мануфактура кн. Радзівілаў, якая існавала ў в. Налібакі (1717—1866) і Янкавічы (шліфавальны цэх, да 1798) Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Створана на высокім тэхн. узроўні на ўзор Дрэздэнскай мануфактуры. Выпускала больш за 100 назваў высокамаст. вырабаў, у т. л. хрусталь, люстэркі, люстры для сцен і столі, жырандолі і падсвечнікі, посуд (шклянкі, чаркі, келіхі, бакалы, куляўкі, барылкі, бутэлькі-штофы і інш.), дробную пластыку, дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло, тыглі для плаўкі шкла, а таксама шліфаваныя і гутныя аздобы для вырабаў Урэцкай шкляной мануфактуры («зоркі», «пірамідкі», «дубовае лісце», «лілеі», «званочкі» і інш.). Мела варачную печ, 2 печы для загартоўкі шкла, 2 люстэрні, 16 станкоў, паташню на 12 чанаў, кузню, ганчарню, сталярню, рысавальню, 2 шліфавальні; дзейнічаў вадзяны рухавік. У 1778 працавала больш за 100 рабочых. У 1866 выраблена 56 тыс. шклянак і штофаў. Вырабы стваралі з каляровага і бясколернага шкла, варылі рэдкае рубінавае шкло, якое афарбоўвалі калоідным золатам паводле ням. тэхналогіі 17 ст. Посуд аздаблялі гравіраваннем, шліфоўкай, контррэльефнай матавай разьбой, ніцямі рубінавага шкла, міжсценным залачэннем, размалёўкай золатам, серабром, плацінай, накладнымі (адлітымі па васковай мадэлі і разнымі) рэльефнымі медальёнамі-камеямі з партрэтнымі выявамі і інш. У гравіраваных шрыфтавых дэкорах трапляюцца жартоўныя надпісы-парады, пажаданні, вершы. Сярод выяўл. дэкораў сустракаюцца міфалагічныя і алегарычныя сюжэты, паляўнічыя сцэны, партрэты, гербы, арабескі, краявіды, выявы птушак, сабак; адлюстроўваліся самабытныя з’явы побыту, жартаў, забаў, сатыр. сцэны з заняткаў мясц. жыхароў і інш. Каляровы посуд ствараўся ў традыц. формах. Рысавальшчыкамі і гравіроўшчыкамі былі беларусы; замежныя (пераважна саксонскія) майстры займаліся тэхнал. працэсамі. Склаліся мясц. дынастыі майстроў шкляной справы: Адамовічы, Александровічы, Галубовічы, Дашкевічы, Дубіцкія, Залескія, Малішэўскія, Рымашэўскія, Санцэвічы, Сільвястровічы і інш. Традыцыі Н.ш.м. працягваюць сучасныя бел. мастакі па шкле.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж Беларускае мастацкае шкло XIX—пачатак XX ст.Мн., 1984;
Яе ж. Гісторыя шкляной вясёлкі. Мн., 1986.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Налібоцкая шкляная мануфактура. Шклянка і келіхі. 1760—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ КРАЙ»,
часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.Салаўёва, В.Перахода, М.Збіткоўскага, С.Мельніка, В.Палянскай, І.Сяржаніна, А.Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.Азбукін, Дз.Даўгяла, Я.Крукоўскі, Д.Васілеўскі, Я.Сяргеенка, В.Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.Уладзіміраў, Я.Троська, Ю.Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.Каспяровіч, А.Немцаў, М.Мялешка і інш., звычаёвае права — І.Бонч-Асмалоўскі, Р.Парэчын, нар. медыцыны — К.Гурвіч, А.Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.Шашалевіч (А.Мрый), Т.Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.Сосіса, Г.Аляксандрава, В.Скардзіса, К.Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час.наз. «Савецкая краіна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭРУ́ДА (Neruda) Пабла [сапр.Рэес Басуальта
(Reyes Basoalto) Нефталі Рыкарда; 12.7.1904, г. Параль, Чылі — 23.9.1973], чылійскі паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў ін-це г. Сант’яга. У 1927—43, 1970—72 на дыпламат. рабоце. У 1949—52 у эміграцыі. Друкаваўся з 1917. Псеўданім абраў пад уражаннем творчасці чэш. паэта Я.Неруды. У зб-ках «Дваццаць вершаў пра каханне і адна песня роспачы» (1924),
«Месцажыхарства — зямля» (ч. 1—2, 1933—35), «Іспанія ў сэрцы» (1937), «Вінаграднікі і вятры» (1954), «Оды спрадвечным рэчам» (кн. 1—3, 1954—57), «Камяні Чылі» (1961), «Баркарола» (1967), «Мора і званы» (1973), «Адзінокая ружа», «Зімовы сад», «Кніга пытанняў», «Выбраныя недахопы» (усе выд. 1974), драме ў вершах «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1967), паэме «Усеагульная песня» (1950) і інш. тэмы адказнасці мастака перад чалавецтвам, мужнасці і самаахвярнасці барацьбітоў за мір і справядлівасць, адданасці радзіме, кахання. Аўтар паэт. аўтабіяграфіі «Мемарыял Чорнага вострава» (т. 1—5, 1964), кн. ўспамінаў «Прызнаюся: я жыў» (выд. 1974). Яго творчасць адметная разнастайнасцю маст. прыёмаў, асацыятыўнасцю, смелай вобразнасцю, спалучэннем лірычна-спавядальнага з гратэскава-сатыр. і гумарыстычным, рэаліст. з авангардысцкім. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.Барадулін, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, Х.Жычка, М.Калачынскі, І.Калеснік, Г.Кляўко, А.Куляшоў, А.Лойка, Я.Семяжон, М.Стральцоў, М.Танк, К.Шэрман. Магілёўскі абл.т-р лялек (1980) і Дзярж.т-р лялек (1981) паставілі спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты». Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1953. Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).
П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст.асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.
У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.
На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн.т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс.т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн.т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн.м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні«Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн.тза год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ГАРНІЗО́Ну Вялікую Айчынную вайну на Беларусі,
1) месца працяглага размяшчэння партызанскага фарміравання. Ствараўся з мэтаю бяспекі і найб. спрыяльных умоў жыцця, баявой дзейнасці партызан у тыле ворага. Кіраваў гарнізонам камандзір партыз. фарміравання. Арганізацыя і рэгуляванне жыцця, побыту і ўнутр. распарадку П.г., гарнізоннай і каравульнай службаў ажыццяўляліся на аснове вайск. статутаў і традыцый Чырв. Арміі, дакументаў і ўказанняў парт.партыз. органаў. У маштабах партызанскіх зонЦККП(б)Б, Бел. штаб партыз. руху і падп.парт. органы вызначалі раёны дыслакацыі партыз. фарміраванняў з нас. пунктамі, дзе партызаны забяспечвалі ахову насельніцтва ад рабаўніцтваў і разбою ням,фаш. акупантамі, нарыхтоўку харчавання і абсталёўвалі партыз. лагеры. У нас. пунктах камандаванне прызначала каменданта ў сельсавет і старасту вёскі, якія арганізоўвалі каравульную службу, апавяшчэнне насельніцтва і партызан пра перамяшчэнні праціўніка, укрыццё людзей у бяспечнае месца, забеспячэнне грамадскага парадку ў нас. пункце, назіранні за паводзінамі партызан, якія знаходзіліся на заданнях па-за размяшчэннем сваіх падраздзяленняў. У многіх раёнах Беларусі камендантаў у сельсаветах, стараст у вёсках прызначалі падп. райкомы партыі.
2) Самая простая форма аб’яднання асобных баявых атрадаў на ранніх стадыях развіцця партызанскага руху з мэтай больш эфектыўнага вядзення баявых дзеянняў партызан супраць ворага. Складаўся па ініцыятыве і згодзе партызан у ходзе сумесных баёў асобных атрадаў, дзеля сканцэнтравання намаганняў у барацьбе з ням.-фаш. гарнізонамі, карнымі атрадамі, каб сумесна «выжыць» у цяжкую пару карных экспедыцый праціўніка. Адным з першых у студз. 1942 склаўся гарнізон Ф.І.Паўлоўскага, які аб’ядноўваў 13 асобных атрадаў (1301 чал.), частка якіх у перыяд баёў з карнікамі перадыслацыравалася ў інш. раёны, а на базе астатніх створана партыз. брыгада. П.г. ствараліся і старшым вайск. начальнікам: камандзір Клічаўскага аператыўнага цэнтра палк. У.Л.Нічыпаровіч загадам у канцы ліп. 1942 стварыў адзін гарнізон з 6 атрадаў (дзейнічаў на стыку Барысаўскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага р-наў Мінскай вобл.), другі — з 3 атрадаў (на тэр. Бялыніцкага і Магілёўскага р-наў Магілёўскай вобл.); восенню 1942 на іх базе сфарміраваны партыз. брыгады.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 474—475.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ АЛЬГЕ́РДА НА МАСКВУ́ 1368—72,
шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі запаліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л.за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял.кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн.Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.
Літ.:
Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;
Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,
прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац.прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел.нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел.нар.выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел.нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.Крывадубаў (Няленка) і І.Голер; сярод спевакоў — Я.Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава, «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Лучыны, А.Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.
Літ.:
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.
У.І.Няфёд.
Да арт.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСТРА́К (Піліп Сямёнавіч) (27.11.1903, в. Сакоўцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.8.1978),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Самарскім ун-це (1920—21). З 1921 у Зах. Беларусі. Удзельнік рэв. руху (з 1927 сакратар Косаўскага падп. райкома, чл. Слонімскага акругкома КПЗБ, у 1933—34 інструктар ЦККПЗБ). Амаль 11 гадоў быў зняволены ў турмах. З 1939 сакратар гаркома КП(б)Б у Гродне, з 1940 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНКБССР, у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АНБССР, літ. кансультантам СП БССР. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «На варце» (1940), «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэмы «Слова пра Мінск» (1968), зб-каў апавяд. «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (1958), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970). Гіст.-рэв. эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» (1951—54) — летапіс жыцця і барацьбы нар. мас Зах. Беларусі засац. і нац. вызваленне. У цэнтры ўвагі аўтара — рост рэв. свядомасці рабочых і сялян, дзейнасць камуністаў-падпольшчыкаў, змаганне паліт. вязняў у астрогах. У рамане «Серадзібор» (1961—63, Літ. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1964) на матэрыяле пасляваен. жыцця вёскі ўславіў стваральную працу народа. Раман «Лесавічанка» (не закончаны, часткова апубл. ў 1980) пра станаўленне новага жыцця ў Зах. Беларусі ў першыя гады пасля ўз’яднання. Аўтар літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Ю.Славацкага, У.Бранеўскага, С.Дабравольскага, Е.Путраманта, А.Чэхава, І.Франко, Л.Украінкі, М.Рыльскага, П.Тычыны, У.Сасюры, Л.Первамайскага і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1969—71;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1984—86.
Літ.:
Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1966;
Хромчанка К.Р. Піліп Пестрак. Мн., 1960;
Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́НА,
гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.
Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.
На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).
П.К.Чэрнік.
Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.
У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл.Паланізм).
Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.
Літ.:
Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;
Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.