КАСМІ́ЧНАЯ ПРАСТО́РА,

прастора па-за межамі паветр. сферы Зямлі, прававы рэжым якой вызначаецца міжнар. касмічным правам. Агульнапрызнанага міжнар. прававога вызначэння К.п. ў сучасны момант няма. Рэжым К.п. вызначаны міжнар. пагадненнямі, паводле якіх К.п. адкрыта для даследавання і выкарыстання ўсімі дзяржавамі на аснове роўнасці без усякай дыскрымінацыі. Яна не падлягае нац. прысваенню ні шляхам абвяшчэння над ёй суверэнітэту, ні шляхам выкарыстання або акупацыі, ні любымі інш. сродкамі. Дзейнасць па даследаванні і выкарыстанні К.п. ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнар. правам, уключаючы Статут ААН, у інтарэсах падтрымання міжнар. міру і бяспекі, развіцця міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення У К.п. забаронена выпрабаванне ядз. зброі і размяшчэнне ў ёй любых інш. відаў зброі масавага знішчэння. Пры даследаваннях і выкарыстанні К.п. дзяржавы павінны кіравацца прынцыпам супрацоўніцтва і ўзаемнай дапамогі.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ УНІВЕРМА́Г.

Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.​Мілегі, Р.​Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл. залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі гарадскі універмаг.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,

парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.

Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.

Нью-гэмпшыры.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада для вымярэння сілы пераменнага току (радзей эл. напружання, магутнасці) на аснове спалучэння аднаго ці некалькіх тэрмапераўтваральнікаў і магнітаэлектрычнай прылады.

Тэрмапераўтваральнік складаецца з адной ці некалькіх тэрмапар і награвальніка, па якім працякае ток, што вымяраецца. Пад дзеяннем цяпла, што вылучае награвальнік, паміж свабоднымі канцамі тэрмапары ўзнікае электрарухальная сіла, якая вымяраецца магнітаэл. прыладай. Межы вымярэння сілы пераменнага току пашыраюць шунтамі, спец. ВЧ трансфарматарамі і інш.; межы вымярэння напружанасці — дадатковымі рэзістарамі. Т.п. як амперметр выкарыстоўваюць у дыяпазоне частот да 30 МГц, як вальтметр — да 1 МГц. Асаблівасць Т.п. — недапушчальнасць вял. перагрузак (не больш як у 1,5 раза).

Тэрмаэлектрычная прылада вымяральная (а — амперметр, б — вальтметр); 1 — награвальнік; 2 — тэрмапераўтваральнік; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; ВМ — вымяральны механізм.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАНКО́Ў Павел Аляксеевіч (28.7.1904, с. Новая Чыгла Варонежскай вобл., Расія — 6.1.1990),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1964). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Варонежскі ун-т (1928). З 1930 у Фіз. ін-це АН СССР, адначасова з 1948 праф. Маскоўскага энергет. ін-та і з 1951 — Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па фіз. оптыцы, ядз. фізіцы і фізіцы касм. прамянёў, паскаральнай тэхніцы. Эксперыментальна выявіў новую фіз. з’яву (гл. Чаранкова—Вавілава выпрамяненне), на аснове якой распрацаваў метады рэгістрацыі зараджаных часціц (гл. Чаранкоўскі лічыльнік). Прымаў удзел у распрацоўцы і стварэнні першых сінхратронаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952, 1977. Нобелеўская прэмія 1958 (з І.Я.Тамам і І.М.Франкам).

Тв.:

Нобелевские лекции. М., 1960 (разам з І.​Я.​Тамам, І.​М.​Франкам).

П.А.Чаранкоў.

т. 17, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАТЫРО́Ў Юрый Уладзіміравіч (н. 19.4.1947, г. Усурыйск Прыморскага краю, Расія),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1970). З 1970 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі. Навук. працы па радыяцыйнай фізіцы паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, прылад на іх аснове. Даследаваў уздзеянне іанізавальных выпрамяненняў на структуры метал—дыэлектрык—паўправаднік (МДП). Распрацаваў метады прагназіравання і павышэння радыяцыйнай устойлівасці МДП-прылад.

Тв.:

Воздействие радиации на интегральные микросхемы. Мн., 1986 (разам з Ф.​П.​Коршунавым, У.​А.​Вавілавым);

Прогнозирование работоспособности КМОП интегральных микросхем при внешних воздействиях // Петерб. журн. электроники. 1995. № 2 (8);

Токовый отжиг облученных КМОП интегральных структур // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1996. № 1.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬЦО́Ў Яўген Анатолевіч (н. 29.8.1957, Мінск),

бел. хімік. Д-р хім. н. (2003). Скончыў БДУ (1979), дзе і працуе (у 1982—89 у НДІ фіз.-хім. праблем). Навук. працы па электрахім. сінтэзе нанаструктураваных і мікрагетэрагенных сістэм на аснове паўправадніковых халькагенідаў. Выявіў і даследаваў з’яву электраасаджэння атамных слаёў рада p- і d-металаў на селен і тэлур.

Тв.:

Электрохимический синтез халькогенидов и твердых растворов металлов // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. хім. навук. 2000. № 4;

Электрохимическое и фотоэлектрохимическое осаждение адатомных слоев металлов на халькогенидных полупроводниках // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 5;

Photoinduced and dark lead underpotential deposition on seleninm (разам з С.​К.​Познякам, М.​П.​Асіловічам) // Journ. Electroanal. Chem. 2002. Vol. 518, № 2.

т. 18, кн. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 15—17 ст., размяшчаўся на месцы дзядзінца стараж. Брагіна. Замкавая пляцоўка памерам 90×70 м, была ўмацавана валам выш. 5—6 м, шыр. ў аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вял. святліцай наверсе. Злева ад увахода ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы. На падворку былі падклецці, спіжарні, склеп і «светлицы в стене». Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога падымалася з брамы на ланцугах. Замак разбураны ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 і ператвораны ў гасп. «двор» князёў Вішнявецкіх.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ, эрытрабластоз плода,

прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),

раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.

Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл. Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл. Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)