МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д «СТРОММАШЫ́НА» Пабудаваны ў 1913 у Магілёве як чыгуна-медналіцейны з-д, з 1922 металаапр.з-д «Адраджэнне», у 1940 з далучэннем аўтарамонтнага з-да — авіяцыйны з-д. Ў Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Куйбышаў (цяпер Самара), цэхі ў асн. разбураны. Адноўлены ў 1946 з сучаснай назвай. У 1964—75 вырабляў пасажырскія ліфты. Прадукцыя (1999): тэхнал. лініі па вырабе керамічнай цэглы, керамзітавага жвіру, азбестацэментавых шыферу і труб, жалезабетонных шпал для магістральных чыгунак, мяккай дахоўкі (руберойд, шклопалатно); абсталяванне для вытв-сці пясчана-цэментавых вырабаў, рамы лесапільныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ УСПЕ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Міёры Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1907 з цэглы на беразе Мёрскага воз.Манум. 3-нефавы 2-вежавы храм з 5-граннай апсідай, да якой з паўд. боку далучана сакрысція. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. 3-ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтр. аркатурны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Засн. ў 1909—10 у Мінску як сезонны цагельны з-д. З 1929 цагельны з-д № 1. У 1932 рэканструяваны і расшыраны. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1946 адноўлены. У 1958 аб’яднаны з з-дам буйных сілікатных блокаў і цэглы ў камбінат буйнаблочных буд. канструкцый. У 1959 далучаны з-д гіпсабетонных перагародачных панэлей. З 1971 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): сілікатная цэгла, блокі сценавыя і перагародачныя, сценавыя панэлі з ячэістага бетону, пліты полістырольныя, тратуарная плітка, упакоўка з полістыролу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ КАФЛЯ́НА-ГАНЧА́РНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Мелі газавыя і паравыя рухавікі, лакамабіль, паравыя катлы. На з-дзе купца Авербаха (дзейнічаў у 1897—1914) у 1898 працавала 47 чал., выпушчана тэракотавых вырабаў на 2,8 тыс.руб., ганчарных на 25 тыс.руб., кафлі на 22,5 тыс.руб. На з-дзе купца Поляка (дзейнічаў з 1883 як з-д кафлянай пліткі) у 1895 працавала 67 чал., выпушчана кафлі, тэракотавых аздабленняў і вогнетрывалай цэглы на 25,1 тыс.руб.Гл. таксама Мінскі фарфоравы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РГАЛА (італьян. pérgola),
абвітая павойнымі раслінамі альтанка або калідор з трэльяжаў (лёгкіх кратаў каркаснай канструкцыі) на арках ці слупах; элемент архітэктуры малых форм. Мае дэкар.-функцыян. прызначэнне. Пашыраны ў тэрасных садах 16 ст. і пейзажных парках 17—18 ст., дзе з’яўляліся аб’ёмнымі акцэнтамі на фоне падстрыжаных сценак-шпалераў насаджэнняў. Выкарыстоўваюцца ў сучасным паркавым буд-ве для ўзбагачэння кампазіцыйнага вырашэння будынкаў (завяршэнне аб’ёмаў, афармленне ўваходаў і інш.). Сцены і стойкі П. робяць з цэглы, каменю, дрэва і інш., бэлькі — з драўляных дошак, брусоў, жэрдак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1825—28 з цэглы і бутавага каменю. Прамавугольны ў плане будынак накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам. Сцены складзены з абчасанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон гал. фасада цагляныя, атынкаваныя. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (18 ст.) — характэрныя ўзоры нар.манум.-дэкар. мастацтва. У падбрамнай званіцы — звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШНІК,
гаспадарчая пабудова для вырошчвання і ўтрымання с.-г. птушкі. Уключае асн. і падсобныя (салярый, склады і інш.) памяшканні. Будуюць П. з жалезабетонных блокаў, цэглы, дрэва. Бываюць П. падлогавага і клетачнага ўтрымання. Тып П. залежыць ад віду, узросту птушкі, кірунку яе гасп. выкарыстання. Пры падлогавым утрыманні П. падзяляюць метал. сеткай на асобныя секцыі (у кожнай секцыі размяшчаюць да 700—1000 птушак), агульная ўмяшчальнасць 2,5—20 тыс. Пры клетачным утрыманні П. падзяляюць на асобныя залы, дзе размяшчаюць клетачныя батарэі, іх агульная ўмяшчальнасць павялічваецца ў 2—3 разы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,
помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 × 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах. рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЗКЁЙ (Boğazköy),
рэшткі стараж. сталіцы Хецкай дзяржавы г. Хатусас на тэр. сучаснага г. Багазкёй (Цэнтр. Анатолія, Турцыя). Заснаваны на паселішчы эпохі энеаліту каля 1500 да нашай эры. Агульная пл. больш за 121 га. Быў абкружаны сцяной з каменю і сырцовай цэглы, меў 3 брамы, упрыгожаныя рэльефнымі выявамі воінаў, ільвоў і сфінксаў. Раскопкі выявілі рэшткі 4 храмаў, некалькіх свецкіх будынкаў, сховішча гліняных таблічак з надпісам (больш за 10 тыс.). За сценамі горада размяшчаліся скальнае свяцілішча Язылыкая з выявамі хурыцкіх багоў, іх служак і іерагліфічнымі надпісамі, могільнік з вял. колькасцю трупаспаленняў. Разбураны каля 1200 да нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАНАПО́РНАЯ ВЕ́ЖА,
збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).