ПЕГМАТЫ́Т [ад грэч. pēgma (pēgmatos) змацаванне, сувязь],
светлаафарбаваная буйназярністая вывергнутая (пераважна жыльная) горная парода. Найб. пашыраны гранітныя П. кіслага саставу, складзеныя з кварцу, мікракліну, кіслага плагіяклазу і слюд. Характэрны заканамерныя графічныя прарастанні мікракліну кварцам, т. зв. пегматытавая структура, што абумовіла назвы «пісьмовы граніт», «графічны пегматыт», «яўрэйскі камень». Крышталізуецца на заключных стадыях фарміравання інтрузіўных масіваў. Залягае ў выглядзе даек, жыл, лінзаў, гнёздаў, слупоў. З П. звязаны радовішчы рэдказямельных мінералаў, слюды, кварцу, каштоўных камянёў, керамічнай сыравіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБІ́РНЫ АНА́ЛІЗ,
метады вызначэння колькасці высакародных металаў (пераважна серабра і золата) у рудах, прадуктах іх абагачэння, сплавах і розных вырабах, у т. л. ювелірных. Заснаваны на сплаўленні пробы даследуемага матэрыялу з сухімі парашкападобнымі рэагентамі і наступным гравіметрычным аналізе атрыманага сплаву. Пробу ювелірных вырабаў (гл.Проба высакародных металаў) звычайна вызначаюць без парушэння іх цэласнасці: параўнаннем ліній, прачэрчаных вырабам і эталоннымі (т.зв. прабірнымі) іголкамі вядомага саставу на прабірным камені (брусок з чорнага або рудога тонказярністага крамяністага сланцу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЫ́Н,
комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных сульфатаў саставу M1MIII(SO4)2∙12H2O ці MI2SO4 × M2III(SO4)3∙24H2O (MI — адназарадны катыён: Na+, K+, Rb+, Cs+, NH4+ і інш.; MIII — трохзарадны катыён: Al3+, Cr3+, Fe3+, Ga3+ і інш.). Існуюць таксама селенатны галын саставу MIMIII(SeO4)2∙12H2O і т.зв. псеўдагалын, які ўтвараюць двухзарадныя катыёны, напр. FeSO4xAl2(SO4)3∙24H2O.
Вядома некалькі дзесяткаў галынаў. Пры звычайных умовах устойлівыя крышт. рэчывы з вяжучым, кіслым смакам. На ўласцівасці галынаў больш значна ўплывае адназарадны катыён M+, У галынаў, якія маюць аднолькавы катыён M3+, у радзе Na, K, NH4, Rb, Cs растваральнасць у вадзе памяншаецца, т-ра плаўлення і тэрмічная ўстойлівасць павялічваюцца (напр., алюманатрыевы галын мае tпл 61 °C, алюмацэзіевы — 117 °C). Пры награванні плавяцца ў крышталізацыйнай вадзе, потым дэгідратуюць у 2 ці некалькі стадый. Прадукт дэгідратацыі — галын бязводны ці палены.
У прыродзе трапляецца алюмакаліевы, алюманатрыевы (мінерал чэрмігіт). Выкарыстоўваюць у асн.алюмініевы галын, хромава-каліевы (гл.Хромавы галын) і жалеза-амоніевы для дублення скуры, праклейвання паперы, як пратраву пры фарбаванні тканін, каагулянты пры водаачыстцы, рэактывы ў фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн.фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;
Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. састаў касм. цел, законы распаўсюджвання і размеркавання хім. элементаў у Сусвеце, працэсы спалучэння і міграцыі атамаў пры ўтварэнні касм. рэчыва. У К. даследуюцца праблемы паходжання хім. элементаў, гісторыі касм. рэчыва з моманту яго ўзнікнення да сучаснага стану ў аб’ектах Сонечнай сістэмы, рэканструкцыі дагеал. этапу гісторыі Зямлі і інш. Раздзелы К. — К. ізатопная і К. ядзерная, вылучаны як асобныя навукі.
У 1937 (год узнікнення К. як самаст. навукі) на аснове даных аб саставе метэарытаў, рэчыва Сонца і зорак нарв. геахімік В.М.Гольдшміт склаў поўную табліцу распаўсюджанасці хім. элементаў і іх ізатопаў у космасе. Далейшае развіццё К. звязана з навук. працамі амер. фізікахіміка Г.Юры і сав. геахіміка А.П.Вінаградава. Да 1950-х г. даследаванні хім. працэсаў у касм. прасторы і саставукасм. цел ажыццяўляліся ў асн. шляхам спектральнага аналізу рэчыва Сонца, зорак, часткова знешніх слаёў атмасферы планет. Непасрэдным метадам вывучэння касм. цел быў аналіз хім. і фазавага саставу метэарытаў (гл.Геахімія). У апошні час К. значна развіваецца дзякуючы дасягненням касманаўтыкі, якая зрабіла магчымымі непасрэдныя даследаванні пазаземнага рэчыва.
Літ.:
Изотопная геохимия и космохимия. М., 1990;
Тугаринов А.И. Общая геохимия: Краткий курс. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РНЕР ((Werner) Альфрэд) (12.12.1866, г. Мюлуз, Францыя — 15.11.1919),
швейцарскі хімік, заснавальнік хіміі комплексных злучэнняў. Скончыў Політэхн.ін-т у г. Цюрых (1889). З 1893 праф. Цюрыхскага ун-та. Навук. працы па даследаванні будовы неарган. злучэнняў. Прапанаваў каардынацыйную тэорыю будовы комплексных злучэнняў, якая абвяргала ўяўленні аб пастаянстве лікаў валентнасці. Сінтэзаваў мноства комплексных злучэнняў, распрацаваў іх сістэматыку і эксперым. метады ўстанаўлення саставу і будовы. Нобелеўская прэмія 1913.
Літ.:
Старосельский П.И., Соловьев Ю.И. Альфред Вернер и развитие координационной химии. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ДО́СЛЕДНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1946 у г. Бабруйск як аўтарамонтная майстэрня. З 1960 з-д нестандартнага абсталявання для тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў і па вытв-сці спецыялізаванага рухомага саставу для перавозкі грузаў. З 1967 мае сучасную назву. З 1972 у складзе вытв.-тэхн. аб’яднання «Аўтатранстэхніка». Асн. прадукцыя (1995): самазвальныя і бартавыя прычэпы і паўпрычэпы да аўтамабіляў грузападымальнасцю 5,5—12,5 т, абсталяванне гаражнае, для рамонту і абслугоўвання аўтамабіляў, выпускае таксама метал. кіёскі, гаражы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРТЫ́Т (ад грэч. anorthos косы),
мінерал групы палявых шпатаў, Са[Al2Si2O8], крайні член ізаморфнага рада плагіяклазаў. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі сустракаюцца рэдка; звычайна зерні і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,8 г/см³. Пераважна магматычнага паходжання. Анартыт — пародаўтваральны мінерал горных парод асн.саставу (габра, базальты і інш.), якія трапляюцца на Беларусі ў адкладах дакембрыю. Знойдзены ў некаторых метэарытах. Выкарыстоўваецца ў керамічнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬДЭР ((Alder) Курт) (10.7.1902, г. Хожаў, Польшча — 20.6.1958),
нямецкі хімік-арганік. Скончыў Кільскі ун-т (1926). У 1936—40 навук. кіраўнік аддзела канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры» ў Леверкузене, з 1940 дырэктар хім. ін-та Кёльнскага ун-та. Адкрыў у 1928 сумесна з О.Дзільсам прынцып і распрацаваў асновы дыенавага сінтэзу, даследаваў яго заканамернасці (правіла Альдэра) і стэрэахім. асаблівасці, выкарыстаў гэту рэакцыю для вывучэння хім.саставу рэчываў прыроднага паходжання (тэрпенаў, эргастэрыну і вітаміну D). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Дзільсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕАТРО́ПНЫЯ СУ́МЕСІ, азеатропы (ад а... + грэч. zeō кіплю + tropē змяненне),
аднародныя вадкія сумесі, якія пры перагонцы ўтвараюць кандэнсат таго самага саставу, што і зыходны раствор. Прысутнасць азеатропаў перашкаджае раздзяленню вадкіх сумесяў і патрабуе спец. метадаў рэктыфікацыі. Некаторыя азеатропныя сумесі кіпяць пры больш высокай ці больш нізкай, чым іх кампаненты, т-ры. Сустракаюцца ў двайных, шматкампанентных сістэмах. Напр., сумесь 95,57% C2H5OH (t кіп. 78,5 °C) і 4,43% H2O (t кіп. 100 °C) утварае азеатропныя сумесі (t кіп. 78,15 °C).