асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук.міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.
Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс.га, ідэальная — да 250 тыс.га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАВА (Ефрасіння Леанідаўна) (н. 25.11.1922, в. Гапонава Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. Кіназнавец, кінакрытык. Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Д-рфілал.н. (1977), праф. (1980). Скончыла БДУ (1949). Працавала ў друку і на радыё (1943—47). Рэдактар-кансультант Мін-ва кінематаграфіі БССР (1948—50). Гал. рэдактар па вытв-сці фільмаў Мін-ва культуры БССР (1951—61), адначасова з 1953 выкладчык БДУ. Даследуе праблемы бел. кінамастацтва і публіцыстыкі, выступае як кінакрытык. Аўтар сцэнарыяў шэрагу дакумент. фільмаў, спец. выпускаў кінахронікі, творчых партрэтаў дзеячаў кіно.
Тв.:
В.В.Корш-Саблин. Мн., 1960;
Очерк на экране. Мн., 1969 (разам з Л.Шылавай);
В кадре и за кадром. Мн., 1973;
Время, экран, критика. Мн., 1975;
Кино Советской Белоруссии. М., 1975 (у сааўт.);
Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980;
Экран в разных измерениях. Мн., 1983;
Кінематограф і літаратура: Тв.бел. пісьменнікаў на экране. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНАЯ КІСЛАТА́, ортаборная кіслата,
слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °C борная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3∙mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТЫ,
тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.
Н.І.Буракоўская.
Боты. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ДСКІ (Іосіф Аляксандравіч) (24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),
рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫКЕТАВА́ННЕ,
ператварэнне здробненых і парашкападобных матэрыялаў (вугаль, руда, шлакі, кокс, торф, метал. стружка і інш.) у кавалкі правільнай формы (брыкеты). Паляпшае спажывецкія якасці матэрыялаў, павышае эфектыўнасць спальвання паліва, забяспечвае ўвядзенне руднай драбязы і метал. стружкі ў плавільную печ, дае магчымасць утылізаваць адходы вытв-сці, зменшыць выдаткі на захоўванне і транспартаванне.
Працэс брыкетавання складаецца з аперацый драбнення, падзелу на фракцыі, дазіравання і перамешвання кампанентаў сумесі, сушкі і прасавання. Выконваецца прасаванне ў стужачных, вальцовых, штэмпельных, кальцавых і імпульсных прэсах. Для паляпшэння брыкетаўтварэння ўжываюцца вяжучыя дабаўкі (пек, бітум, вадкае шкло, цэмент і інш.). Брыкетаванне шырока выкарыстоўваецца таксама ў харч. Прам-сці для вытв-сці канцэнтратаў і ў сельскай гаспадарцы для вырабу канцэнтраваных кармоў і подсцілу ў выглядзе плітак. На Беларусі вырабляюцца тарфяныя, тарфяна-вугальныя і тарфяна-вугальналігнінавыя паліўныя брыкеты (каля 2 млн.тза год) цеплатворнай здольнасцю да 17 МДж/кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУБНО́ЎСКІ (Вацлаў Аляксандравіч) (15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),
бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.Яблонскага і А.Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.
Літ.:
Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-КУРАНЕ́ЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г. Вілейка і вёсках Куранецкага р-на Вілейскай вобл. Адзін з арганізатараў — А.І.Валынец. Аб’ядноўвала 75 чал., 14 груп, з іх 5 у Вілейцы (кіраўнікі Ю.М.Балашоў, І.І.Баслык, У.М.Жаўтко, Л.В.Чыжэўская, Н.М.Валынец), у вёсках Більцавічы (В.А.Рогач), Воўкаўшчына (К.А.Хаванскі), Куранец (М.М.Мацюкевіч, І.Б.Айнбіндэр), Талуць (М.Я.Кручонак), Урэчча (А.І.Ахрэм), Халопы (З.П.Бічун), Чабатары (В.І.Чабатар). Падпольшчыкі трымалі сувязь з партыз. брыгадай «За Савецкую Беларусь», стварылі падп. друкарню, у якой выдавалі лістоўкі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, здабывалі для партызан зброю, медыкаменты, харчаванне, дакументы, вызвалілі з фаш. лагера каля 300 ваеннапалонных, разграмілі варожы гарнізон у в. Каловічы, учынялі інш. дыверсіі. У Вілейцы ўдзельнікам падполля ўстаноўлена мемар. дошка, у в. Куранец — помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАС ((Witos) Вінцэнты) (21.1.1874, в. Вежхаславіцы, Кракаўскае ваяв., Польшча — 31.10.1945),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Дэп. галіцыйскага сейма (1908—18), гал.аўстр. рэйхсрата (1911—18), польск. сейма (1919—33). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў сял. партыі «Пяст» (1913—31). Прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923 і 1926. Актыўна ўдзельнічаў у блоку апазіцыйных партый «Цэнтралеў», за што быў зняволены ў турму (1930). У 1931—35 старшыня Гал. савета сял. партыі «Стронніцтва людовэ», з 1935 старшыня партыі. У 1933—39 у эміграцыі ў Чэхаславакіі. У 1939—41 зняволены ням.-фаш. акупантамі, пасля пад наглядам гестапа. У 1945 адмовіўся супрацоўнічаць з камуніст. ўладамі (быў прызначаны нам. старшыні Краёвай Рады Нарадовай, але ў яе рабоце не ўдзельнічаў).
Тв.:
Dzeła wybrane: W 5 t. T 1—3. Warszawa, 1988—95;
Wybór pism. Warszawa, 1989.
Літ.:
О Wincentym Witosie. Warszawa, 1983;
Borkowski J. O Wincentym Witosie: Relacje i wspomnienia. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы засав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.