў са сталі або каляровых металаў у загатоўку — зыходны прадукт для вытв-сці гатовага пракату. Да абціскнога стану адносяцца блюмінг, блюмінг-слябінг і слябінг.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,

у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЧУ́ГА,

вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).

Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.А.Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБШЧЫ́НА,

устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв. звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл. Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл. Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформа пач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.

Літ.:

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр. тв. Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);

Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.Ф.Голубеў, В.П.Панюціч.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБШЧЫ́ННАЯ ТЭО́РЫЯ, маркавая тэорыя,

сістэма поглядаў у гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст., паводле якой зыходным пунктам агр. эвалюцыі і ўсяго сац. ладу сярэднявечча была абшчына (марка). Асн. прынцыпы абшчыннай тэорыі выклаў і абгрунтаваў Г.Л.Маўрэр (Германія). Мела пашырэнне ў гіст. навуцы, у рус. медыявістыцы 1870—90-х г. была пануючая. Асн. сцверджаннем абшчыннай тэорыі было тое, што грамадскаму ладу, заснаванаму на прыватнай уласнасці, папярэднічаў лад, заснаваны на калект. апрацоўцы зямлі і на калект. уласнасці на зямлю.

Літ.:

Данялов А.Н. Проблемы аграрной истории раннего средневековья в немецкой историографии конца XIX—нач. XX в. М., 1958;

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБШЫВА́НКА,

лодка, выдзеўбаная са ствала, з нашытымі для большай устойлівасці дашчанымі бартамі. На Беларусі ў некаторых мясцовасцях абшыванкай называлі лодку, цалкам збітую (сшытую) з дошак. Абшыванка была пашырана да 20 ст. пераважна на Падняпроўі. У наш час абшыванкай называюць звычайную дашчаную лодку.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЫВА́ЦЕЛІ,

1) назва паўнапраўных грамадзян у прававых актах 16 ст. ў ВКЛ і Польшчы. У 17—18 ст. абывацелямі называлі шляхціцаў Рэчы Паспалітай, у 19 — пач. 20 ст. — памешчыкаў на тэр. Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

2) У Рас. імперыі афіц. назва саслоўя гараджан, а таксама назва сталых жыхароў якой-н. мясцовасці.

3) Людзі, якія жывуць дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)