АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,

ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл. рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі яго абс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.

Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЕ І АДНО́СНАЕ,

катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькі як рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс. і адносную ісціну гл. ў арт. Ісціна.

Літ.:

Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́ рэчаіснага ліку, велічыня, роўная гэтаму ліку, калі ён дадатны, роўная процілегламу ліку, калі ён адмоўны, і роўная нулю, калі лік роўны нулю. Абсалютная велічыня ліку a абазначаецца (a). Напр., (+2) = (-2) = 2, (0) = 0. Абсалютная велічыня (або модуль) комплекснага ліку a + bi, дзе a і b — рэчаісныя лікі, роўныя (a + bi) = +a2 + b2 . Напр., (i) = (-i) = 1, (3 + 4i) = 5.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЫШЫНЯ́, абсалютная адзнака,

адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

сукупнасць геам. палажэнняў, якія не залежаць ад пастулата аб паралельных прамых. Агульная частка для эуклідавай геаметрыі і Лабачэўскага геаметрыі.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ЗО́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

гл. ў арт. Зорная велічыня.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ІДЭ́Я,

катэгорыя ідэаліст. філасофіі аб звышнатуральным, хоць нічым не абгрунтаваным духоўным пачатку. Найб. поўна распрацавана Гегелем. Абсалютная ідэя не мае першапрычыны свайго ўзнікнення і існавання, сама выступае ў якасці стваральніка ўсяго існага. Вызначаецца рухомасцю і зменлівасцю самаўвасаблення. Развіваецца дыялектычна па схеме трыяды: тэза, антытэза, сінтэз. Тэза (сцвярджэнне) — абсалютная ідэя існуе сама ў сабе, характарызуецца самаразвіццём і магчымасцю ў патэнцыі ўзнікнення матэрыяльнага. Антытэза (адмаўленне тэзы) — абсалютная ідэя, абвяргаючы свой першапачатковы стан (тэзу), матэрыялізуецца і існуе ў форме прыроды і чалавека. На гэтым этапе ўзнікае сістэма прыродных прадметаў і чалавека. Сінтэз (зняцце супярэчнасцяў) — у выніку развіцця прыроды і чалавека ўзнікае свядомасць, якая выяўляецца ў 3 формах: мастацтве (у выглядзе вобраза), рэлігіі (уяўлення), філасофіі (паняццяў).

М.В.Анцыповіч.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ І́СЦІНА,

гл. ў арт. Ісціна.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ МАНА́РХІЯ,

гл. Абсалютызм.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)