РЭПРАГРА́ФІЯ [ад рэпра(дукцыя) + ...графія],

абагульненая назва розных відаў капіравання тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў, дакументаў і інш., не звязаных (у адрозненне ад паліграфіі) з выкарыстаннем друкарскіх форм. Да Р. адносяцца дыязакапіраванне, ксеракапіраванне (гл. Ксераграфія), мікрафільмаванне, святлокапіраванне, тэрмакапіраванне, фотакапіраванне, спосабы электраграфіі. Адрозніваецца дакладнасцю (факсімільнасцю) узнаўлення арыгінала, магчымасцю змены яго маштабу, кароткім тэхнал. цыклам (копія робіцца непасрэдна з арыгінала). У Р. выкарыстоўваецца разнастайная размнажальная тэхніка.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВЕ́РЫ (Severi),

дынастыя рым. імператараў у 193—235. Да С. належалі Септымій Север [193—211], Каракала [211—217], Гета [211—212], Элагабал [Геліягабал; 218—222], Аляксандр Север [222—235]. С. стварылі ваен.-бюракратычную манархію, абаранялі інтарэсы шырокіх пластоў рабаўладальнікаў, абмяжоўвалі ўладу буйных землеўладальнікаў. Палітыка С. (за выключэннем Аляксандра Севера) мела антысенацкі характар. Апошні імператар Аляксандр Север пайшоў на ўступкі зямельнай арыстакратыі, што выклікала незадаволенасць арміі і стала прычынай яго забойства.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРА́ПІС, Сарапіс,

божышча, культ якога быў уведзены ў эліністычным Егіпце царом Пталамеем I [305—283 да н.э.]. Егіпцяне атаясамлівалі С. з богам урадлівасці Асірысам, часам са свяшчэнным быком Апісам. Як і Асірыс, ён лічыўся ўладаром мёртвых, падаўцом урадлівасці і богам-лекарам. Грэкі атаясамлівалі яго з Зеўсам. Культ С. быў пашыраны, акрамя Егіпта, ва ўсім эліністычным свеце.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ВЕН Хрысціян Хрысціянавіч (30.1.1781, г. Хаміна, Фінляндыя — 30.4.1863),

расійскі вучоны ў галіне батанікі і энтамалогіі. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1849; чл.-кар. 1815). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1799). У 1812 арганізаваў Нікіцкі батанічны сад у Крыме і быў яго дырэктарам да 1824. Навук. працы па флоры Крыма і Каўказа, сістэматыцы насенных раслін і насякомых.

т. 15, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЬФІ́РАВАННЕ,

увядзенне сульфагрупы — SO2OH у малекулы арган. злучэнняў з утварэннем сувязі вуглярод — сера. Прыводзіць да ўтварэння сульфакіслот. Ажыццяўляюць пераважна непасрэдным узаемадзеяннем з сульфіруючымі агентамі: серная кіслата, олеум, трыаксід серы SO3 і яго комплексы з пірыдзінам і дыаксанам, сульфурылхларыд SO2Cl2, дыалкілсульфаты і інш. Выкарыстоўваюць пры атрыманні паверхнева-актыўных рэчываў, іонаабменных смол, біялагічна актыўных рэчываў, фарбавальнікаў і інш.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТВІСТ (ад англ. twist літар. — кручэнне),

папулярны бытавы маладзёжны танец, блізкі да рок-н-рола. Паявіўся ў 1960-я г. ў ЗША, заснавальнікам лічыцца Х.​Бэлард. У 1960—70-я г. распаўсюдзіўся ў многіх краінах свету. Муз. памер ​4/4, з акцэнтам на цотных чвэрцях такта. Яго вызначаюць актыўныя маторыка і характэрныя звілістыя рухі корпуса, супрацьлеглыя напрамку руху ступняў.

т. 15, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада (комплекс апаратуры) для пераўтварэння відэасігналу (поўнага каляровага тэлевізійнага сігналу) і сігналу гукавога суправаджэння ў поўны тэлевізійны радыёсігнал для выпрамянення яго перадавальнай тэлевізійнай антэнай. Уваходзіць у склад перадавальнай тэлевізійнай станцыі. Магутнасць Т.п. да соцень кілават. Папярэднія каскады вырабляюцца на паўправадніковай элементнай базе, выхадныя — пераважна на электронных лямпах (прамянёвых тэтродах ці клістронах, у залежнасці ад дыяпазону рабочых частот).

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНІ́ЧНАЯ ЭСТЭ́ТЫКА,

навуковая дысцыпліна, што вывучае сацыяльна-культ., тэхн. і эстэт. праблемы фарміравання гарманічнага рэчыўнага асяроддзя чалавека, якое ствараецца сродкамі прамысл. вытв-сці. Складае тэарэт. аснову дызайну, вывучае яго грамадскую прыроду і заканамернасці развіцця, прынцыпы і метады мастацкага канструявання і інш. Фарміруе таксама патрабаванні да прамысл. прадукцыі, яе тэхніка-эстэт. паказчыкаў, якасці, адпаведнасці маст. формы функцыян. прызначэнню рэчаў.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВА́РАВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1926—62. Утвораны 8.12.1926 у Гомельскай акр. (да 26.7.1930), з 20.2.1938 у Гомельскай вобл. Цэнтр — г.п. Уваравічы. Падзяляўся на 39 сельсаветаў. 30.12.1927 у выніку ўзбуйнення зацверджаны 21 сельсавет. 24.8.1950 на тэр. раёна створаны р.п. Бальшавік. 17.4.1962 раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Буда-Кашалёўскі і Гомельскі р-ны.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЙРЫНГ (англ. highring),

1) сярэднетэрміновая арэнда машын і абсталявання (ад 6 мес да 3 гадоў) без перадачы права ўласнасці арандатару.

2) Адна з форм сярэднетэрміновага крэдытавання экспарту без перадачы арандатару права ўласнасці на тавар. Куплены тавар застаецца ва ўласнасці прадаўца, пакуль не будзе ўнесена апошняя частка сумы, якая выплачваецца за яго (тавар выступае як матэрыяльнае забеспячэнне крэдыту).

т. 16, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)