БАРА́ШКА (Ілары) (Іларыён Мацвеевіч; 25.7.1905, Мінск — 3.6.1968),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1930), Кінаакадэмію ў Маскве (1938). У 1932—36 на кінастудыі «Белдзяржкіно» ў Ленінградзе. З 1924 друкаваў апавяданні, бытавыя абразкі, нарысы (зб-кі «У прасторы», 1926, «Камунары» і «На розныя тэмы», 1931, і інш.). Аўтар аповесці «Рыгор Галота» (1929), казак і апавяданняў для дзяцей, сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў («Дняпро ў агні», 1937, з Р.Кобецам; «Георгій Скарына», 1963, і інш.).
Тв.:
Блізкія далі: Апавяданні. Мн., 1959.
т. 2, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАЎЛЁЎ (Леанід Вячаслававіч) (н. 8.10.1936, Масква),
расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Дэбютаваў у фільме «Мічман Панін» (1960). Талент камед., вострахарактарнага акцёра выявіўся ў фільмах «Залатое цяля» (1968), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Самазабойца» (1991). Сярод інш. фільмаў: «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Вій», «Старэйшая сястра» (абодва 1967), «Пачатак» (1970), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Афоня» (1975), «Ты — мне, я — табе» (1977), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1980) і інш.
т. 9, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПЛЕР (Аляксей Якаўлевіч) (11.10.1904, Кіеў — 11.9.1979),
расійскі кінадраматург. Засл. дз. маст. РСФСР (1969). Адзін з заснавальнікаў т-ра «Арлекін» у Кіеве (1919). З 1939 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Ленін у Кастрычніку» (1937), «За вітрынай універмага» (1956), «Паласаты рэйс» (1961, у сааўт.), «Чалавек-амфібія» (1962, паводле рамана А.Бяляева), «Прымаю бой» (1966), «Сіняя птушка» (паводле М.Метэрлінка, 1976, у сааўт.), тэлефільма «Вера, Надзея, Любоў» (1972) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1981.
т. 8, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ТАВА (Кіра Георгіеўна) (н. 5.11.1934, г. Сарокі, Малдова),
расійскі кінарэжысёр. Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). Яе рэжысёрская стылістыка эвалюцыяніравала ад тонкага лірызму ранніх фільмаў да ўсё больш жорсткай манеры, заснаванай на іранічнай адхіленасці і гратэскнай дэфармацыі: «Кароткія сустрэчы» (1968), «Доўгія провады» (1971, выйшаў на экран у 1987), «Калі пазнаеш белы свет» (1980), «Сярод шэрых камянёў» (1983), «Перамена долі» (1988), «Астэнічны сіндром» (1990), «Чуллівы міліцыянер» (1991), «Захапленні» (1994), «Тры гісторыі» (1996), «Ліст у Амерыку» (1999) і інш.
т. 11, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУМЕНТА́ЛЬНАЕ КІНО́,
від кінамастацтва, заснаванага на здымках сапраўдных жыццёвых падзей, з’яў, фактаў. Складаецца з кінахронікі, якая ў рэпартажных і хранікальных паведамленнях аператыўна інфармуе гледачоў пра найважнейшыя падзеі, і вобразнай кінапубліцыстыкі (дакумент. фільм). З паяўленнем тэлебачання ўзнікла тэлевізійнае Д.к., якое, выкарыстоўваючы прыёмы, формы, прынцыпы кінамастацтва, зрабіла разнастайныя з’явы і падзеі рэальнага жыцця масавым відовішчам.
Узнікненне Д.к. звязана з зараджэннем кінематографа. Першыя здымкі (1895) вынаходнікаў кіно братоў Люм’ер былі зроблены з натуры. Развіццё сав. Д.к. звязана з пошукамі рэжысёраў Дз.Вертава, У.Гардзіна, У.Ерафеева, У.Шнейдэрава, Р.Кармэна, аператараў Р.Гібера, Э.Цісэ, А.Лявіцкага і інш. У гады 2-й сусв. вайны вял. значэнне набыў рэпартаж. Дасягненні Д.к. ў пасляваен. час знайшлі канцэнтраванае выражэнне ў фільме «Звычайны фашызм» рэжысёра М.Рома.
На Беларусі развіццё кінематографа пачалося з хронікі. У 1925 выйшлі першыя кінавыпускі і дакумент. фільм «У здаровым целе — здаровы дух» (рэж. і аператар М.Лявонцьеў). У 1925—27 аператары Лявонцьеў і М.Люлякоў рэгулярна здымалі хранік. сюжэты пра важныя падзеі ў грамадска-паліт. жыцці рэспублікі. У 1931 створаны сектар кінахронікі ў Белдзяржкіно. пачаўся выпуск кіначасопісаў. У 1935 арганізавана Мінская студыя кінахронікі. У Вял. Айч. вайну бел. кінадакументалісты стварылі летапіс партыз. барацьбы ў рэспубліцы, рабілі франтавыя кінавыпускі; яны ўдзельнічалі ў здымках фільмаў «Дзень вайны» і «У тыле ворага» (абодва 1942), «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Бабруйскі кацёл» (усе 1944), поўнаметражнага «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, рэж. У.Корш-Саблін і М.Садковіч); асобныя кінакадры бел. аператараў выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З 1944 дакумент. фільмы здымалі на адноўленай кінастудыі «Беларусьфільм». У пасляваен. час у галіне Д.к. працавалі рэжысёры Л.Голуб, Корш-Саблін, С.Сплашноў, І.Вейняровіч. У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1968 існуе як аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод вядомых дзеячаў Д.к. Беларусі П.Аліфярэнка, В.Дашук, Ю.Лысятаў, І.Пікман, Б.Сарахатунаў, У.Стральцоў, У.Сукманаў, С.Фрыд, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі.
Г.В.Ратнікаў.
т. 6, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРТАН, Бартан (Burton; сапр. Джэнкінс; Jenkins) Рычард (10.11.1925, г. Суонсі, Вялікабрытанія — 5.8.1984), англійскі акцёр. Вучыўся ў Оксфардзе. На сцэне з 1941. Вядомы як выканаўца роляў у п’есах У.Шэкспіра ў Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры і т-ры «Олд-Вік». З 1949 у кіно. У 1966 разам з жонкай Э.Тэйлар заснаваў кінакампанію «Тэйбёр». Праславіўся ў ролі Джымі Портэра — маладога бунтара супраць маральных і сац. асноў грамадства ў фільме «Азірніся ў гневе». Сярод інш. фільмаў: «Клеапатра», «Хто баіцца Вірджыніі Вульф?», «Утаймаванне свавольніцы», «1984».
т. 3, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Бэт) (Рут Элізабет; 5.4.1908, г. Лоўэл, штат Масачусетс, ЗША — 6.10.1989),
амерыканская актрыса. Адукацыю атрымала ў драм. школе. З 1928 выступала ў т-рах Брадвея. З 1931 у кіно. Напачатку выконвала ролі інжэню і «ракавых спакусніц». У 1934 у фільме «Цяжар пачуццяў чалавечых» (паводле У.С.Моэма) упершыню паказала складаны, супярэчлівы ўнутр. свет чалавека. Стварала вобразы валявых, незалежных жанчын, здольных выжыць насуперак лёсу. Сярод фільмаў: «Іезавель», «Змрочная перамога», «Лісічкі», «Усё пра Еву», «У цэнтры буры», «Што здарылася з Бэбі Джэйн?», «Жнівеньскія кіты».
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РБА (Garbo) Грэта [сапр. Густафсан
(Gustafsson) Грэта Лавіса; 18.9.1905, Стакгольм — 15.4.1990], амерыканская кінаактрыса шведскага паходжання. Вучылася ў Каралеўскай акадэміі тэатр. мастацтваў у Стакгольме. З 1923 здымалася ў кіно, з 1926 у Галівудзе. Буйнейшая трагічная актрыса ў гісторыі кінематографа. Вобразы, створаныя Гарбай, адметныя драматызмам, псіхал. глыбінёй. Шчырасць і сардэчнасць ігры актрысы, прыродная абаяльнасць прынеслі ёй сусв. вядомасць. Сярод фільмаў: «Чароўная жанчына» (1928),
«Каралева Крысціна» (1933), «Ганна Карэніна» (1935), «Дама з камеліямі» (1937). З 1941 не здымалася. У 1954 атрымала спец. прэмію «Оскар».
т. 5, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАСТУ́ДЫЯ (ад кіна... + студыя),
прадпрыемства па вытв-сці кіна- і тэлефільмаў, якое аб’ядноўвае мастацка-творчыя і вытв.-тэхнал. працэсы. Бываюць К. мастацкіх, хранікальна-дакументальных, навук.-папулярных, мультыплікацыйных фільмаў, а таксама аб’яднаныя К., якія выпускаюць фільмы розных жанраў (напр., «Беларусьфільм», «Масфільм»).
Пры К. звычайна працуюць маст. саветы, розныя аддзелы (сцэнарны, акцёрскі і інш.), цэхі і майстэрні (дэкаратыўна-тэхн. збудаванняў, здымачнай тэхнікі, апрацоўкі кінаплёнак, кінамантажу, гукатэхнічны і інш.). Асн. вытв. памяшканні К. — кіназдымачныя павільёны са спец. абсталяваннем і апаратурай. Гл. таксама Кінамастацтва, Кінатэхніка.
т. 8, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)