АНАЛІТЫ́ЧНЫ ЎЛІ́К,

дэталізаваны бухгалтарскі ўлік гасп. аперацый і сродкаў прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў з дапамогай аналітычных рахункаў. Ажыццяўляецца ў натуральных і вартасных паказчыках, для аператыўнага кіравання і справаздачнасці. Дае магчымасць аператыўна сачыць за наяўнасцю кожнага віду таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, за разлікамі з пастаўшчыкамі, падрадчыкамі, дэбіторамі, крэдыторамі, падсправаздачнымі асобамі і інш. Па звестках аналітычнага ўліку можна рабіць справаздачныя калькуляцыі сабекошту прадукцыі, а па натуральных паказчыках выяўляць лішкі ці недахоп сродкаў.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЛТА́ВА (Vltava),

рака ў Чэхіі, левы прыток р. Лаба (Эльба). Даўж. 446 км, пл. бас. 28 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Шумава; пасля прарыву цераз цясніну «Чортавы сцены» (каля г. Вішы-Брод), цячэ па Будзеёвіцкай раўніне, потым па ўзвышшах Сярэдняй Чэхіі. Сярэдні расход вады каля г. Прага 142 м³/с. Веснавая паводка. Суднаходная (з дапамогай шлюзаў) у ніжнім цячэнні на 84 км. Вадасховішча. ГЭС. На Влтаве гарады Прага, Чэске-Будзеёвіцы.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́Т (лац. Astatium),

At, радыеактыўны хім. элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 85, адносіцца да галагенаў. Найб. устойлівы штучны ізатоп ​210At (перыяд паўраспаду 8,3 гадз). Упершыню атрыманы ў 1940 (ізатоп ​211At). У паверхневым пласце зямной кары таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца каля 70 мг At. Па адных хім. уласцівасцях падобны да неметалу ёду, па другіх — да металаў палонію і вісмуту. Атрымліваюць апрамяненнем вісмуту і торыю α-часціцамі высокіх энергій.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАГРА́ДСКАГА ФО́РМУЛА,

звязвае інтэграл па некаторым аб’ёме з інтэгралам па замкнёнай паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём. У вектарнай форме мае выгляд: (V) div a   dV = (S) a dS , дзе a = a(M) — вектарнае поле, зададзенае ў кожным пункце M аб’ёму V, diva — дывергенцыя a, (S) a dS — паток a праз замкнёную паверхню S. Прапанавана М.В.Астраградскім (1828—31) і пашырана на n-мерную прастору (1834—38).

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭ́К, Селяха, Суляха,

рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́Й (Леанід Вікенцьевіч) (7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУЭ (Benue),

рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬТ ((Bildt) Карл) (н. 15.7.1949, г. Хальмстад, Швецыя),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Швецыі. Скончыў Стакгольмскі ун-т. У 1973—74 старшыня Свабоднага студэнцкага саюза Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (ПКП). У 1974—76 старшыня Арг-цыі еўрап. студэнтаў-дэмакратаў, адначасова сакратар па паліт. пытаннях ПКП. З 1979 дэп. рыксдага (парламента). З 1986 старшыня ПКП. У 1991—94 — прэм’ер-міністр Швецыі. З 1995 пасрэднік Еўрап. саюза па ўрэгуляванні Баснійскага крызісу 1990-х г.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́СЫЛКА,

1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.

2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́НА (Drina),

рака ў Югаславіі, Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава (бас. Дуная). Утвараецца ад сутокаў рэк Тара і Піва, якія пачынаюцца ў Чарнагорыі. Даўж. 460 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Цячэ па Дзінарскім нагор’і ў вузкай, глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады, у нізоўі па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 341 м³/с. Веснавое разводдзе, асенне-зімовыя паводкі. ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)