ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́Т (ад гідра...+грэч. statos нерухомы),
1) падводны апарат для выканання даследаванняў і інш. работ. Спускаюць на кабель-тросе з судна-базы. Прызначэнне і метады эксплуатацыі такія, як батысферы, аднак гідрастат разлічаны на меншыя глыбіні.
2) Гідрастат у тэхніцы — устаноўка для гідрастатычнага прасавання парашковых матэрыялаў. Парашок засыпаюць у капсулу, дзе яго вібраўшчыльняюць, вакуумуюць і герметызуюць. Капсулу змяшчаюць у спец. кантэйнер, і парашок прасуецца з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам да 1500 МПа (пры халодным прасаванні; пры гарачым — да 500 МПа). Выкарыстоўваецца для папярэдняга ўшчыльнення парашкоў (халоднае прасаванне) перад газастатычным прасаваннем; атрымання з парашкоў бессітаватых гатовых вырабаў або загатовак для аб’ёмнага (гарачага) прасавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНА-НІ́КЕЛЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,
медныя сплавы, у якіх асн. легіруючым элементам з’яўляецца нікель. Пры дабаўленні нікелю да медзі павялічваюцца яе трываласць, каразійная ўстойлівасць, зніжаецца тэмпературны каэф.эл. супраціўлення. Добра апрацоўваюцца ціскам.
М.-н. с. падзяляюць на канструкцыйныя і электратэхнічныя. Канструкцыйныя М.-н.с. — мельхіёр, нейзільбер (мае 5—35% нікелю і 13—45% цынку), куніяль (4—20% нікелю і 1—4% алюмінію), вызначаюцца добрымі антыкаразійнымі ўласцівасцямі і прыгожым серабрыстым колерам. Выкарыстоўваюць у суднабудаванні, для вытв-сці посуду і маст. вырабаў. Электратэхнічныя М.-н.с. — канстантан (39—41% нікелю і 1—2 % марганцу), капель (42,5—44 % нікелю і 0,1—1% марганцу), маюць высокае эл. супраціўленне. Выкарыстоўваюць для вырабу рэзістараў, рэастатаў, тэрмапар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖКАў металаапрацоўцы,
1) шматлязовы металарэзны інструмент, якім на працяжных станках апрацоўваюць унутраныя і вонкавыя паверхні загатовак. Уяўляе сабой стрыжань з зубамі, памеры якіх паслядоўна павялічваюцца, а форма зменьваецца ад зыходнай (напр., круглай) да зададзенай (напр., квадратнай).
2) Кавальская аперацыя, што выкарыстоўваецца пры апрацоўцы металу ціскам з мэтай памяншэння таўшчыні сценкі і павелічэння даўжыні загатоўкі, якая мае форму стакана, звычайна атрыманай ў выніку нескразной прашыўкі. Робяць на працяжных гідраўлічных прэсах.
3) Тое, што выцяжка.
В.І.Шагун.
Працяжкі: а — для ўнутранага працягвання; б — для вонкавага працягвання; 1 — хваставік; 2 і 5 — пярэдняя і задняя накіравальныя часткі; 3 — рэжучая частка; 4 — калібравальныя зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),
прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.
Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш.Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЯ́ЛЬНІК,
тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗАЧНА-АХАЛАДЖА́ЛЬНЫЯ ВА́ДКАСЦІ,
шматкампанентныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць пры апрацоўцы металаў рэзаннем або ціскам. Прызначаны для змазкі і ахаладжэння металаапрацоўчых інструментаў і дэталей, адначасова змяншаюць знос інструментаў, павышаюць дакладнасць апрацоўкі дэталей, засцерагаюць абсталяванне і дэталі ад карозіі, паляпшаюць санітарна-гігіенічныя ўмовы працы.
Паводле складу адрозніваюць вадкія сумесі нафтапрадуктаў (газа, нафтавае масла) з масларастваральнымі паверхнева-актыўнымі рэчывамі (ПАР) і інш. прысадкамі, водныя растворы электралітаў (соды, нітрату натрыю і інш.) у сумесі з арган. ПАР, эмульсолы (3—10%-ныя водныя эмульсіі індустр. масел з дабаўкамі ПАР і інш прысадак). Найб. пашыраны эмульсолы, якія выкарыстоўваюць пры ўсіх аперацыях апрацоўкі металаў, а таксама для абястлушчвання дэталей, пры тлушчаванні скуры, замасліванні шэрсці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ ЭЛЕМЕ́НТАЎ,
перамяшчэнне і пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні пры розных геахімічных працэсах. Адбываецца ў цвёрдай, вадкай і газападобнай фазах рэчыва, у выглядзе атамаў (ртуць), малекул (кісларод, азот і інш.), іонаў простых і комплексных, золей калоідных раствораў. М.э. вызначаецца ўласцівасцямі элементаў (атамаў, іх ядраў і інш.) і фіз.-хім. ўмовамі асяроддзя (т-рай, ціскам, акісляльна-аднаўленчымі працэсамі і інш.). Змена ўмоў асяроддзя — гал. прычына М.э., прыводзіць да рассеяння хім. элементаў або іх канцэнтрацыі з утварэннем прамысл. радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная М.э. назіраецца пры працэсах метасаматызму, хім. дыферэнцыяцыі ў расплавах магмы, марскіх вадаёмах і інш. На заканамернасцях М.э. базіруюцца метады геахімічных пошукаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАПЛА́СТ,
прынятая ў СССРгандл. назва полі-3,3-біс-(хлорметыл) аксетану; сінтэтычны тэрмапластычны лінейны палімер, [CH2C(CH2Cl)2CH2O]. Сінтэзаваны ў 1951 у Вялікабрытаніі. Прамысл.вытв-сць пачата ў 1959 у ЗША, дзе яго выпускаюць пад назвай пентон.
Бясколернае рогападобнае рэчыва, мал. м. (100—250) 103, шчыльн. 1400 кг/м³, tпл 180 °C (раскладаецца пры 285 °C). Раствараецца ў цыклагексаноне, хлорбензоле пры t > 100 °C. Паводле трываласных паказчыкаў блізкі да поліпрапілену. Устойлівы да ўздзеяння мінер. кіслот, шчолачаў, масел, нітрабензолу, раскладаецца моцнымі акісляльнікамі (напр., олеумам). У вырабы перапрацоўваюць ліццём пад ціскам, экструзіяй, вакуум- і механапнеўмафармаваннем. мех. апрацоўкай. Выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для вырабу прэцызійных дэталяў і дэталяў вузлоў трэння), для футроўкі хім. абсталявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́БІНДЭРА ЭФЕ́КТ,
эфект адсарбцыйнага зніжэння трываласці цвёрдага цела з прычыны абарачальнага фіз.-хім. ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Адкрыты П.А.Рэбіндэрам у 1928.
Праяўляецца ў шматразовым зніжэнні трываласці, павышэнні крохкасці, памяншэнні даўгавечнасці цвёрдага цела (напр., растрэскванне шкла, горных парод у прысутнасці вады, разбурэнне палімерных матэрыялаў пад уплывам арган. растваральнікаў), а таксама павышэнні пластычнасці цвёрдых матэрыялаў і аблягчэнні іх дыспергавання. Паверхневымі працэсамі, што выклікаюць Р.э., акрамя адсорбцыі, могуць быць змочванне (асабліва цвёрдых цел расплавамі, блізкімі, па малекулярнай прыродзе), эл. зараджанне паверхні, хім. рэакцыі. Выкарыстоўваюць Р.э. для аблягчэння апрацоўкі металаў ціскам і рэзаннем, тонкага драбнення горных парод і цэментнага клінкеру, пры свідраванні і праходцы тунэляў.
Літ.:
Горюнов Ю.В., Перцов Н.В., Сумм Б.Д. Эффект Ребиндера. М., 1966.