АБРУ́Б,

вёска ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Кірава. За 8 км на ПдУ ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска. 321 ж., 117 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́Й,

кіраўнік паўстання бяднейшых слаёў насельніцтва ў 6 ст. ў Согдзе супраць мясц. арыстакратыі. Удзельнікі паўстання (вядома таксама як тыранія Абруя) захапілі г. Пайкенд. Многія прадстаўнікі вышэйшай знаці і купецтва ўцяклі ў Сямірэчча і папрасілі дапамогі ў правіцеля цюркаў Кара-Чурына, войскі якога разграмілі паўстанне каля 585. Абруй пакараны смерцю.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́С, настольнік,

настольніца, тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.

В.Я.Фадзеева.

Абрус. Вёска Сычоўка Мсціслаўскага раёна. 1930-я г.
Абрус. Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.
Абрус, вязаны кручком. Лоеўскі раён Гомельскай вобл. 1930-я г.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́СНЫ,

асоба пры двары вял. князя ВКЛ, якая наглядала за сталовай бялізнай, у прыватнасці за абрусамі. З 16 ст. абрусны — ганаровае званне.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́ЦА

(Abruzzo),

нацыянальны парк у Італіі, у Абруцкіх Апенінах. Засн. ў 1923. Пл. больш за 29 тыс. га. Выш. да 2247 м над узр. м. Высакагорныя ландшафты, ледавікі, унікальныя геал. аб’екты, альпійская флора і фауна: асакова-злакавыя камяністыя альпійскія лугі, зараснікі рададэндрану; водзяцца воўк, мядзведзь, рысь, серна і інш. млекакормячыя.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́ЦЫ

(Abruzzi),

адм. вобласць Італіі, на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Падзяляецца на правінцыі Л’Акуіла, К’еты, Пескара, Тэрама. Адм. ц.г. Л’Акуіла. Пл. 10,8 тыс. км². Нас. 1620 тыс. чал. (1993).

Узбярэжжа раўніннае, на З — Абруцкія горы (г. Корна, 2914 м). Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Вобласць аграрная. Гал. культуры: пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба, на ўзбярэжжы — аліва, вінаград, цытрусавыя і інш. На горных пашах авечкагадоўля. Цукр., вінаробная, алейная, тытунёвая, хім., маш.-буд., электронная прам-сць. Развіта рыбалоўства.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫКО́С

(Armeniaca),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.

Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.

Абрыкос звычайны.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫКО́САЎ Аляксей Іванавіч

(18.1.1875, Масква — 9.4.1955),

рус. патолагаанатам. Акад. АН СССР (1939) і АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1945). Чл.-кар. Польскай АН. Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). У 1920—53 праф. 1-га Маскоўскага мед. ін-та, адначасова ў 1944—51 дырэктар Ін-та нармальнай і паталагічнай марфалогіі АМН СССР. Працы па марфалогіі туберкулёзу, алергічных рэакцыях, сепсісе, ранавай інфекцыі, паталогіі вегетатыўнай нерв. сістэмы. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Основы общей патологической анатомии. 9 изд. М., 1949;

Основы частной патологической анатомии. 4 изд. М., 1950.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́НСКІ Хрыстафор

(?, Навагрудак — 1665),

дзярж. дзеяч ВКЛ. Сын новагародскага земскага суддзі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме (1637), Падуанскім ун-це (1641). З 1654 ротмістр кавалерыі ВКЛ, у 1654—62 пісар ВКЛ, з 1658 падкаморы новагародскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы ад шляхты Новагародскага ваяв. Быў сакратаром пасольства П.К.Абуховіча ў Маскве. Удзельнік падрыхтоўкі мірнага дагавору Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1659, 1660). Як пасол сойма ад Старадубскага пав. ўдзельнічаў у размежаванні Інфлянтаў і Курляндыі. Валодаў маёнткамі Бярдова і Ятра (Новагародскае ваяв.), вёскамі ў Смаленскім ваяв.

П.Р.Казлоўскі.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́НЬБА Мікалай Іпалітавіч

(н. 2.3.1913, г.п. Епіфань Тульскай вобл.),

рус. жывапісец. Засл. мастак Расіі (1969). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1936—40) і Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1940—41). У 1944—50 у студыі ваен. мастакоў імя Грэкава. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху на Беларусі. Асноўная тэма творчасці — гераізм бел. партызан. Сярод работ: «Эшалоны гараць» (1943), «Мост на Заходняй Дзвіне. 1942» (1970), «Франтавыя эцюды» (1976) і інш. Разам з мастаком М.Гуціевым стварылі партыз. карцінную галерэю, якая размяшчалася ў штабе Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава».

М.Абрыньба. Мост на Заходняй Дзвіне. 1942. 1970.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)