ЛЕБЯДА́ (Chenopodium),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў (па інш. звестках — да 400). Пашырана ва ўмераным і субтрапічным паясах. На Беларусі 16 дзікарослых [найб. вядомыя Л. белая (Ch. album), шызая (Ch. glaucum), чырв. (Ch. rubrum), гарадская (Ch. urbicum)] і 2 інтрадукаваныя віды.

Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны і кусцікі. Лісце чаргаванае, пераважна надрэзана-зубчастае, часта пакрытае, як і сцёблы, мучністым налётам. Кветкі двухполыя з зялёным калякветнікам, сабраныя клубочкамі ў коласападобныя або мяцёлчатыя суквецці. Плод — арэшак. Харч., кармавыя, лек., тэхн., інсектыцыдныя і дэкар. расліны; некат. ядавітыя.

Лебяда белая.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 750 км. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мыльніск Пружанскага р-на. Зліўшыся з р. Правая Лясная, утварае р. Лясная. Цячэ па Прыбугскай раўніне. Асн. прыток — р. Вішня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 1,6—2,5 км, у сярэднім цячэнні месцамі невыразная. Пойма шыр. 300—500 м, нізкая, забалочаная, перасечаная старыцамі і меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 6—20 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВЯ́Ш Ілья Якаўлевіч (н. 22.8.1937, г. Вінніца, Украіна),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1975), праф. (1979). Скончыў Адэскі ун-т (1960). З 1993 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Навук. працы па праблемах культуралогіі, дыялектыкі сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, цывілізацыі і культуры, трансфармацыі культ.-цывілізацыйных працэсаў.

Тв.:

Содержание и критерий общественного прогресса. Саратов, 1973;

НТР: предпосылки, сущность, социал. последствия. Киев, 1981;

Культурология: В 3 ч. Ч. 1. Мн., 1994;

1994;

Культурология: Курс лекций. 2 изд. Мн., 1999;

Perestroika and its altematives. Jerusalem, 1992.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрадаў «Камарова», «Пятровіча», імя М.​Ц.​Шыша па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Ленін Пінскай вобл. 12 вер. ў Вял. Айч. вайну. Са створаных партызанамі для гэтай аперацыі штурмавых груп (150 чал.) 3 былі размешчаны на шляхах магчымага адыходу праціўніка, 2 — у засадах на дарогах верагоднага падыходу падмацаванняў ворагу. У выніку раптоўнага нападу партызаны разграмілі гарнізон, вызвалілі зняволеных патрыётаў, захапілі трафеі і арганізавана адышлі. У гонар бою партызан у в. Ленін Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены помнік.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПЯШЫ́НСКАЯ Вольга Барысаўна (18.8.1871, г. Перм, Расія — 2.10.1963),

дзеяч рэв. руху (з 1898), сав. біёлаг. Акад. АМН СССР (1950). Жонка П.М.Лепяшынскага. Скончыла Маскоўскі ун-т (1915). Удзельнічала ў рабоце Пецярб. «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1907—10 выкладала ў жаночай прагімназіі і вяла парт. работу ў г. Орша. Удзельнічала ў стварэнні і працавала ў Ліцвінавіцкай школе-камуне. З 1919 на выкладчыцкай і н.-д. рабоце. Навук. працы па абалонках жывёльных клетак, гісталогіі касцявой тканкі. Уяўленне Л. аб няклетачнай структуры жывога рэчыва не атрымала навук. пацвярджэння. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁВЕНДАА́ЛЬДЭР (ад галанд. Leeuvendaalder ільвіны талер), лявок, таляр ляўко,

першая талеравая манета, выпушчаная ў 1575 у Нідэрландах. На аверсе — рыцар у даспехах з гербавым шчытом з выявай ільва, на рэверсе — на ўсім полі выява льва; на абодвух баках кругавыя легенды. Агульная маса — 27,648 г. Спачатку Л. выпускалі для ўнутр. абарачэння, але хутка сталі біць толькі для Леванта. З 17 ст. многія краіны выпускалі перайманні Л., звычайна нізкапробныя. У Беларусі Л. таксама абарачаўся па больш нізкім за паўнавартасны талер рыначным курсе.

Лёвендаальдэр: 1 — Гельдэрн, 1641; 2 — Утрэхт, паўлёвендаальдэр, 1640.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ЛАКАФА́РБАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1963—65 у г. Ліда Гродзенскай вобл. У 1966 здадзены ў эксплуатацыю цэхі полівінілацэтатнай эмульсіі і алкідных смол, у 1970 — цэх эмаляў, у 1971 — цэх лакаў на кандэнсацыйных смолах, у 1972 — доследна-прамысл. ўстаноўка па вытв-сці лакаў, у 1973 — цэх лакаў і эмаляў на полімерызацыйных смолах, у 1976 — цэх фталевага ангідрыду. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Лакафарба». Асн. прадукцыя (1999): лакафарбавыя матэрыялы на аснове полімерызацыйных і кандэнсацыйных смол, алкідныя лакі, полівінілацэтатныя эмульсіі, фталевы ангідрыд, водна-дысперсійныя фарбы, клеявая насычальная смала.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁПА Валерый Аляксандравіч (н. 7.8.1939, с. Сухаўское Іркуцкай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела. Д-р фіз.-матэм. н. (1996). Скончыў Іркуцкі ун-т (1961). З 1978 у Брэсцкім пед. ін-це (у 1979—83 прарэктар), з 1985 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе крышталёў і матрычнай крышталяграфіі. Распрацаваў комплексны метад вызначэння малекулярнай структуры рэчываў у залежнасці ад саставу і знешніх уздзеянняў.

Тв.:

Изменение структуры полиметилметакрилата при облучении миллисекундными лазерными импульсами (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1998. Т. 25, №11.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗЮКО́Ў Аляксандр Ільіч (26.3.1900, г. Гомель — 25.7.1942),

Герой Сав. Саюза (1941), ген.-маёр (1942). Брат П.І.Лізюкова. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У 1927—31 і з 1940 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім франтах: нам. камандзіра танк. дывізіі, камандзір мотастралк. дывізіі, стралк. корпуса, камандуючы танк. арміяй. Вызначыўся ў абарончых баях пад Барысавам і на пераправе цераз Дняпро. Удзельнік абароны Масквы. Загінуў у баі. Аўтар кніг па ваен. справе.

А.І.Лізюкоў.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),

запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)