тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл.Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫ НУЛЬ,
пачатак адліку абсалютнай тэмпературы па шкале Кельвіна; знаходзіцца на 273,16 К ніжэй за трайны пункт вады. Адпавядае стан з найменшай магчымай энергіяй, пры якой часціцы (атамы і малекулы) выконваюць т.зв. «нулявыя» ваганні. Пры абсалютным нулі ўсе рэчывы, акрамя гелію, знаходзяцца ў цвёрдым крышталічным стане. Атрыманы т-ры, якія толькі на мільённыя долі градуса адрозніваюцца ад абсалютнага нуля, аднак на практыцы абсалютны нуль недасягальны (гл.Нернста тэарэма). Пры ахаладжэнні да т-р, блізкіх да абсалютнага нуля, некаторыя рэчывы набываюць звышцякучасць, звышправоднасць і інш. своеасаблівыя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ АДЗІ́НАК,
сістэмы адзінак, у якіх вытворныя адзінкі вызначаюцца праз абмежаваную колькасць асноўных. У лік асн. выбіраюцца гал. чынам адзінкі даўжыні, масы і часу. Ідэя стварэння абсалютных сістэм адзінак належыць К.Ф.Гаўсу (за асн. адзінкі прыняў міліметр, міліграм і секунду). Да абсалютных сістэм адзінак адносяцца сістэма адзінак СГС (сантыметр, грам, секунда) і натуральныя сістэмы адзінак. Гл. таксама Адзінкі фізічных велічынь, Сістэмы адзінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮТЫ́ЗМ, абсалютная манархія,
форма дзярж. кіравання, калі дзярж. ўлада неабмежавана належыць адной асобе. Пры абсалютызме, які прыйшоў на змену саслоўнай манархіі, дасягаецца найвыш. ступень цэнтралізацыі з разгалінаваным бюракратычным апаратам, пастаяннай арміяй і паліцыяй. Абсалютызм дасягнуў росквіту ў краінах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. У Расіі існаваў у 18—пал. 20 ст. (гл.Самадзяржаўе). Абсалютызм тармазіў далейшае развіццё капіталіст. адносін. Ліквідаваны ў большасці краін бурж. рэвалюцыямі, у Расіі — Лют. рэвалюцыяй 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАРБЦЫ́ЙНАЯ МІКРАСКАПІ́Я,
метад мікраскапіібіял. аб’ектаў, заснаваны на рэгістрацыі мікраспектрафатометрамі выбіральнага паглынання святла ўнутрыклетачнымі структурамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення, вызначэння канцэнтрацыі і вывучэння размеркавання ў клетках ці іх арганоідах бялкоў, нуклеінавых кіслот, стэроідаў, цытахромаў, гемаглабіну, некаторых вітамінаў, хларафілаў і інш. рэчываў, якім уласцівы спецыфічныя спектры паглынання. Магчымасці абсарбцыйнай мікраскапіі павялічваюцца пры выкарыстанні фарбавальнікаў, якія спецыфічна звязваюцца з рознымі рэчывамі клетак. Уласная і выкліканая (абумоўленая фарбавальнікамі) люмінесцэнцыя ўнутрыклетачных злучэнняў вызначаецца пры дапамозе люмінесцэнтнага мікраспектральнага аналізу і фотаметрычных зондаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕНТЭІ́ЗМ
[ад лац. absens (absentis) які адсутнічае],
1) абыякавыя адносіны насельніцтва да паліт. жыцця краіны, ухіленне ад удзелу ў ім. Асабліва выяўляецца ў нежаданні ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах рознага ўзроўню. У большасці краін, у т. л. на Беларусі, удзел у галасаванні разглядаецца заканадаўствам як суб’ектыўнае права выбаршчыка. Паводле законаў Аўстрыі, Бельгіі, Грэцыі, Даніі і інш. краін галасаванне з’яўляецца грамадзянскім абавязкам выбаршчыка, за невыкананне якога прадугледжаны адпаведныя адм., крымінальныя і інш. санкцыі.
2) Форма землеўладання, пры якой уладальнік зямлі без непасрэднага ўдзелу у працэсе вытворчасці атрымлівае грашовы прыбытак г.зв. земляробскі абсентэізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕРВАТО́РЫЯ
(ад лац. observare назіраць),
спецыялізаваная навук. ўстанова для правядзення астр. і геафіз. (магн., метэаралагічных, сейсмічных і інш.) назіранняў і даследаванняў. Гл.Астранамічныя абсерваторыі, Геафізічныя абсерваторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕРВА́ЦЫЯ,
1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.