ШУЛЬЖЭ́НКА Клаўдзія Іванаўна (24.3.1906, г. Харкаў, Украіна — 17.6.1984),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. СССР (1971). З 1923 актрыса Харкаўскага драм. т-ра, з 1929 на эстрадзе; салістка Лендзяржэстрады, з 1943 Усерас. гастрольна-канцэртнага аб’яднання. Яе выкананню былі ўласцівы глыбокая задушэўнасць, выдатная дыкцыя, выразныя міміка і пластыка. Сярод вядомых песень яе рэпертуару «Сіняя хустачка» Я.​Пецярбургскага, «Давай закурым» М.​Табачнікава і інш. Паўплывала на станаўленне жанру сав. эстр. песні.

т. 17, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

маёмасць, якая адначасова належыць двум і болей уласнікам, незалежна ад формы ўласнасці. У Рэспубліцы Беларусь можа належаць двум або некалькім арг-цыям, дзяржаве і адной або некалькім арг-цыям, двум і болей грамадзянам. Агульная ўласнасць, у якой вызначана доля, што належыць кожнаму ўласніку, з’яўляецца іх долевай уласнасцю. Агульная ўласнасць, дзе такая доля не вызначана, — іх сумесная ўласнасць. Валоданне, карыстанне і распараджэнне агульнай уласнасцю ажыццяўляецца са згоды ўсіх яе ўдзельнікаў; у выпадку рознагалосся вызначаецца праз суд па іску любога з яе ўдзельнікаў.

Кожны ўдзельнік агульнай долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выдатках на зборы, падаткі і інш. плацяжы па агульнай маёмасці; мае права на адчужэнне сваёй долі інш. асобе ці вылучэнне яе з агульнай маёмасці. Пры продажы долі пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі агульнай долевай уласнасці маюць пераважнае права куплі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНІЗА́ЦЫЯ,

выяўленне танальна-функцыянальнай сутнасці пэўнай мелодыі і суправаджэнне яе адпаведнымі акордамі. Гал. прынцыпы гарманізацыі (функцыі акордаў, ладава-танальныя адхіленні, мадуляцыі і інш.) вызначаюцца ладава-інтанацыйнай будовай самой мелодыі. Пэўная мелодыя можа быць гарманізавана па-рознаму (гарманічнае вар’іраванне), што з’яўляецца вынікам яе разнастайнай маст. інтэрпрэтацыі Гарманічнае вар’іраванне ў межах пэўнай муз. структуры — фактар развіцця, абнаўлення музыкі. Гарманізацыя раскрывае не толькі багацце мелодыі, але і магчымасці гармоніі, яе ўплыў на розныя сродкі муз. выразнасці, што відавочна ў разнастайных транскрыпцыях, парафразах, фантазіях, варыяцыях. Асаблівае значэнне мае гарманізацыя нар. мелодый. Калі пры гарманізацыі нар. мелодыі адбываецца поліфанізацыя фактуры і ў параўнанні з першакрыніцай ускладняецца муз. форма шляхам выкарыстання пэўных кампазіцыйных прыёмаў, больш правамерна гаварыць пра апрацоўку нар. мелодыі, чым пра ўласна гарманізацыю, хоць часта гэтыя тэрміны атаясамліваюць. Гарманізацыя мелодый (рашэнне гарманічных задач) — аснова навучання ў курсе практычнай гармоніі.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ,

галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае фактары і заканамернасці размяшчэння, умовы і асаблівасці развіцця прам-сці ў розных краінах і раёнах. Падзяляецца на агульную, рэгіянальную і геаграфію галін прам-сці. Агульная геаграфія прамысловасці даследуе заканамернасці фарміравання тэр. структуры прам-сці, выяўляе месца прам-сці ў геагр. (тэрытарыяльным) падзеле працы, яе становішча сярод інш. галін вытв-сці ў агульнай сістэме нар. гаспадаркі. Рэгіянальная геаграфія прамысловасці вывучае прамысл. вытв-сць у складзе прамысл. цэнтраў і вузлоў, раёнаў, краін, гіст.-геагр. асаблівасці яе фарміравання, характар яе галіновай структуры, грамадска-эканам. і прыродныя ўмовы размяшчэння з мэтай планавання і развіцця прамысл. вытв-сці. Геаграфія галін прамысловасці вывучае размяшчэнне прадпрыемстваў асобных галін прам-сці. На Беларусі геаграфія прамысловасці, як галіна эканам. геаграфіі, пачала развівацца ў 1920-я г. (Г.І.Гарэцкі, А.А.Смоліч, Р.​Рак, М.​Ярашэвіч, Ярмашэвіч і інш.).

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСІЯ (ад лац. dispersio рассейванне) у матэматыцы, мера адхілення (рассейвання, роскіду) магчымых значэнняў выпадковай велічыні ад яе сярэдняга значэння Квадратны корань з Д. наз. сярэднім квадратычным адхіленнем.

Асн. ўласцівасці: Д. пастаяннай велічыні роўная нулю; Д. не зменіцца, калі да выпадковай велічыні дадаць пастаянную; Д. сумы незалежных велічынь роўная суме іх Д. і інш. У тэорыі імавернасцей Д. выпадковай велічыні X — матэм. чаканне D(X) = M(X−MX)​2 квадрата адхілення X ад яе матэм. чакання MX. Калі X мае функцыю размеркавання F(X), то яе Д. D(X) = ∫ −∞ ∞ ( X − MX ) 2 dF(X) . У матэм. статыстыцы Д. — сярэдняе арыфм. D(x) = 1 n ∑ i = 1 n i ( xi − x_ ) 2 з квадратаў адхіленняў велічынь i ад іх сярэдняга арыфм. x_ = ( x1 + x2 + ... + xn ) / n .

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СНА-ЎРО́ЧНАЯ СІСТЭ́МА навучання,

арганізацыя навуч. працэсу, пры якой вучні размяркоўваюцца па класах у адпаведнасці з узростам і ведамі, а асн. формай навучання з’яўляецца ўрок. Змест навучання вызначаецца навуч. планамі і праграмамі. Заняткі (урокі) праводзяцца паводле раскладу (складаецца на аснове навуч. плана). Працягласць заняткаў і перапынкаў паміж заняткамі строга рэгламентавана.

К.-ў.с. склалася ў 16 ст. і паступова замяніла індывідуальнае навучанне. Яе ўсталяванне звязваюць з дзейнасцю Страсбургскай школы І.​Штурма (1538), якая мела асобныя класы, навучанне праводзілася на аснове навуч. плана, чаргавання навучання і адпачынку. К.-ў.с. была прынята таксама ў езуіцкіх школах і калегіумах. У 16 ст. яе выкарыстоўвалі ў пач. школах Чэхіі, Польшчы, ВКЛ, Венгрыі, Саксоніі, Браўншвайга і інш. Тэарэтычнае абгрунтаванне К.-ў.с. даў Я.А.Каменскі. На Беларусі яе элементы ўпершыню выявіліся ў дзейнасці брацкіх школ, езуіцкіх школах і калегіумах (16—17 ст.).

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКДО́НАЛЬД (Macdonald) Джэймс Рамсей (12.10.1866, г. Лосімут, Вялікабрытанія — 9.11.1937),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1885 уступіў у С.-д. федэрацыю, у 1886 — у Фабіянскае т-ва. З 1894 чл. Незалежнай рабочай партыі, у 1906—09 яе старшыня. З 1900 чл. Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі (да 1906 наз. К-т рабочага прадстаўніцтва), у 1900—12 яе сакратар, у 1912—24 — казначэй. З 1906 дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У час 1-й сусв. вайны прытрымліваўся пацыфізму. У 1924 і 1929—31 прэм’ер-міністр першых лейбарысцкіх урадаў Вялікабрытаніі, у 1931—35 — яе кааліцыйнага ўрада (у сувязі з чым выйшаў з Лейбарысцкай партыі і заснаваў Нацыянал-лейбарысцкую партыю). Спрыяў прыняццю Даўэса плана ў адносінах да Германіі (1924). У лют. 1924 урад М. дэ-юрэ прызнаў СССР, восенню 1929 аднавіў з ім дыпламат. адносіны, разарваныя ў 1927 кансерватыўным урадам С.Болдуіна.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАФІЛІ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...філія],

палавая цяга да асоб старэчага ўзросту; своеасаблівая форма фетышызму. На схільнасць маладых людзей да герантафіліі могуць уплываць першыя сексуальныя перажыванні, звязаныя з дарослымі. У маладой жанчыны прычыну герантафіліі часцей тлумачаць яе незадаволенасцю палавымі кантактамі з маладым чалавекам; зрэдку прычынай герантафіліі могуць быць яе садамазахісцкія схільнасці. Цяга маладых мужчын да жанчын пажылога і старэчага ўзросту можа выклікацца іх няўпэўненасцю ў сваіх здольнасцях пры кантактах з маладымі жанчынамі.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́Я,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі маці-Зямля, багіня падземнага царства, увасабленне аднаўленчых сіл зямлі, апякунка шлюбу і дзяцей. З’явілася з Хаоса, нарадзіла Неба — Урана, які стаў яе мужам. Разам яны нарадзілі 6 тытанаў і 6 тытанід. Паводле загаду Геі яе сын Кронас вылегчаў Урана, з кропель крыві якога з’явіліся пачвары — эрыніі і гіганты. Гея валодала мудрасцю, давала ўсім парады. Яна падарыла Геры залатыя яблыкі вечнай маладосці, якія ахоўвалі гесперыды. У рым. міфалогіі Геі адпавядае Тэлус.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ (Bardot) Брыжыт (н. 28.9.1934, Парыж),

французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.

Літ.:

Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.

Б.Бардо.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)