індывідуальная прылада працяглага ці аднаразовага карыстання для аховы органаў дыхання чалавека ад пылу і шкодных рэчываў. Складаецца з маскі (паўмаскі) і фільтра (вата, фетр, спец.тканіна і інш.). Існуюць ізалявальныя (шлангавыя, кіслародныя), што выкарыстоўваюцца пры недастатковай колькасці ў паветры кіслароду (менш за 16%) ці пры наяўнасці ў паветры шкодных рэчываў (напр., пры аварыйна-выратавальных работах), а таксама фільтравальныя (супрацьпылавыя), якія выкарыстоўваюць і для аховы ад радыеактыўнага пылу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́ЗМ,
слова, запазычанае з дыялектаў арабскіх народаў і літаратурнай арабскай мовы. Невялікі пласт арабізму вядомы ў старабел. мове 16—17 ст., куды яны трапілі пераважна праз пасрэдніцтва цюркскіх моў у выніку ваен. і эканам. зносін славян з цюркамі: «атлас» (шаўковая тканіна), «мула» (у форме «молла»), «кайданы», «каран», «султан» і інш. Некаторыя арабізмы ўвайшлі ў мовы многіх народаў свету: «алкаголь», «іслам», «мумія», «халіф» і інш. У наш час арабізмы трапляюцца пераважна ў перакладах з арабскай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МША (польск. zamsz),
1) скура тлушчавага ці камбінаванага (фармальдэгідна-тлушчавага) дублення, якую вырабляюць са шкур аленя, авечкі і інш. Вызначаецца мяккасцю, аксаміцістасцю, воданепранікальнасцю, значнай сітаватасцю. Афарбоўваюць у розныя колеры (неафарбаваная — светла-жоўтая). Выкарыстоўваюць для вырабу абутку, адзення, пальчатак. З. штучную вырабляюць прамочваннем тканіны з замшападобным ворсам гумавым клеем (для абутку) ці нанясеннем здробненых баваўняных валокнаў на слой гумавага клею на тканіне (для галантарэйных вырабаў).
2) Баваўняная тканіна атласнага перапляцення нітак з начасаным ворсам на добрым баку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВАНАТКА́ЦТВА,
ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.
Ручное ткацтва робіцца на верт. або гарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз. або верт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.
На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».
Да арт.Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).Да арт.Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),
узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш.Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар.дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.
Літ.:
Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);
Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;
Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.
Я.М.Сахута.
Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.Да арт.Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.Да арт.Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.Да арт.Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.Да арт.Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.
Засн. ў 1978 як з-дсінт. валакна. З 1983 сучасная назва. Выпускала кордавую тканіну для шыннай прам-сці. У 1980 уведзена 2-я чарга па вытв-сці тэкстураванай жгутавай ніткі дывановага асартыменту, у 1989 — 3-я чарга па выпуску звыштрывалай кордавай тканіны, у 1997 — устаноўка па выпуску капронавай крошкі. Асн. прадукцыя (1996): ніткі жгутавыя капронавыя для дываноў, кордавая капронавая тканіна, валакно штапельнае, паліаміды; тавары нар. ўжытку (больш за 30 відаў). Асн. спажыўцы (1996): Англія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Галандыя, Германія, ЗША, Італія, Польшча, Чэхія, Швейцарыя, Японія, краіны СНД і Прыбалтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ДЗІНА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 20.6.1945, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1997 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Сярод твораў: габелены «Нацюрморт з пэндзлямі» (1976), «Беларуская песня» (1977), «Натхненне» (1980), «Мінск» (1983), «Інтэр’ер» (1988), «Зёлкі» (1994), «Пакаянне» (1996); жакардавая тканіна «Стары і новы Мінск» для рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977) і інш. Выканала габелены-заслоны для Палаца культуры ў г. Бярдзічаў, (Украіна, 1985, з В.Крываблоцкай) і Палаца рэспублікі ў Мінску (1997, з В.Крывашэевай). У работах гармонія ліній, рытмаў і колераў спалучаецца з лірызмам, багатай вобразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСЧАЎНАКО́ВЫ СТАНО́К,
ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.
Пабудаваны ў 1929—30 у Магілёве як шаўковая ф-ка. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1948 пад сучаснай назвай. У 1955 пушчана 2-я чарга вытв-сці віскознага шоўку. У 1959 здадзена ў эксплуатацыю вытв-сць цэлафану, у 1960 — штапельнага валакна, у 1970 — глыбокага друку на поліэтыленцэлафанавай плёнцы, у 1972 — цэх сінт. валакна, у 1974 — цэх газаачысткі на штапельнай вытв-сці, у 1976 — вытв-сць віскознай абалонкі для сасісак. З 1975 у Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно». Асн. прадукцыя (1999): віскозная тэкст. нітка, абалонка цэлюлозная для сасісак, поліпрапіленавая плёнка, поліэтыленавая плёнка, тканіна з поліпрапіленавай плёначнай ніткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Ала Іванаўна) (н. 23.12.1951, г.п. Моніна Маскоўскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры. У творчасці выкарыстоўвае традыцыі нар.маст. ткацтва. Сярод твораў батык «Кантрасты» (1976), серыя ручнікоў «Па матывах слуцкіх паясоў» (1978), габелены «Барысаў» (1980), «Адлюстраванне» (1984), пакрывала «Восень» (1982), серыі дэкар. тканін «Елачка», «Фактурная», «Святочная» (усе 1987), «Мажорны настрой» (1989), заслоны для палацаў культуры «Лясныя напевы» (1990) у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., «Экспромт» (1992) у г. Івацэвічы Брэсцкай вобл., «Залацісты» (1994) у г. Жодзіна Мінскай вобл., ручнікі «Кветкі», «Цецерукі», «Нацюрморт» (усе 1995), «Спадчына» (1996), «Золата Нясвіжа» (1997), дэкар.тканіна «Месячная дарога» (1998).