ІНДУКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай XL = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІ — ом.

З-за з’явы электрамагнітнай індукцыі эл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн. полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.

2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл. Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галій (хім. элемент) 3/307; 5/92; 8/414, 415 (табл.); 10/141

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫЯ ПЕ́РАПІСЫ,

збор статыстычных звестак пра с.-г. вытв-сць, неабходных для вывучэння працэсаў і з’яў, якія адбываюцца ў сельскай гаспадарцы. Могуць ахопліваць асн. элементы с.-г. вытв-сці па краіне ці рэгіёне або пэўны элемент сельскай гаспадаркі (напр., жывёлу, расл. культуры). Ажыццяўляюцца адначасова, па адзінай праграме і метадалогіі. Гл. таксама Перапісы статыстычныя.

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫ́ЖАНЬ,

1) прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго-н.

2) У будаўнічай механіцы — канструкцыйны элемент, адзін з памераў якога (даўжыня) значна перавышае інш. (шырыню і вышыню). Прамалінейныя або крывалінейныя С., злучаныя паміж сабой, утвараюць стрыжнёвыя сістэмы.

3) С. ліейны — аддымная частка ліцейнай формы, прызначаная для ўтварэння ўнутр. (вонкавых) паверхняў адліўкі.

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМА́ЙЗЕР (англ. economizer),

1) прыстасаванне ў карбюратары, якое служыць для абагачэння гаручай сумесі пры поўным ці блізкім да поўнага адкрыцці дросельнай засаўкі. Павышае эканамічнасць рухавіка.

2) Вадзяны Э. — элемент катла (цеплаабменнік), у якім сілкавальная вада перад падачай у кацёл падаграецца дымавымі газамі. Робіцца з гладкіх або рабрыстых чыгунных і стальных труб.

Рабрысты эканамайзер.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́СІС (франц. glacis),

ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),

хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАБЛЕМЕ́НТ (франц. entablement),

верхняя частка збудавання, якая падтрымліваецца калонамі, пілястрамі або завяршае сцяну; элемент арх. ордэра. Падзяляецца на архітраў, фрыз, карніз. Узнік на аснове драўлянага бэлечнага перакрыцця, у сваіх формах адлюстроўвае яго структуру. Сфарміраваўся ў класічных ордэрах манум. мураванай архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, дзе выпрацаваны яго прапорцыі. Антаблемент — адзін з важнейшых элементаў паяруснага члянення алтароў і іканастасаў.

Антаблемент.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЭ́Я (польск. basteja),

земляны насып або 2-яруснае мураванае збудаванне, паўкруглае ці падковападобнае ў плане; элемент абарончага сярэдневяковага ўмацавання. Выступала за лінію сцен крэпасці і фланкіравала агнём падыходы да іх. Пераходная форма ад вежы да бастыёна. Бастэі існавалі ў канцы 15—16 ст. і прызначаліся для размяшчэння артылерыі. На Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Геранёнскім (Іўеўскі р-н) замках.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)