АКІСЛЕ́ННЕ БІЯЛАГІ́ЧНАЕ,

біяхімічны працэс, сукупнасць акісляльна-аднаўляльных рэакцый. Адбываецца ва ўсіх жывых клетках (пераважна ў мітахондрыях), складае аснову тканкавага дыхання і браджэння. Асн. функцыя акіслення біялагічнага — забеспячэнне арганізма энергіяй, якая паступова вызваляецца з арган. рэчываў пры перадачы аднаўляльных эквівалентаў (АЭ) — пратонаў і электронаў (ці толькі электронаў) ад донара да акцэптара (з прычыны рознасці іх акісляльна-аднаўляльных патэнцыялаў) і назапашваецца пераважна ў форме багатых энергіяй сувязяў адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ) і інш. макраэргічных злучэнняў. У аэробаў (большасць жывёл і раслін, многія мікраарганізмы) канчатковы акцэптар АЭ — кісларод. Пастаўшчыкі АЭ — арган. і неарган. рэчывы. Найб. значэнне мае акісленне біялагічнае, якое адбываецца пры гліколізе, акісленні α-кетаглутаравай к-ты і пры пераносе АЭ у ланцугу акісляльных (дыхальных) ферментаў (гл. Акісляльнае фасфарыліраванне). У разліку на 1 малекулу глюкозы гліколіз дае 2, акісляльнае фасфарыліраванне ў дыхальным ланцугу — 34 малекулы АТФ. У працэсе дыхання адбываецца паслядоўнае многаступеньчатае акісленне вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, што прыводзіць да аднаўлення асн. пастаўшчыкоў АЭ для дыхальнага ланцуга, якое ў значнай ступені ажыццяўляецца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Мяркуюць, што гліколіз, цыкл трыкарбонавых кіслот і дыхальны ланцуг функцыянуюць у клетках усіх эўкарыётаў. Рэакцыі акіслення біялагічнага ў клетках каталізуюць аксідарэдуктазы. Акісляльныя рэакцыі, аднак, не заўсёды суправаджаюцца назапашваннем энергіі. Яны таксама нясуць функцыі пераўтварэння рэчываў (напр., пры ўтварэнні жоўцевых к-т, стэроідных гармонаў, на шляхах метабалізму амінакіслот і інш.). Акісленнем абясшкоджваюцца многія чужародныя і таксічныя для арганізма рэчывы (араматычныя злучэнні, недаакісленыя прадукты дыхання і інш.). Такое акісленне біялагічнае наз. свабодным акісленнем і суправаджаецца ўтварэннем цяпла. Мяркуюць, што сістэма пераносу электронаў, якая ажыццяўляе акісляльнае фасфарыліраванне, здольная пераключацца на свабоднае акісленне пры павелічэнні патрэбнасці ў цяпле.

Вывучэнне працэсаў акіслення ў арганізме пачалося ў 18 ст. з прац А.​Лавуазье. Вял. заслуга ў даследаванні акіслення біялагічнага належыць У.І.Паладзіну (разглядаў акісленне біялагічнае як ферментацыйны працэс). Значны ўклад зрабілі таксама сав. вучоныя А.​М.​Бах, У.​А.​Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, С.​Я.​Севярын, У.​П.​Скулачоў, ням. О.​Варбург, Г.​Віланд, англ. Д.​Кейлін, Х.​Крэбс, П.​Мітчэл, амер. Д.​Грын, А.​Ленінджэр, Б.​Чанс, Э.​Рэкер і інш. (лакалізацыя акіслення біялагічнага ў клетцы, сувязь з інш. працэсамі абмену рэчываў, механізмы ферментацыйных акісляльна-аднаўляльных рэакцый, акумуляцыя і пераўтварэнне энергіі і інш.). Гл. таксама Біяэнергетыка.

На Беларусі розныя аспекты акіслення біялагічнага вывучаюць у ін-тах біяарганічнай хіміі, фотабіялогіі, фізіялогіі, біяхіміі (Гродна) АН, БДУ.

Літ.:

Кривобокова С.С. Биологическое окисление: Ист. очерк М., 1971;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

М.​М.​Філімонаў.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PА−PБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЛОГІЯ

Развіццё петралогіі на Беларусі цесна перапляталася з літалагічнымі і мінералагічнымі даследаваннямі; найчасцей яны праводзіліся ў комплексе. У пач. 20 ст. П.​М.​Чырвінскі праводзіў мінералага-петраграфічнае вывучэнне метэарытаў, знойдзеных на Беларусі. У 1920-я г. з больш інтэнсіўным вывучэннем нетраў расшырыліся звесткі пра састаў асадкавых тоўшчаў, але іх петраграфічныя даследаванні абмяжоўваліся ў асн. макра- і мікраскапічным апісаннем структурна-тэкстурных асаблівасцей парод і мінералаў. Звесткі пра мінеральна-петраграфічны і хім. састаў антрапагенавых, мелавых і дэвонскіх глін, балотных руд, цэментавай сыравіны, фасфарытаў змешчаны ў працах М.​Ф.​Бліадухо, Н.​Ф.​Дзенісюка, А.​М.​Жырмунскага, В.​І.​Маеўскага, С.​С.​Малярэвіча, Г.​Ф.​Мірчынка, А.​М.​Розіна, Б.​К.​Тарлецкага і інш., а пра петраграфічныя асаблівасці і мінер. састаў асобных тыпаў парод крышт. фундаменту — у Дз.​М.​Собалева. У пасляваенныя гады прадоўжаны і паглыблены петраграфічныя даследаванні асадкавых, магматычных і метамарфічных парод платформавага чахла і крышт. фундаменту. У 1950—52 Я.​М.​Махлін зрабіў дэталёвае петраграфічнае апісанне парод крышт. фундаменту, ускрытых свідравінамі ў Мінску, Пінску, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на, г.п. Смілавічы. Сістэматычнае комплекснае мінералага-петраграфічнае даследаванне геал. аб’ектаў пачалося з утварэннем у 1955 лабараторыі літалогіі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (з 1970 Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т Упраўлення геалогіі СМ БССР). Пад кіраўніцтвам А.​С.​Махнача ў лабараторыі дэталёва даследаваны пароды дэвонскага і каменнавугальнага ўзросту з мэтай ацэнкі іх перспектыўнасці на нафту і каменны вугаль, дадэвонскія асадкавыя і вулканагенныя адклады, пароды крышт. фундаменту. У 1957 пры Упраўленні геалогіі СМ БССР створана мінералага-петраграфічная лабараторыя для аператыўнай апрацоўкі матэрыялаў геолага-здымачных і пошукава-разведачных экспедыцый і партый. З 1965 ва Упраўленні геалогіі (цяпер РУП «Белгеалогія») пачаты тэматычныя мінералага-петраграфічныя даследаванні, звязаныя з праблемай нафтагазаноснасці тэр. Беларусі і вызначэннем перспектыў крышт. фундаменту і платформавага чахла на метал. карысныя выкапні.

У працэсе глыбіннага геал. карціравання (з 1960-х г.) петралагічныя даследаванні дазволілі вылучыць шэраг разнавіднасцей метамарфічных і магматычных парод, вызначыць умовы іх утварэння і скласці першыя геолага-петраграфічныя карты крышт. фундаменту тэр. Беларусі. Дэталёвае вывучэнне працэсаў метамарфізму дазволіла вылучыць у іх гісторыі некалькі этапаў, вызначыць гал. тыпы зыходных парод, з якіх утварыліся метамарфічныя пароды. Створаны карты пашырэння метамарфічных парод, фармацый магматычных парод, геахімічныя і інш.; выдадзены даведнікі хім. саставу парод і мінералаў крышт. фундаменту, таксама геал. карта крышт. фундаменту Беларусі і суседніх тэрыторый маштабу 1:1 000 000 з тлумачальнай запіскай. У наш час у петралогіі ранняга дакембрыю развіваюцца кірункі: петралогія магматычных, метамарфічных і метасаматычных парод. Для іх распрацавана класіфікацыя, якая аб’ядноўвае дзесяткі разнавіднасцей. Блізкія па часе і нярэдка па ўмовах утварэння, становішчы ў разрэзе і геагр. пашырэнні, падобныя па рэчыўным саставе рознасці парод аб’яднаны ў комплексы магматычных і метасаматычных парод і серыі метамарфічных парод, што з’яўляюцца гал. адзінкамі пры карціраванні крышт. фундаменту. Петралагічныя даследаванні праводзяцца таксама пры пошуках нафты і газу тэматычнай партыяй РУП «Белнафта»; вывучэнне парод крышт. фундаменту, мінер. солей, нафтаносных тоўшчаў і інш. — у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це і інш. Значная частка даследаванняў па розных напрамках петралогіі сканцэнтравана ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі.

Бел. геолагамі вывучана петраграфія і мінер. састаў парод і жал. руд крышт. фундаменту (Н.​В.​Аксаментава, А.​А.​Архіпава, В.​Е.​Астроўскі, І.​П.​Бардон, Ю.​С.​Булкін, Д.​А.​Дамінікоўская, Г.​Г.​Дамінікоўскі, Н.​А.​Кажамякіна, В.​Ф.​Красоўскі, А.​С.​Махнач, І.​В.​Найдзянкоў, А.​М.​Пап і інш.), асадкавых і вулканагенных утварэнняў верхняга пратэразою (В.​Я.​Бяссонава, М.​В.​Вераценнікаў, А.​С.​Махнач, У.​І.​Шкуратаў), кембрыю (В.​І.​Абраменка, А.​С.​Махнач), ардовіку, сілуру (А.​С.​Махнач, В.​Ф.​Ропат і інш.), перспектыўных на нафту, мінер. солі і інш. карысныя выкапні дэвонскіх адкладаў (В.​З.​Кіслік, В.​П.​Корзун, В.​П.​Курачка, Ю.​І.​Лупіновіч, А.​С.​Махнач, І.​І.​Ур’еў, Т.​А.​Шаўчэнка, В.​М.​Шчарбіна, Д.​М.​Ярошына і інш.), надсалявых адкладаў дэвону і карбону, перспектыўных на высокагліназёмную сыравіну, гаручыя сланцы, бурыя вуглі (Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Ф.​Л.​Дзмітрыеў, В.​П.​Курачка, Л.​М.​Палер, Н.​А.​Саўчанка і інш.), адкладаў пермі і трыясу (З.​М.​Неўмяржыцкая), мергельна-мелавых парод (Ю.​Р.​Копысаў), пяскоў (З.​А.​Гарэлік, Э.​А.​Ляўкоў, Э.​Д.​Мішагова).

З раздзелаў петралогіі на Беларусі пераважаюць даследаванні рэчыўнага саставу крышт. парод, вызначэнне параметраў іх метамарфізму, тыпу зыходных парод (для метамарфічных) і іх эвалюцыі ў гісторыі зямной кары Беларусі. Мінералага-петраграфічныя даследаванні з’яўляюцца асновай для вызначэння перспектыўнасці тэр. Беларусі на нафту, гаручыя сланцы, каменны і буры вугаль, калійныя і каменную солі, буд. матэрыялы, руды чорных, каляровых і рэдкіх металаў, аграруды і інш.

Літ.:

Геология и петрография калийных солей Белоруссии. Мн., 1969;

Махнач А.С., Веретенников Н.В. Вулканогенная формация верхнего протерозоя (венда) Белоруссии. Мн., 1970;

Махнач А.С., Левых Н.Н. Литология и геохимия кор выветривания, развитых на кристаллическом фундаменте Белоруссии. Мн., 1973, Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974;

Ажгиревич Л.Ф. Буроугольная формация Белоруссии. Мн., 1981;

Ажгиревич Л.Ф. Сланценосная формация верхнего палеозоя Белоруссии. Мн., 1982;

Аксаментова Н.В., Найденков И.В. Геологическая карта кристаллического фундамента Белоруссии и прилегающих территорий. Масштаб 1:1 000 000. Объяснительная записка. Киев, 1992.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 18, кн. 2, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)