ГАЛКО́ЎСКАЯ (Галіна Апанасаўна) (н. 7.4.1938, Мінск),
бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі, заалогіі і папуляцыйнай экалогіі. Д-рбіял.н. (1989), праф. (1990). Чл.-кар. Пятроўскай АН (С.-Пецярбург; 1994). Скончыла БДУ (1959). З 1962 у Бел.НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1971 у Ін-це заалогіі АН Беларусі. Навук. працы па папуляцыйнай экалогіі і экалаг. фізіялогіі беспазваночных, структуры і функцыянаванні згуртаванняў водных жывёл.
Тв.:
Рост водных животных при переменных температурах. Мн., 1978 (разам з Л.М.Сушчэнем);
Эколого-биологические основы массового культивирования коловраток. Мн., 1988 (разам з І.Ф.Міцянінай, В.А.Галоўчыцам);
Planktonic rotifers and temperature // Hydrobiologia. 1987. № 147;
Oxygen consumption rate in rotifers // Там жа. 1995. № 313—314.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ЎСКІ (Пётр Васілевіч) (28.6.1857, Чарнігаўская губ. — 30.3.1907),
расійскі гісторык. Д-ррус. гісторыі (1885), праф. (1898). Скончыў Кіеўскі ун-т. Належаў да школы У.Б.Антановіча. З 1886 выкладаў у Кіеўскім ун-це. Навук. працы пагіст. геаграфіі, гіст. бібліяграфіі, крыніцазнаўстве стараж. гісторыі. У працы «Гісторыя Смаленскай зямлі да пачатку XV ст.» (1895) паказаў ход славянскай каланізацыі з паўн.-ўсх. Прыкарпацця, месцы рассялення і найменні славянскіх плямён, утварэнне бел. мовы, адрозненні паміж полацкімі і смаленскімі крывічамі, узаемаадносіны Смаленскага княства з ВКПЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Тв.:
История Северской земли до половины XIV столетия. Киев, 1881;
Критико-библиографический обзор трудов по древнейшему периоду русской истории // Унив. изв. 1907. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЯ КА́ФЛЯ,
вырабы 15—19 ст., знойдзеныя пры археал. раскопках на тэр.Гальшанскага палаца і ў цэнтры в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Да 15 ст. адносяцца т.зв. гаршковыя кафлі з квадратным вусцем. Кафлі 16 ст. маюць шырокае круглае вусце. У 2-й пал. 16 ст. выраблялі кафлі з аздобленай вонкавай пласцінай і каробкападобнай румпай. Кафлі 17 ст. дэкарыраваны геральдычным (звязаным з родам Сапегаў), расл. і геам. арнаментам, пакрыты глазурай (глухой белай, карычневай, жоўтай або празрыстай зялёнай). Вырабы 16—17 ст. маюць рамку па краі вонкавай пласціны. Кафлі 18 ст. ўласцівы спрошчаны малюнак, адсутнасць рамкі. Вырабы 19 ст. пакрываліся зялёнай і белай палівай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛІНА (па мужу Цурбакова) Людміла Аляксандраўна
(9.10.1913, С.-Пецярбург — 2.9.1969),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Творчую дзейнасць пачала ў 1931 у студыі т-ра рабочай моладзі ў г. Ніжні Ноўгарад. Працавала ў т-ры юнага гледача БССР (1937—41), абл.драм. т-рах Палескім (з 1945), Магілёўскім (з 1954), Гомельскім (з 1955). Характарная актрыса быт. плана. Стварала дакладныя, жыццёва праўдзівыя вобразы. Сярод лепшых роляў: Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Маці («Легенда пра песню няспетую» М.Пало і І.Папова), Шаблова, Уліта («Позняе каханне», «Лес» А.Астроўскага), Глафіра («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), мадам Ксідыяс («Інтэрвенцыя» Л.Славіна), гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАН ((Hahn) Ота) (8.3.1879, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 28.7.1968),
нямецкі фізік і радыяхімік. Чл. Берлінскай АН (1924). Скончыў Марбургскі ун-т (1901). У 1906—34 у Берлінскім ун-це (з 1910 праф.), адначасова (1912—45) у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма (з 1928 дырэктар). У красавіку 1945 вывезены ў Англію, з 1946 у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па даследаванні радыеактыўнасці і радыеактыўных рэчываў. Адкрыў радыяторый (1905), пратактыній (1917, разам з Л.Майтнер), ядзерную ізамерыю ў прыродных радыеактыўных элементаў (1921), дзяленне ядраў урану пад уздзеяннем нейтронаў (1938, разам з Ф.Штрасманам). Нобелеўская прэмія 1944.
Літ.:
Гернек Ф. Пионеры атомного века: Великие исследователи от Максвелла до Гейзенберга. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГЛІІ (ад грэч. ganglion вузел),
нервовыя вузлы, анатамічна адасобленыя скопішчы цел і адросткаў нейронаў, абкружаныя клеткамі гліі і злучальнатканкавай капсулай з крывяноснымі сасудамі. Лакалізуюцца па ходзе перыферычных нерваў і ў сценках унутр. органаў. Асн. функцыя — перапрацоўка і інтэграцыя нерв. імпульсаў. У беспазваночных жывёл гангліі праз узаемныя злучэнні ўтвараюць адзіную нерв. сістэму. Добра развітыя галаўныя гангліі з’яўляюцца каардынацыйнымі цэнтрамі і выконваюць функцыю ц. н. с. У пазваночных жывёл і чалавека адрозніваюць гангліі вегетатыўныя (сімпатычныя і парасімпатычныя) і саматасенсорныя (міжпазваночныя або спіннамазгавыя і чарапныя). Вегетатыўныя маюць шматпалярныя, пераважна эферэнтныя рухальныя, а таксама адчувальныя і асацыятыўныя нейроны, аб’яднаныя праз сінапсы, сематасенсорныя — целы псеўдааднапалярных адчувальных (аферэнтных, рэцэпторных) нейронаў. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НСКІ (Георгій Канстанцінавіч) (н. 26.12.1912, г. Казань, Расія),
бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і тэхн. кібернетыкі. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Скончыў БПІ (1938). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі і Ін-та тэхнічнай кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі канструявання і тэхнал. праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і алгарытмы мадэлявання і аўтаматызаванага праектавання тэхнал. працэсаў у машынабудаванні.
Тв.:
Элементы теории автоматизации машиностроительного проектирования с помощью вычислительной техники. Мн., 1970 (у сааўт.);
Автоматизированные системы технологической подготовки производства в машиностроении. М., 1976 (у сааўт);
Технологическое проектирование в комплексных автоматизированных системах подготовки производства. М., 1981 (разам з Э.І.Бендзеравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБЫЛЁВА (Ганна Іванаўна) (н. 18.12.1928, в. Старая Гараша, Мардовія, Расійская Федэрацыя),
бел. аграхімік-глебазнавец. Д-рс.-г.н. (1979), праф. (1981). Скончыла Маскоўскую акадэмію імя К.А.Ціміразева (1951). З 1955 у БСГА. Навук. працы па вывучэнні рацыянальных спосабаў унясення ўгнаенняў, дастасаваных да агратэхн. умоў вырошчвання с.-г. культур, прыёмах аптымізацыі мінер. жыўлення с.-г. раслін, біядынаміцы глебавых працэсаў і гумусавага стану глебы.
Тв.:
Баланс фосфора в системе почва—растения—удобрения в севообороте при разных нормах и способах внесения туков // Почвы БССР и пути повышения их плодородия. Мн., 1977;
Научные основы применения удобрений в Западном регионе СССР. Мн., 1981 (у сааўт.);
Оптимальные параметры плодородия почв. М, 1984 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКА́ВІ (Аўрам Якаўлевіч) (1835, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 1919),
расійскі ўсходазнавец, семітолаг. Адукацыю атрымаў у Віленскім рабінскім вучылішчы, ун-тах Пецярбурга, Берліна, Парыжа. З 1877 заг. аддзела яўр. кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу; склаў вопіс рукапісаў, якія там знаходзіліся, займаўся іх публікацыяй. Даследаванне Гаркаві «Сказанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славян і рускіх...» (1870), якое змяшчае вытрымкі з твораў 26 араб. пісьменнікаў 7—10 ст., — важная крыніца па гісторыі Стараж. Русі. Аўтар шматлікіх прац, прысвечаных гісторыі яўрэяў, хазараў («Сказанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і хазарскае царства», 1874), караімаў («Нарысы гісторыі караімства», 1897—1902), яўр. эпіграфіцы, этнаграфіі, філалогіі і інш. Адзін з рэдактараў «Яўрэйскай энцыклапедыі» (т. 1—16, 1908—13).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.