рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях, левы прыток Бярэзіны (бас. Нёмана). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 391 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнЗ ад хутара Рудня Валожынскага р-на. Цячэ праз Налібоцкую пушчу. Даліна невыразная. Пойма вузкая, забалочаная, пад лесам і хмызняком. Рэчышча звілістае, разгалінаванае ў сярэднім цячэнні, на працягу 5 км ад вытоку каналізаванае. Берагі абрывістыя, невысокія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ГАРО́ДНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Чарнец, за 40 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,24 км², даўж. 880 м, найб.шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—18 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія. Злучана пратокай з воз. Малое Гародна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́ЧКА (Генадзь Іосіфавіч) (н. 15.2.1922, в. Лутна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў школу авіямеханікаў (1941), эл.-мех. тэхнікум (1963). У Вял.Айч. вайну снайпер ст. сяржант Вялічка на фронце з чэрв. 1941 знішчыў 330 гітлераўцаў, падрыхтаваў каля 200 снайпераў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1946 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗЭ́ТА ЛІТЭРА́ЦКА ВІЛЕ́НЬСКА»
(«Gazeta Literacka Wileńska», «Віленская літаратурная газета»),
першае перыядычнае выданне на тэр.ВКЛ. Выдавалася ў 1760—94 у Вільні на польск. мове як орган Віленскай езуіцкай акадэміі. Мела культ.-асв. кірунак. Напярэдадні паўстання 1794 пад кіраўніцтвам А.Т.Касцюшкі актыўна асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця. З жн. 1794 наз.«Кур’ер літэвскі», з 1841 «Виленский вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
старажытны горад Полацкай зямлі. Належаў мінскім кн. Глебавічам, магчыма, быў цэнтрам удзельнага княства, добра ўмацаваны, размяшчаўся, верагодна, недалёка ад Мінска сярод лясоў. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1162 у сувязі з паходам друцкага кн.Рагвалода Барысавіча супраць менскага Валадара Глебавіча. Атаясамліванне Гарадца з некаторымі сучаснымі нас. пунктамі Беларусі (Гарадзеяй Нясвіжскага, Гарадзішчам Баранавіцкага, Гарадцом Талачынскага і Шаркаўшчынскага р-наў і інш.) беспадстаўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ ПУНКТ, у тэктоніцы,
участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл.Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАПТО́З (ад гастра... + птоз),
апушчэнне страўніка ніжэй за нармальнае яго месцазнаходжанне. Адрозніваюць гастраптоз канстытуцыянальны (ад нараджэння, або прыроджаны) і набыты. Прычынай канстытуцыянальнага бывае слабае развіццё падтрымліваючага звязачнага і мышачнага апарата страўніка, набытага — яго аслабленне ці расцяжэнне пры працяглых цяжкіх фіз. нагрузках, рэзкім схудненні арганізма, паўторных цяжарнасцях. Выяўляецца непастаянным адчуваннем цяжару пад лыжачкай у верт. становішчы, уздуццямі жывата, адрыжкамі. Зрэдку ўзнікае неабходнасць хірург. лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,
вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ,
возера ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас.р. Прыпяць, за 16 км на ПдУ ад г. Калінкавічы. Пл. 0,34 км², даўж. 1,75 км, найб.шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Схілы катлавіны выш. да 12 м, на ПнУ да 4 м, пад хмызняком, на Пд разараныя. Берагі пераважна забалочаныя, месцамі супадаюць са схіламі. Злучана ручаём з воз. Пясчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНЫ́ ВІНТ,
найбольш пашыраны суднавы рухач. Мае насаджаную на грабны вал калодку з лопасцямі, якія размешчаны на аднолькавых вуглавых адлегласцях адна ад адной і арыентаваны пад пэўным вуглом да падоўжнай восі вала. Грабныя вінты бываюць суцэльныя (лопасці адлітыя або адштампаваныя разам з калодкай), са здымнымі або паваротнымі (вінты са зменным ходам) лопасцямі. Вырабляюць з латуні, бронзы, чыгуну, сталі, пластмас.