ГА́БАР ((Gabor) Дэніс) (5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),

англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЖА́НКІН (Іван Мікалаевіч) (28.8.1848, г. Варонеж, Расія — 20.11.1904),

рускі батанік; заснавальнік параўнальна-эмбрыялагічнага кірунку ў батаніцы і навук. школы марфолагаў раслін. Праф. (1881). Скончыў Маскоўскі ун-т (1871). Працаваў у ім з 1875. Навук. працы па апладненні ў зялёных водарасцей і голанасенных раслін. Распрацаваў сістэму расліннага свету. Вызначыў паняцце археганіяльных раслін (мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя).

Літ.:

Мейер К.И. И.Н.Горожанкин и его роль в развитии русской ботаники (1848—1904). М., 1966.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬБЕРГ (Самуіл Іосіфавіч) (27.10.1898, г. Дубна Ровенскай вобл., Украіна — 28.1.1992),

бел. мікрабіёлаг. Д-р мед. н. (1956), праф. (1959). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1924). З 1924 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, з 1934 працаваў у Маскве, Бішкеку. З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па туберкулёзе, воспе, ранавых інфекцыях, удасканаленні процітуберкулёзнай вакцынацыі з дапамогай вакцыны БЦЖ.

Тв.:

БЦЖ в профилактике туберкулеза. Фрунзе. 1970 (разам з Я.А.Фінкелем).

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЎЛІЧ (Алена Дзмітрыеўна) (н. 24.11.1018, с. Тамараўка Курганскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне спартыўнай анатоміі. Д-р мед. н. (1967), праф. (1972). Скончыла Туркменскі мед. ін-т (1941). У 1949—79 у Бел. ін-це фізічнай культуры. Навук. працы па праекцыйнай анатоміі асн. баразён мозга і заканамернасцях будовы і функцыі суставаў.

Тв.:

: Влияние физических упражнений на строение и функцию некоторых суставов // Проблемы функциональной морфологии двигательного аппарата. Л., 1956.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬЁМ, Гіём (Guillaume) Шарль Эдуар (15.2.1861, г. Флёр’е, Швейцарыя — 13.6.1938), швейцарскі фізік і метролаг. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1833). Працаваў у Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр (з 1905 дырэктар). Навук. працы па метралогіі. Даў новае вызначэнне літра, даследаваў прычыны памылак ртутных тэрмометраў і прапанаваў папраўкі да іх (1889). Стварыў новыя сплавы інвар, элінвар і інш., якія выкарыстоўваюцца ў высокадакладных інструментах і метралагічных стандартах (1899). Нобелеўская прэмія 1920.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЭ́НКА (Уладзімір Кузьміч) (н. 12.11.1922, с. Каршачына Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне конегадоўлі. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1990). Скончыў БСГА (1951), дзе і працаваў да 1986, потым у Маскоўскай дзярж. акадэміі вет. медыцыны і біятэхналогіі імя К.І.Скрабіна. Навук. працы па даследаванні эвалюцыі, гісторыі, гасп.-біял. асаблівасці абарыгенных коней, распрацоўцы эфектыўных метадаў селекцыі і выкарыстання, захавання генафонду коней.

Тв.:

Белорусская лошадь. Мн., 1976;

Коневодство Белоруссии. Мн., 1985.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),

нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4·10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (Іван Цімафеевіч) (6.7.1806, с. Глебава Гарадзішча Разанскай вобл., Расія — 22.11.1884),

рускі фізіёлаг і анатам. Скончыў Маскоўскую мед.-хірург. акадэмію (1830). З 1841 праф. гэтай акадэміі, з 1842 Маскоўскага ун-та, з 1857 Пецярбургскай мед.-хірург. акадэміі. Навук. працы па развіцці і прапагандзе эксперым. фізіялогіі ў Расіі, фізіялогіі апетыту і голаду, пра з’явы тармажэння ў нерв. сістэме. Увёў выкладанне мікраскапічнай анатоміі (1842). Правёў адно з першых палеагісталагічных даследаванняў маманта (1846).

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ (Хрыстафор Якаўлевіч) (24.4.1847, С.-Пецярбург — 24.12.1919),

рускі батанік; заснавальнік школы батанікаў-крыптагамістаў. Праф. (1885). Скончыў Пецярбугскі ун-т (1871) і выкладаў у ім. Навук. працы па эколага-геагр. і сістэматыка-антагенетычным вывучэнні ніжэйшых арганізмаў (амёбападобных, водарасцей, грыбоў) і пакрытанасенных раслін. Выявіў уздзеянне рэльефу мясцовасці на геагр. пашырэнне раслін, даследаваў флору Белага м. і сумежных з ім раёнаў Паўд. Ледавітага ак. Распрацаваў адну з філагенетычных сістэм расліннага свету (1916).

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛДСТАЙН ((Goldstein) Джозеф Леанард) (н. 18.4.1940, г. Самтэр, ЗША),

амерыканскі генетык. Д-р медыцыны (1966), праф. медыцыны і генетыкі (1977). Скончыў ун-т Вашынгтона і Лі ў г. Лексінгтан (штат Віргінія, 1962). Працаваў у Бостане, Сіэтле, з 1972 у паўд.-зах. мед. школе Тэхаскага ун-та. Навук. працы па механізме транспарту ліпідаў і рэгуляцыі халестэрынавага абмену ў арганізме жывёл і чалавека, прафілактыцы і лячэнні атэрасклерозу. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з М.С.Браўнам).

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)