ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,

ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш. мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФО́Н,

1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.

2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́РКА ў фізіцы цвёрдага цела,

квазічасціца ў паўправадніку, дыэлектрыку ці метале, звязаная з незанятым электронам квантавым станам у валентнай зоне. Пад уздзеяннем знешніх эл. і магн. палёў паводзіць сябе як часціца з дадатным зарадам, роўным па абсалютнай велічыні зараду электрона. Эфектыўная маса Дз. большая, а рухомасць меншая, чым у электрона праводнасці. Дз. разам з электронамі вызначаюць дынамічныя ўласцівасці крышталёў. Гл. таксама Паўправаднікі.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ ПРАЕ́КТНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Пабудаваны ў 1978 (арх. В.​Малышаў) у Мінску для ін-та Белдзяржпраект і інш. праектных арг-цый. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка заснавана на перакрыжаванні пад прамым вуглом асн. 7-павярховага (часткова пастаўлены на жалезабетонныя рамы) і 2-павярховага прамавугольнага ў плане аб’ёмаў. Строгі рытм фасадаў, утвораны панэлямі ў выглядзе кесонаў, узмацняе буйнамаштабную кампазіцыю збудавання.

А.​А.​Воінаў.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца (выцякае з возера), за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,21 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 220 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. У возера ўпадаюць ручаі з азёр Астроўна і Мелкае.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫНЬ (Савелій Рыгоравіч) (4.1.1912, в. Таўбозіна Бранскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Радавы Д. вызначыўся пры вызваленні Гомельскай вобл.: 25.6.1944 у баі за в. Святое Возера Рагачоўскага р-на разам са ст. лейтэнантам В.​С.​Уткіным з гранатамі кінуўся пад самаходную гармату «фердынанд»; цаной свайго жыцця воіны сарвалі контратаку праціўніка.

С.Р.Дрынь.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУПЛО́,

поласць у ствале, каранях або буйных галінах дрэў, якая ўтварылася ў выніку разбурэння драўніны. Звычайна Д. ўзнікаюць у старых (перастойных) дрэвастоях на месцы мех. пашкоджання і распаду тканак драўніны пад уздзеяннем сапрафітных грыбоў і бактэрый, часам пры ўдзеле мурашак і птушак (напр., дзятлаў). Д. з’яўляецца сховішчам і месцам размнажэння многіх жывёл. У парках і садах дуплаватыя дрэвы патрабуюць своечасовага лячэння.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад позналац. divergentia разыходжанне) у біялогіі, разыходжанне прыкмет і ўласцівасцей у першапачаткова блізкіх груп арганізмаў у працэсе іх эвалюцыі. Тэрмін увёў Ч.​Дарвін (1859) для тлумачэння ўзнікнення сартоў культ. раслін, парод свойскіх жывёл і біял. відаў у прыродзе. Адбываецца пад уздзеяннем розных умоў існавання, у выніку чаго з аднаго зыходнага віду ўтвараюцца новыя разнавіднасці або віды. Процілегласць Д. — канвергенцыя.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЛАКА́ЦЫЯ ваенная,

размяшчэнне (раскватараванне) сухапутных войск і ваен. устаноў у мірны час у адведзеных для іх месцах (ваен. гарадках, лагерах і інш.); размяшчэнне вайсковых часцей і злучэнняў на фронце, злучэнняў ВПС па аэрадромах базіравання, караблёў ВМФ па партах для пастаяннага базіравання або на зімовы час. Пры Д. бярэцца пад увагу неабходнасць забеспячэння ўзбр. сіламі аховы інтарэсаў краіны на выпадак вайны.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Васіль Пятровіч) (1922, в. Бярозаўка Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 12.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант Ж. у ліп. 1944 у баі за г. Масты Гродзенскай вобл. агнём са станковага кулямёта адбіў 3 контратакі праціўніка, адрэзаў яго пяхоту ад танкаў, гранатамі падбіў танк, пад другім загінуў сам.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)