КА́ЛАГЭН ((Callaghan) Леанард Джэймс) (н. 27.3.1912, г. Портсмут, Вялікабрытанія),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1945 чл. парламента. У 1951—64, 1970—74 адзін з кіраўнікоў парламенцкай фракцыі лейбарыстаў, чл. «ценявога кабінета» (1961—64, 1970—74). У 1964—67 міністр фінансаў, у 1967—70 — унутр. спраў, у 1974—76 — замежных спраў і па справах брыт. Садружнасці, адначасова ў 1975—76 міністр па пытаннях развіцця заморскіх тэрыторый. У 1976—80 лідэр Лейбарысцкай партыі, у 1976—79 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1979—80 лідэр апазіцыі.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГА́БЕ ((Mugabe) Роберт Габрыэль) (н. 21.2.1924, в. Кутама каля г. Харарэ, Зімбабве),
палітычны і грамадскі дзеяч Зімбабве. Скончыў ун-ты Форт-Хейр (Паўн.-Афр. Рэспубліка) і Лонданскі. У 1942—60 настаўнічаў у Паўд. Радэзіі, Гане і Замбіі. Адзін з заснавальнікаў Афр. нац. саюза Зімбабве (ЗАНУ, з 1984 ЗАНУ — Патрыят. фронт, ЗАНУ-ПФ). Ген. сакратар ЗАНУ (з 1963), 1-ы сакратар ЗАНУ-ПФ (з 1984). У 1964—74 арыштаваны ўладамі Паўд. Радэзіі. У 1980—87 прэм’ер-міністр, са студз. 1988 прэзідэнт Зімбабве.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМЕ́Д РЭЗА́ ПЕХЛЕВІ́ (26.10.1919, Тэгеран — 27.7.1980),
шах Ірана [1941—79]. Стаў шахам пасля адрачэння ў вер. 1941 свайго бацькі Рэза-шаха Пехлеві. Выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра М.Масадыка, быў вымушаны ў 1953 на кароткі час пакінуць Іран. Вярнуўся пасля ваен. перавароту 19.8.1953. У 1963 абвясціў шэраг рэформ (аграрную, адукацыйную і інш.), якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны ў 1960—70-я г. У 1975 увёў у Іране аднапарт. сістэму. Пад націскам Іранскай рэвалюцыі 1978—79 16.1.1979 пакінуў краіну. Пазбаўлены ўлады. Памёр у Егіпце.
т. 11, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАСЛАВЯ́НСКІ КАМІТЭ́Т (Jugoslavenski odbor),
палітычная арг-цыя паўднёваславянскіх эмігрантаў з Харватыі, Далмацыі, Славеніі і Босніі ў 1915—18. Засн. ў Лондане ў маі 1915. Змагаўся за вызваленне паўд.-слав. зямель Аўстра-Венгрыі і аб’яднанне іх з Сербіяй і Чарнагорыяй у адзіную незалежную дзяржаву. Гэтыя планы адлюстраваны ў пагадненні старшыні к-та А.Трумбіча з прэм’ер-міністрам Сербіі Н.Пашычам у ліп. 1917 (гл. Корфская дэкларацыя 1917). П.к. спыніў існаванне пасля стварэння (снеж. 1918) Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія).
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́РСАН ((Pearson) Лестэр Боўлс) (23.4.1897, г. Таронта, Канада — 27.12.1972),
дзярж. дзеяч Канады. Вучыўся ў юрыд. школе ў Таронта (1919) і Оксфардскім ун-це (1923, 1925). У 1928—48 на дыпламат. службе. З 1948 чл. парламента. У 1948—57 міністр замежных спраў. За ўдзел ва ўрэгуляванні ўзбр. канфлікту 1956 вакол нацыяналізацыі Егіптам Суэцкага канала прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1957. У 1958—68 лідэр Ліберальнай партыі. У 1963—68 прэм’ер-міністр. Заключыў пагадненне з ЗША аб размяшчэнні на тэр. Канады амер. ядзернай зброі (1963).
т. 12, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́НСКЕНЕ ((Prunskiene) Казімера Данута) (н. ў лют. 1943 в. Васюлішкю Уценскага пав., Літва),
літоўскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1987). Скончыла Вільнюскі ун-т. З 1965 на выкладчыцкай і навук. працы. З 1989 нам. старшыні ўрада, у маі 1990 — студз. 1991 прэм’ер-міністр Літвы. Ініцыятар стварэння і адзін з лідэраў левацэнтрысцкага руху — Форуму будучага Літвы, апазіц. радыкальнаму паліт. курсу В.Ландсбергіса.
Тв.:
Управление агропромышленным комплексом Литовской ССР. Вильнюс, 1986;
Продовольственное хозяйство: методология структурно-организационного совершенствования. М., 1989.
т. 13, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЖУА́ ((Bourgeois) Леон Віктор Агюст) (25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),
дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.
т. 3, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛДУІН ((Baldwin) Стэнлі) (3.8.1867, Б’юдлі, графства Херэфард-энд-Вустэр, Вялікабрытанія — 14.12.1947),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Трыніты-каледж (г. Кембрыдж). Быў саўладальнікам буйнейшай сталеліцейнай фірмы «Болдуінс лімітэд». З 1908 чл. парламента. Міністр гандлю (1921—22), фінансаў (1922—23), прэм’ер-міністр (1923—24, 1924—29, 1935—37). У 1923—37 лідэр Кансерватыўнай партыі. Урад Болдуіна сілай спыніў усеаг. забастоўку 1926 у Вялікабрытаніі, у 1930-я г. праводзіў палітыку «прымірэння» ў адносінах да фашысцкіх Італіі і Германіі. Схіліў караля Эдуарда VIII да адрачэння ад прастола (1936).
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІРЭ́ЛЬ ((Demirel) Сулейман) (н. 1.11.1924, Іслямкёй, пав. Іспарта, Турцыя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1949). У 1964—80 ген. старшыня Партыі справядлівасці. У 1965—71, 1975—77 (з перапынкамі), 1979—80 і ў 1991—93 прэм’ер-міністр Турцыі. Пасля ваен. перавароту 1980 двойчы інтэрніраваны (1980, 1983), апынуўся ў групе палітыкаў, якім была забаронена любая паліт. дзейнасць. Пасля вяртання ў 1983 да парламенцкага праўлення адзін са стваральнікаў, з 1987 ген. старшыня Партыі правільнага шляху (правапераемніцы Партыі справядлівасці). З 1993 прэзідэнт Турцыі.
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЗЕМАН ((Hansemann) Давід) (12.7.1790, г. Гамбург, Германія — 4.8.1864),
палітычны дзеяч Германіі. Належаў да плыні памяркоўных лібералаў. Заснаваў Т-ва страхавання ад пажару (1825), «Дысконтнае т-ва» (1851) і «Першае прускае іпатэчнае акц. т-ва» (1862—64). Чл. ландтага (парламента) Рэйнскай прав. (з 1845). У час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі міністр фінансаў, прэм’ер-міністр Прусіі (ліп.—вер. 1848), кіраваў Прускім банкам (да 1851). Выступаў за развіццё сеткі чыгунак, вырашэнне сац. пытанняў эканам. захадамі, скасаванне прывілеяў юнкерства, умацаванне і пашырэнне Герм. мытнага саюза і інш.
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)