самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.М.Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.М.Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).
Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен. справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),
апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.
Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.
Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВА́Я СВІДРАВІ́НА,
цыліндрычная горная вырабатка, створаная з дапамогай буравых інструментаў. Пачатак буравой свідравіны наз. вусцем, канец — забоем, бакавую паверхню — сценкай. Бываюць геолагаразведачныя (пошукавыя, структурныя, апорныя і інш.), эксплуатацыйныя (для здабычы нафты, газу, вады, расолаў), дапаможныя (назіральныя, вентыляцыйныя і інш.) і спецыяльныя (для размяшчэння зарадаў выбуховых рэчываў, замарожвальныя, дрэнажныя і інш.). Бураць буравыя свідравіны з паверхні сушы ці мора, з падземных горных вырабатак у розных напрамках: вертыкальным (уверх або ўніз), гарызантальным або нахільным з пастаянным або пераменным вуглом нахілу. Для стварэння буравой свідравіны выкарыстоўваюцца розныя тыпы буравых установак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА, экскрэторная сістэма,
сукупнасць органаў, якія выводзяць з арганізма жывёл і чалавека ў навакольнае асяроддзе лішкі вады, солей, канчатковых прадуктаў абмену рэчываў, ядавітых рэчываў, што паступілі ў арганізм або ўтварыліся ў ім. Экскрэторную функцыю выконваюць органы стрававання, дыхання, скура. Органамі выдзялення з’яўляюцца: у ніжэйшых чарвей, прыапулідаў, некаторых анелідаў, лічынак паліхетаў і малюскаў — протанефрыдыі; у кольчатых чарвей — метанефрыдыі; у ракападобных — антэнальныя і максілярныя залозы; у наземных беспазваночных — часцей мальпігіевы сасуды, у нематод — «ныркі назапашвання»; у дажджавых чарвей — хлорагагенныя клеткі; у павукоў — прамежкавая тканка і інш.; у пазваночных — ныркі. У філагенезе і антагенезе пазваночных адбываецца паслядоўная змена трох тыпаў нырак: пранефрасу, мезанефрасу і метанефрасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХШ,
рака ў Таджыкістане, пры зліцці з Пянджам утварае Амудар’ю. Даўж. 524 км, пл.бас. 39,1 тыс.км². Утвараецца пры зліцці рэк Кызылсу і Муксу і цячэ пад назвай Сурхоб. Пасля ўпадзення р. Абіхінгоу называецца Вахш. Цячэ пераважна ў вузкай V-падобнай даліне, часта ў глыбокай цясніне. За 170 км ад вусця выходзіць у Вахшскую даліну, дзе падзяляецца на рукавы. Жыўленне ледавікова-снегавое, таксама дажджавое. Паводка з мая да верасня. Сярэдні расход вады 660 м³/с. Вада вельмі мутная, у Вахшскай даліне выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў нізоўях. На Вахшы — Нурэкская, Галаўная ГЭС і інш.; г. Нурэк, Калінінабад. У ніжнім цячэнні Вахша запаведнік Тыгравая Балка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНА́,
рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл.бас. 88,9 тыс.км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦІ́М,
рака ва Усх. Сібіры, правы прыток Лены, у Рэспубліцы Бурація, на мяжы яе з Чыцінскай вобл. і ў Іркуцкай вобл. Расіі. Даўж. 1837 км, пл.бас. 225 тыс.км². Утвараецца пры зліцці р. Віцімкан і Чына. Цячэ па Віцімскім пласкагор’і, Станавым нагор’і і ўскраіне Патамскага нагор’я. Утварае парогі, пры ўпадзенні ў Лену (двума гал. рукавамі) — дэльту. Асн. прытокі: Цыпа (злева), Калар (справа). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да 2-й дэкады мая. Сярэдні расход вады каля г. Бадайбо 1520 м³/с. Суднаходная на 300 км ад вусця. У бас. ракі радовішчы золата, слюды. На Віціме — г. Бадайбо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯКО́Ў (Аляксей Мікалаевіч) (28.3.1887, г. Серпухаў Маскоўскай вобл. — 30.8.1957),
расійскі вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар.АНСССР (1933). Акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1912). У 1912—19 арганізаваў першыя ў Расіі доследна-меліярацыйныя даследаванні. Заснавальнік і ў 1923—29 дырэктар Ін-та с.-г. меліярацыі, з 1930 у Маскоўскім ін-це інжынераў воднай гаспадаркі. Навук. працы па арашэнні і тэхніцы паліву с.-г. культур, барацьбе са стратамі вады, метадах планавання, праектавання і буд-вамеліярац. сістэм і інш.Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],
катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВАЕ МО́РА (Corel Sea),
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. каля берагоў Аўстраліі, паміж а-вамі Новая Гвінея, Саламонавымі, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, рыфам Фрэдэрык. Пралівам Торэса звязана з Індыйскім ак.Пл. 4068 тыс.км². Найб.глыб. 9174 м. Шматлікія каралавыя астравы і рыфы, у т. л.Вял. Бар’ерны рыф. Дно моцна расчлянёнае. Цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, на зах. ускраіне якога бярэ пачатак Усх.-Аўстралійскае цячэнне. Т-равады на Пд ад 19 °C у жн. да 24 °C у лют., на Пн да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 7,2 м). Гал. парты: Кэрнс (Аўстралія), Порт-Морсбі (Новая Гвінея), Нумеа (Новая Каледонія).