ЛІКУ́РГ (Lykurgos),

легендарны старажытнагрэчаскі заканадаўца ў Спарце (9—8 ст. да н.э.). Паводле Плутарха, Л. быў дзядзькам і выхавацелем малалетняга цара. Грэч. аўтары 5—4 ст. да н.э. прыпісваюць яму стварэнне ін-таў спартанскага грамадскага і дзярж. ладу, у т. л. савета старэйшын (герусіі), нар. сходу (апелы) і інш. На ўзор Л. свае рэформы ў 3 ст. да н.э. праводзілі цары Агіс IV і Клеамен III. У Спарце існаваў асобны культ Л.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РА (Madero) Франсіска Індалесіо (30.10.1873, Парас, Мексіка — 22.2. 1913),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Вучыўся ў Мексіцы, Францыі, ЗША. Лідэр ліберальнага прадпрымальніцка-памешчыцкага руху супраць дыктатуры П.Дыяса, адзін з арганізатараў і кіраўшкоў (на 1-м этапе) Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Прэзідэнт Мексікі з ліст 1911. Абараняў інтарэсы нац. прадпрымальніцтва і суверэнітэт краіны, абмяжоўваў уплыў замежнага капіталу, але, насуперак сваім абяцанням, выступіў супраць агр. рэформы. Скінуты і забіты ў выніку контррэв. мяцяжу ген. В.​Уэрты.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУД КАРАЛЕ́ЎСКАЙ ЛА́ВЫ,

найстарэйшая судовая ўстанова ў Вялікабрытаніі. Вылучаны з каралеўскай рады ў асобую курыю ў 1178, і напачатку суправаджаў каралёў пры іх раз’ездах па краіне. Пазней асн. яго кампетэнцыяй стаў разгляд найважнейшых крымін. спраў. Ён жа ажыццяўляў нагляд за дзейнасцю ніжэйшых судоў. Адыграў важную ролю ў фарміраванні агульнага права, асн. крыніцай якога прызнаваўся суд. прэцэдэнт. З 19 ст. С.к.л. — аддзяленне Высокага суда, пасля рэформы 1971 яго кампетэнцыя абмежавана разглядам цывільна-прававых спрэчак.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́БСКАЯ ВАЙНА́ 1499, Швейцарская вайна 1499. Вялася ў лют.—вер. імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максімілянам I Габсбургам і Швабскім саюзам супраць Швейц. саюза. Прычынай вайны стала адхіленне швейцарцамі пастаноў Вормскага рэйхстага (1495) аб правядзенні імперскай рэформы (увядзенне агульнаімперскага падатку, стварэнне агульнаімперскіх устаноў), што азначала для Швейц. саюза рэальнае падпарадкаванне імперыі. Пасля шэрагу бітваў, у якіх імперскія войскі пацярпелі паражэнне, 22.9.1499 паміж швейцарцамі і імператарам заключаны Базельскі дагавор, паводле якога фактычна прызнавалася незалежнасць Швейцарыі ад імперыі.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́НАВА,

вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНЫ АБСАЛЮТЫ́ЗМ,

палітыка шэрагу еўрапейскіх абсалютысцкіх дзяржаў у 2-й пал. 18 ст., якая падтрымлівала ідэі Асветніцтва. Выяўляўся ў правядзенні рэформаў, накіраваных на знішчэнне некаторых устарэлых феад. ін-таў. Манархі Іосіф II у Аўстрыі, Фрыдрых II у Прусіі, Кацярына II у Расіі, Густаў III у Швецыі і інш., спрабуючы выкарыстаць папулярнасць ідэй франц. асветнікаў, выстаўлялі сваю дзейнасць як саюз «філосафаў і гасудароў». Асветны абсалютызм быў накіраваны на ўмацаванне панавання дваранства, хоць некаторыя рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст. ўкладу.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІГНА́ЦЫІ (польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),

расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Прапойскае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 16—18 ст. З пач. 16 ст. воласцю кіравалі намеснікі, якім звычайна належала і суседняя Чачэрская воласць. Намеснік падпарадкоўваўся віленскаму ваяводу. Паводле адм. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. (ізаляваныя анклавы П.в., верагодна, адносіліся да Аршанскага пав. і Мсціслаўскага ваяв.). У вер. 1772 далучана да Рас. імперыі, неўзабаве падаравана Кацярынай II кн. А.​М.​Галіцыну, пасля чаго ператварылася ў прыватны маёнтак.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЧЭНЫ (Széchenyi) Іштван (21.9.1791, Вена — 8.4.1860),

венгерскі паліт. і грамадскі дзеяч. Граф. У 1820—30-я г. кіраўнік барацьбы ліберальнага венг. дваранства за рэформы. Прыхільнік паступовых рэформ, праціўнік радыкальных дзеячаў венг. нац.-вызв. руху на чале з Л.​Кошутам. У пач. рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі ўвайшоў ва ўрад Л.​Бацяні як міністр шляхоў зносін (крас. 1848), але ў вер. 1848 адышоў ад паліт. дзейнасці. Выступаў супраць рэжыму, які ўсталяваўся ў Венгрыі пасля паражэння рэвалюцыі. Скончыў самагубствам.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АБ’ЯДНА́НЫЯ ІРЛА́НДЦЫ»

(United Irishmen),

ірландская паліт. арг-цыя ў 1791—98. Створана ў г. Белфаст Т.У.Тонам, Э.Фіцджэралдам, Т.​Раселам і інш. з мэтай дасягнення свабоды каталіцкага веравызнання, правядзення (разам з пратэстантамі) парламенцкай рэформы. З 1794 ператварылася ў падп. рух за незалежнасць Ірландыі. Вяла перамовы з рэв. Францыяй аб ваен. дапамозе. Напярэдадні запланаванага на 1798 паўстання лідэры «Аб’яднаных ірландцаў» былі арыштаваны, што пазбавіла паўстанцаў цэнтралізаванага кіраўніцтва. Толькі ў графстве Уэксфард яны захапілі частку тэр., але не ўтрымалі яе. Паўстанне пацярпела крах.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)