«ТРЫ́ЦЦАЦЬ ТЫРА́НАЎ»,

алігархічны ўрад, які кіраваў Афінамі ў крас.—снеж. 404 да н.э. Выбраны нар. сходам пад націскам Спарты пасля паражэння Афін у Пелапанескай вайне. У склад урада ўвайшлі зацятыя праціўнікі дэмакратыі на чале з Крытыем і больш памяркоўныя алігархі на чале з Фераменам. На аснове высокага маёмаснага цэнзу «Т.т.» абмежавалі колькасць паўнапраўных грамадзян да 3 тыс. чал., са сваіх стаўленікаў прызначылі «Раду 500», праводзілі рэпрэсіі ў адносінах да прыхільнікаў дэмакратыі (знішчана не менш як 1500 чал.). У выніку паўстання Крытый быў забіты, рэжым «Т.т.» скінуты; у Афінах адноўлена дэмакр. праўленне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],

1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.

2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1793—95. Цэнтр — г. Гродна. Утворана паводле рашэння Гродзенскага сейма 1793, калі Гродзенскі пав. Трокскага ваяв. пераўтвораны ў самаст. ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) указам рас. ўрада ад 25.12.1795 ваяводства пераўтворана ў Гродзенскі пав. Слонімскай губ. 2) Назва, якая выкарыстоўвалася паўстанцамі ў адносінах да Гродзенскай губ. ў перыяд падрыхтоўкі і ў ходзе паўстання 1863—64.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІЛІЗА́ЦЫЯ ЧАСТАТЫ́ ў радыётэхніцы,

падтрыманне пастаянства частаты эл. ваганняў аўтагенератара (гл. Генератар у радыётэхніцы).

Меры С.ч. накіраваны на павышэнне ўстойлівасці частаты генератара ў адносінах да дэстабілізаваных фактараў (змен т-ры, вільготнасці, атм. ціску, сілкавальных напружанняў, старэння дэталей і інш.). Такое павышэнне дасягаецца павелічэннем дыхтоўнасці вагальнасці сістэмы, тэрмастатыраваннем аўтагенератара, стабілізацыяй сілкавальных напружанняў і інш. Найб. пашырана кварцавая С.ч. (гл. Кварцавы генератар). Найб. С.ч. маюць квантавыя стандарты частаты.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЧЭ́БНАЯ Э́ТЫКА,

сукупнасць неабходных для захавання ўмацавання здароўя чалавека маральна-этычных фактараў, якімі кіруюцца работнікі аховы здароўя. Паводле клятвы Гіпакрата, адна з гал. якасцей у адносінах урача да хворага. Уключае ўзаемаадносіны ўрача і хворага, урачоў паміж сабой і з інш. мед. персаналам, становішча ўрача ў грамадстве і інш.; прадугледжвае захаванне ўрачэбнай тайны, гуманізм і маральна-этычныя праблемы трансплантацыі, неўмяшанне без згоды хворага і інш.

Э.​А.​Вальчук.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГА́МІЯ (ад гетэра... + ...гамія),

1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.

2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСМАІЛІ́ТЫ,

прыхільнікі мусульманскай шыіцкай секты, што ўзнікла ў сярэдзіне 8 ст. ў Араб. халіфаце. Назва ад імя Ісмаіл (старэйшага сына 6-га шыіцкага імама), якога І. ў адрозненне ад інш. шыітаў лічылі законным 7-м імамам. У складанай рэліг.-філас. сістэме І. адчувальны ўплыў неаплатанізму, хрысц. гнастыцызму і інш. Вучэнне І. насіла апазіцыйны характар у адносінах да артадаксальнага ісламу. Распаўсюджаны ў Індыі, Пакістане, Іране, Егіпце, Паўн. Афганістане, Усх. Афрыцы, Сірыі, Таджыкістане.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛДУІН (Baldwin) Стэнлі (3.8.1867, Б’юдлі, графства Херэфард-энд-Вустэр, Вялікабрытанія — 14.12.1947),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Трыніты-каледж (г. Кембрыдж). Быў саўладальнікам буйнейшай сталеліцейнай фірмы «Болдуінс лімітэд». З 1908 чл. парламента. Міністр гандлю (1921—22), фінансаў (1922—23), прэм’ер-міністр (1923—24, 1924—29, 1935—37). У 1923—37 лідэр Кансерватыўнай партыі. Урад Болдуіна сілай спыніў усеаг. забастоўку 1926 у Вялікабрытаніі, у 1930-я г. праводзіў палітыку «прымірэння» ў адносінах да фашысцкіх Італіі і Германіі. Схіліў караля Эдуарда VIII да адрачэння ад прастола (1936).

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУБО́ЦКАЯ ГРАМАДА́ (ад укр. парубок — хлопец, халасцяк),

аб’яднанне, саюз нежанатай моладзі на ПдЗ Беларусі і на Украіне; перажытак старадаўніх мужчынскіх саюзаў, у якім зберагліся сляды першабытнага калектывізму. Існавала да пач. 20 ст. У П.г. прымалі хлопцаў з 17—18-гадовага ўзросту. Унутры саюза існавалі звычаі і няпісаныя правілы паводзін у адносінах да сваіх сяброў і дзяўчат-аднавясковак. За ўступленне ў П.г. браўся невялікі грашовы ўзнос. Мела агульную касу, выбарнага атамана, месца зборышчаў (на вуліцы, ігрышчах, вячорках). Адыгрывала пэўную ролю ў грамадскім жыцці вёскі, карысталася прызнаннем бацькоў, сельскай грамады.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНАГА ІМУНІТЭ́ТУ,

тэорыя, у адпаведнасці з якой дзяржава паводле свайго суверэнітэту карыстаецца імунітэтам пры ажыццяўленні паліт. кіравання. Калі дзяржава ўступае ў маёмасныя і прыраўнаваныя да іх праваадносіны, яна тым самым адмаўляецца ад імунітэту, ставіць сябе ў становішча прыватнай асобы і падпарадкоўваецца звычайнаму камерцыйнаму рэжыму. У адпаведнасці з гэтай тэорыяй дзяржава, якая ажыццяўляе знешнегандл. здзелкі, можа быць прыцягнута да замежнага суда на агульных падставах у адносінах такіх здзелак; звязаная з імі маёмасць на тых жа падставах можа быць аб’ектам спагнання нават без згоды з боку адпаведнай дзяржавы.

т. 16, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)