МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЦІ (стараж.-інд. — задавальненне, асалода),

у міфалогіі індуізму багіня любоўнай асалоды, жонка бога кахання Камы. Паводле міфа, калі адзін з вярх. багоў Шыва спапяліў Каму, Р. звярнулася з упрошваннямі да яго жонкі Парваці і Шыва адрадзіў Каму ў выглядзе нованароджанага сына Крышны Прад’юмны. Р. ў абліччы смяротнай жанчыны вырасціла Каму, паведаміла яму пра іх былыя шлюбныя вузы і зноў стала яго жонкай.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАРО́ЖЫЧ,

вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства зямнога агню, сын Сварога. Яму пакланяліся, да яго звярталіся з малітвай (найчасцей гэта рабілі каля ёўні). У час сушкі снапоў у ёўні спальвалі неабмалочаны сноп жыта як ахвяру С. Прымхлівыя людзі лічылі, што С. можа адвесці бяду. З пашырэннем хрысціянства імя С. паступова знікла, але сляды культу захоўваліся да канца 19 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЙФЕЦ (Heifetz) Яша [Іосіф Робертавіч (Рувімавіч); 2.2.1901, Вільнюс — 12.12.1987], амерыканскі скрыпач, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў І.​Налбандзяна, Л.Аўэра. З 1917 у ЗША. З 1962 выкладаў у Паўд-Каліфарнійскім ун-це. Яго выканаўчай манеры характэрны віртуознасць, экспрэсія, маст. інтэрпрэтацыя. Першы выканаўца шматлікіх, у т. л. прысвечаных яму, твораў. У рэпертуары класічныя, а таксама забытыя і рэдка выконваемыя творы. Аўтар больш як 100 транскрыпцый для скрыпкі і інш.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕ́КТРА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі: 1) дачка Акіяна і яго жонкі (і сястры) Тэфіды, маці вястункі багоў Ірыды і Гарпій.

2) Адна з плеяд, якая ў шлюбе з Зеўсам нарадзіла заснавальніка траянскай царскай дынастыі Дардана.

3) Дачка Агамемнана і Клітэмнестры. Паводле міфа, выратавала свайго брата Арэста і дапамагла яму адпомсціць забойцам іх бацькі — Клітэмнестры і яе палюбоўніку Эгісфу. Пазней — жонка Пілада.

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЖА́НСКАЯ ГАДЗІ́ННІКАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1789—93 у Беларусі ў в. Беражань б. Дубровенскага графства Горацкага пав. Засн. па ініцыятыве Р.​А.​Пацёмкіна (яму належала Дуброўна), які ў 1784 даручыў шведу Нордштэйну буд-ва гадзіннікавай мануфактуры і навучанне гадзіннікаваму майстэрству прыгонных хлопчыкаў. У 1789 выраблена гадзіннікаў і інш. рэчаў на 9729 руб. У 1794 паводле загаду Кацярыны II Беражанская гадзіннікавая мануфактура была перавезена ў г. Екацярынаслаў.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРО́ФНАСЦЬ ЧАЛАВЕ́ЦТВА,

атрыманне чалавецтвам ежы і энергіі штучным шляхам, без удзелу прадуцэнтаў. Напрыклад, атрыманне раслінападобнай ежы метадамі штучнага фотасінтэзу. Прапанаванае У.​І.​Вярнадскім паняцце аўтатрофнасці чалавецтва (1937) сучасная навука рэкамендуе пашыраць на безадходныя і малаадходныя тэхналогіі, надаўшы яму стратэгічнае прыродаахоўнае адценне: аўтатрофнасць чалавецтва павышае незалежнасць чалавецтва ад прыродных крыніц забеспячэння яго ежай і энергіяй, спрыяе захаванню прыродных рэсурсаў і гарманізацыі суадносін чалавецтва з прыродай.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й БАГАЛЮ́БСКІ (каля 1112 — 29.6.1174),

князь уладзіміра-суздальскі (1157—74). Сын Юрыя Далгарукага. Каля 1150—51 яму належалі Тураў і Пінск. У 1169 захапіў Кіеў; пад яго ўплыў трапілі Смаленскія і Дзвінскія землі. Змагаўся супраць феад. знаці, спрыяў развіццю гандлю і рамяства, перанёс сталіцу княства ва Уладзімір. У час яго праўлення Уладзіміра-Суздальскае княства стала найб. моцным на Русі. Забіты ў сваім замку ў Багалюбаве.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́С, Арэй,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.​Батычэлі, Я.​Тынтарэта, П.​Рубенса, Ж.​Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БАНК,

расійскі банк у 1909—17 у Маскве. Узнік у выніку санацыі і зліцця Маскоўскага міжнар. гандлёвага, Арлоўскага камерцыйнага і Паўднёва-Рускага прамысл. банкаў. У 1914 яму належалі філіялы ў Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Дзвінску, Магілёве, Оршы, Полацку. Па колькасці філіялаў З.б. займаў 1-е месца ў Беларусі, аднак па аб’ёме банкаўскіх аперацый уступаў Азоўска-Данскому і Руска-Азіяцкаму банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)