РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн. м³, перспектыўныя 4,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКЕ́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (22.2.1904, г. Лагойск Мінскай вобл. — 4.6.1982),

генерал-лейтэнант танк. войск (1954). Скончыў ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1937) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік баёў на Зах. фронце 1919—24. З 1924 камандзір танк. ўзвода, роты, нач. штаба і нам. камандзіра танк. брыгады. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Варонежскім, Бранскім, 2-м Далёкаўсх. франтах: камандзір танк. брыгады, корпуса, камандуючы бранятанк. і механіз. войскамі фронту. Да 1959 у войсках і цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ СО́НЦА,

выпрамяненне розных слаёў Сонца ў радыёдыяпазоне. Адрозніваюць: радыёвыпрамяненне спакойнага Сонца (амаль не мяняецца з цягам часу; абумоўлена цеплавым выпрамяненнем электронаў у эл. полі іонаў няўзбуранай атмасферы Сонца), выпрамяненне актыўных абласцей у атмасферы над сонечнымі плямамі (павольна мяняецца з цягам часу, мае таксама цеплавы характар), спарадычнае Р.С., звязанае з ваганнямі плазмы пры праходжаннях праз яе касм. прамянёў у час храмасферных успышак. У сонечнай кароне адбываецца моцнае паглынанне і пераламленне радыёхваль — на метровых хвалях яркасная т-ра кароны дасягае мільёна кельвінаў, на больш кароткіх хвалях яна значна меншая.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎ (Мікалай Пятровіч) (14.3.1908, г. Калуга, Расія — 3.11.1990),

расійскі кампазітар, педагог, дырыжор. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931; кл. Р.Гліэра), з 1932 выкладаў у ёй (з 1943 праф.). Асн. месца ў творчасці займае інстр. музыка. Сярод твораў; 3 сімфоніі (1940—62); для стр. арк. — 2 паэмы (1979, 1981), сюіты, п’есы; 8 канцэртаў для розных інстр. з арк.; камерныя ансамблі, музыка для духавога арк. і арк. нар. інструментаў; хоры, рамансы, творы пед. рэпертуару. Аўтар метадалагічных прац «Задачы па інструментоўцы» (1975), «Практычны курс інструментоўкі» (1985) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЛА,

старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс. н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.

Драўлянае рала 13 ст. з Брэста.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 18 ст. ў мяст. Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Драўляныя збудаванні былі абнесены валам і астрогам. У цэнтры замкавага двара стаяў гал. жылы дом з сенцамі (2 жылыя пакоі, алькеж, 3 каморы), накрыты драніцай; унутры сцены памяшканняў атынкаваны. Непадалёку стаялі турма, дом старасты (меў сенцы, 2 жылыя памяшканні, камору), варыўня, пякарня. Гасп. двор уключаў 2-павярховую скарбніцу, свірны, вазоўню, стайню, пограб, з замкам злучаўся варотамі. Па-за межамі Р.з. размяшчаўся комплекс са стадолай, гумном з 2 асецямі, броварам.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ ((Rambaud) Альфрэд) (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),

французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.​Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБУЛЬЕ́,

група парод танкарунных авечак мяса-воўнавага кірунку. Упершыню выведзены ў Францыі ў 19 ст. ў мясцовасці Рамбуе каля Парыжа, дзе знаходзіўся дзярж. завод лепшых авечак гэтай пароды. У 1925 завезены ў СССР, выкарыстоўваліся для паляпшэння некат. мясц. і вывядзення новых мерыносавых парод — асканійскай пароды, савецкага мерыноса, сальскай пароды, стаўрапольскай пароды, і інш.

Жывёлы буйныя, добрага целаскладу, скараспелыя, з высокай воўнавай прадукцыйнасцю. Маса бараноў 80—90, авечак 50—60 кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 6—7 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10, з матак — 5—7 кг.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́ЎЦАЎ (Ігар Кірылавіч) (30.7.1933, г. Варонеж, Расія — 19.9.1995),

бел. канструктар і вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1976). Скончыў Пензенскі індустр. ін-т (1956). З 1960 на Мінскім з-дзе выліч. машын (у 1974—81 дырэктар, адначасова ген. дырэктар ВА выліч. тэхнікі), з 1986. на доследна-вытв. прадпрыемстве «Аптрон», Мінск. Навук. працы па аўтаматызацыі праектавання і вытв-сці сродкаў выліч. тэхнікі. Удзельнік стварэння сям’і ЭВМ «Мінск», гал. канструктар ЭВМ ЕС-1022, выліч. комплексаў спец. прызначэння. Дзярж. прэмія СССР 1979.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЛАВІ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

першая буйная бітва ў час паўстання 1794 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Адбылася 4.4.1794 каля в. Рацлавіцы пад Кракавам. У ёй паўстанцы пад камандаваннем Т.​Касцюшкі (4100 чал. рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тыс. сялян-касінераў) перамаглі рас. войска пад камандаваннем ген. А.​П.​Тармасава (каля 3 тыс. чал. з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян-добраахвотнікаў, узброеных косамі. Перамога ў бітве садзейнічала пашырэнню паўстання на інш. тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)