ГАЛО́ЎШЧЫНА, галаўшчызна,
адзін з відаў пакарання, прадугледжаны крымінальным правам ВКЛ за забойства чалавека. Спаганялася ў выглядзе грашовага штрафу з вінаватага на карысць сваякоў забітага. Памеры штрафу залежалі ад саслоўнага становішча або пасады, якую займала ахвяра, часам і ад прафесіі забітага. За забойства па неасцярожнасці адказнасць вінаватага абмяжоўвалася толькі галоўшчынай. Закон асобна рэгламентаваў памер галоўшчыны па справах асоб нехрысціянскага веравызнання. У некат. выпадках яна вызначалася ў двайным памеры («совито»).
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМІДО́ВІЧ (Барыс Паўлавіч) (2.3.1906, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 23.4.1977),
савецкі матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1963), праф. (1965). Засл. дз. нав. РСФСР (1968). Сын П.П.Дземідовіча. Скончыў БДУ (1927). З 1935 у Маскоўскім дзярж. ун-це. Навук. працы па тэорыі ўстойлівасці, якаснай тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў. Аўтар падручнікаў па матэматыцы для ВНУ.
Тв.:
Лекции по математической теории устойчивости. М., 1967;
Сборник задач и упражнений по математическому анализу. 9 изд. М., 1977.
т. 6, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУСЬКІ́»,
бел. нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.
т. 5, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРДО́НЬ (Dordogne),
рака на ПдЗ Францыі, правы прыток Гароны, з якой утварае агульнае вусце — эстуарый Жыронда. Даўж. 472 км, пл. бас. 23,4 тыс. км². Вытокі на Пн масіву Мон-Дор, верхняе і сярэдняе цячэнне — па Цэнтр. Французскім масіве, ніжняе — па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі — рэкі Везер і Іль. Сярэдні расход вады 405 м³/с. У ніжнім цячэнні марскія прылівы. Каскад ГЭС. На Д. — гарады Бержэрак, Лібурн (пач. суднаходства).
т. 6, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,
прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.
т. 5, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ БОЙ 1942,
аперацыя 2-й імя Панамарэнкі і 4-й Бел. партыз. брыгад па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Езярышча Віцебскай вобл. 7 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мэта — сарваць перавозкі па чыг. Невель—Віцебск. Кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў нач. аб’яднанага штаба партыз. войск Полацкай зоны А.Я.Марчанка. У ходзе бою партызаны знішчылі чыг. станцыю, склады з боепрыпасамі, харчаваннем, папсавалі чыг. палатно, забралі апаратуру дыспетчарскага кіравання і радыёапаратуру.
т. 6, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́АЛЕ, Зале (Saale),
рака ў Германіі, левы прыток р. Эльба. Даўж. 427 км, пл. бас. каля 24 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Фіхтэльгебірге, цячэ па раўнінах Цюрынгіі, ніжэй г. Наўмбург па нізіне. Сярэдні расход вады 100 м³/с, высокія ўзроўні зімой і вясной. Суднаходная на 175 км ад г. Наўмбург. Ад г. Гале каналізаваная (каля 20 шлюзаў). ГЭС. На З. — гарады Заальфельд, Іена, Рудальштат, Наўмбург, Гале, Бернбург, Кальбе.
т. 6, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН МІСКАВА́ЙХ, Ібн Міскавейх,
Абу Алі Ахмед ібн Мухамед (? — 1030), арабамоўны гісторык і філосаф. Аўтар «Кнігі вопытаў народаў» («Кітаб таджырыб аль-умам») у 6 тамах — першай пасля твора Табары значнай працы па ўсеаг. гісторыі. Апошняя частка гэтага твора мае каштоўныя звесткі пра сац.-эканам. адносіны ў Араб. Халіфаце 10 ст. Склаў трактаты па філасофіі і этыцы.
Літ.:
Игнатенко А.А. В поисках счастья: Общественно-полит. воззрения арабо-исламских философов средневековья. М., 1989.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБРАГІ́МАЎ (Уладзіслаў Ахмедавіч) (н. 8.1.1945, Кіеў),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1979), праф. (1983). Скончыў Маскоўскі ун-т (1968). З 1979 у БПА. Навук. працы па матэм. тэорыі пластычнасці і нелінейнай механіцы разбурэння дэфармаваных цвёрдых цел. Распрацаваў метад абагульненых аналіт. выяўленняў у нелінейных двухмерных сінгулярных краявых задачах, выканаў цыкл даследаванняў па пабудове асімптотыкі рашэння задач аб расколінах, прапанаваў набліжаны метад рашэння краявых задач пластычнасці пры канечных дэфармацыях.
т. 7, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТА,
горад на З Пакістана, у Сулейманавых гарах, каля Баланскага перавалу. Адм. ц. прав. Белуджыстан. Каля 300 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр пладаводчага раёна (цытрусавыя, вінаград). Прам-сць: маш.-буд., металаапр., цэм., дрэваапр., харчасмакавая, хімічная. ЦЭС. Рамёствы: ручное дыванаткацтва, разьба па дрэве, вышыўка па шоўку, выраб дэкар. рэчаў з оніксу. Ун-т. Сярэдневяковая крэпасць Міры, саборная мячэць. У 1935 горад быў зруйнаваны ў выніку землетрасення.
т. 8, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)