сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.Нежывога, А.Журбы, І.Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп.рас. войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.Р.Шаўчэнкі «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКО́РЫ,
шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл.Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах ўрада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДЫЯ (ням. Kurland),
Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.І.Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл.Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл.Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:
Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIIВаза
(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл.Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап.паліт. жыцці 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ СКАРБ.
Знойдзены ў Брэсце ў 1834. Складаўся з сярэбраных чары і 2 кавалкаў лому, 470 медных солідаў 1659—66 і 87 сярэбраных манет 2-й пал. 17 ст.Рэчы Паспалітай, Прусіі, Саксоніі. Скарб ухаваны ў канцы 17 ст. 39 сярэбраных манет са скарбу захоўваюцца ў Эрмітажы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́БЗА Іван, майстар разьбярнай і сталярнай справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля, дзе разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў ківоты, крэслы і інш.рэчы для царскага дома. У 1683 прымаў удзел ва ўстаноўцы іканастаса ў царкве Данскога манастыра ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАСЕ́ЛЬСКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1977 у в.Вял. Сяло Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Ухаваны ў канцы 1610-х г. Складаўся з 321 сярэбранай і білоннай манеты канца 15 — пач. 17 ст.ВКЛ, Польшчы, Рэчы Паспалітай, Венгрыі, Расіі, Прусіі і інш. дзяржаў. Скарб зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́РХІЯ (ад грэч. oligarchia улада нямногіх),
форма праўлення, пры якой улада належыць невял. групе людзей, звычайна найб. радавітых або заможных. Была характэрная для стараж. Афін, у сярэднявеччы для рэспублік Венецыянскай, Генуэзскай, у 17—18 ст. для Рэчы Паспалітай і інш. Алігархіяй называюць таксама саму́ю кіруючую групу, напр.Фінансавая алігархія.