асноўны прынцып катэгарычнага сілагізма, што адносіцца і да аб’ёму і да зместу паняццяў. Для аб’ёму паняццяў С.а. фармулюецца так: усё, што сцвярджаецца (адмаўляецца) адносна ўсіх прадметаў класа, тое сцвярджаецца (адмаўляецца) і адносна любога прадмета гэтага класа; для зместу паняцця — ацэнка прыкметы прадмета ёсць таксама ацэнка самога прадмета; тое, што супярэчыць прыкмеце прадмета, супярэчыць і самому прадмету. Гл. таксама Сілагізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ВУС, парша,
грыбковае захворванне скуры, валасоў і пазногцяў. Заражэнне адбываецца пераважна пры непасрэдным кантакце з хворым на Ф., праз прадметы, якімі ён карыстаўся. Прыкметы: на валасістай ч. галавы з’яўляюцца чырв. запаленчыя ачагі і круглыя жоўтыя корачкі, якія лушчацца; пазней утвараецца суцэльная сухая корка. Пад коркай скура галавы атрафіруецца, робіцца тонкай, бліскучай, гінуць валасяныя цыбуліны. Ф. прыводзіць да аблысення. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЕГМО́НА (ад грэч. phlegmonē запаленне),
гнойнае запаленне клятчаткі. Узбуджальнікі — анаэробныя арганізмы, стафілакокі, стрэптакокі і інш. Паводле лакалізацыі адрозніваюць Ф. падскурную, міжмышачную, падслізістую, тазавую і інш.; асобна вылучаюць Ф. нованароджаных. Бывае вострая і хранічная. У адрозненне ад абсцэсу Ф. пашыраецца на суседнія тканкі. Прыкметы: т-ра цела да 40 °C, дрыжыкі, слабасць; мясцова прыпухласць, пачырваненне скуры, інфільтрат, запаленне лімфатычных вузлоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАФРАДЫ́Т,
1) у стараж. грэчаскай міфалогіі сын Гермеса і Афрадыты, юнак незвычайнай прыгажосці. У 15-гадовым узросце падарожнічаў па М. Азіі. У Карыі, калі ён купаўся ў крыніцы, німфа Салмакіда страсна закахалася ў Гермафрадыта. Але ўзаемнасці яна не дачакалася, і тады багі злілі Салмакіду з Гермафрадытам у адну двухполую істоту.
2) Індывід, які мае другасныя палавыя прыкметы абодвух полаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКСІ́Я (ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод), анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць,
паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАВІ́ЗМ (ад лац. atavus аддалены продак), рэверсія,
з’яўленне ў арганізмаў прыкмет, уласцівых іх далёкім продкам. Прыклады атавізму ў чалавека — хвастападобны прыдатак, суцэльнае валасяное покрыва на целе, дадатковыя пары малочных залоз і гэтак далей; у жывёл — трохпальцавасць у коней, рагатае патомства ў камолых парод авечак і інш. Асобныя прыкметы атавізму (напр., незарастанне перадсэрдзевай перагародкі сэрца і інш.) могуць стаць асновай для паталагічных змен або перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню арганізма.
цяжкая вострая інфекцыйная хвароба ад пападання ў раны патагенных анаэробаў з роду Clostridium. Мікробы выдзяляюць экзатаксіны і ферменты, якія абумоўліваюць запаленне падскурнай клятчаткі, асабліва мышцаў, а таксама інтаксікацыю арганізма. Найчасцей узнікае на нагах у параненых або як ускладненне адкрытай траўмы. Прыкметы: прагрэсіруючы ацёк, газаўтварэнне ў тканках, некроз. Лячэнне: хірург. апрацоўка ран, супрацьгангрэнозная сываратка, антыбактэрыяльныя прэпараты, у цяжкіх выпадках — ампутацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПРЭ́СІЯў медыцыне,
псіхічная прыгнечанасць з затарможанасцю мыслення, мовы і рухаў. Бывае пры псіхічных і саматычных хваробах, найб. тыповая ў дэпрэсіўнай фазе маніякальна-дэпрэсіўнага псіхозу. Прыкметы: паніжаны настрой (гіпатымія) да глыбокай тугі з трызненнем, нерухомасцю, самаабвінавачваннем. Д. трэба адрозніваць ад звычайнай (фізіял.) рэакцыі чалавека пры непрыемных перажываннях, жыццёвых няўдачах і псіхічных траўмах. Лячэнне: псіхатропныя сродкі, электрасутаргавая тэрапія, псіхатэрапія, хворых на цяжкую Д. лечаць у стацыянарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРАБІЗО́Н,
міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТЫ́ЗМу біялогіі,
захаванне пэўнай ступені ўстойлівасці біял. сістэмы (напр., геному, папуляцыі) у нязменным стане або павольнае яго змяненне, пасіўнае супрацьдзеянне знешнім фактарам, якія ўздзейнічаюць на сістэму і могуць парушыць яе раўнавагу і сувязі, што ўсталяваліся паміж арганізмамі ў сістэме і навакольным асяроддзем (напр., гнездавы К. — прыхільнасць птушак да месцаў гнездавання). Кансерватыўныя прыкметыбіял. сістэмы імкнуцца захавацца нязменнымі або павольна змяняюцца ў ходзе эвалюцыі.