КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,

устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл. Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.

Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін від эл. энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).

В.​І.​Вараб’ёў.

Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.

Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл. Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз. лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.

Літ.:

Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;

Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.

М.​У.​Паўлюкевіч.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНА-АПТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ напружанняў,

метад вывучэння напружанняў у дэталях машын і буд. канструкцый на празрыстых мадэлях. Заснаваны на ўласцівасці большасці празрыстых ізатропных асяроддзяў станавіцца пры дэфармацыі аптычна анізатропнымі. Праводзіцца з дапамогай палярызацыйных прылад.

Пры праходжанні слоя анізатропнага рэчыва дзвюма светлавымі хвалямі, па-рознаму палярызаванымі і з рознымі скарасцямі распаўсюджання, паміж ваганнямі гэтых хваль узнікае рознасць фаз, значэнне якой залежыць ад анізатрапіі асяроддзя, таўшчыні слоя і даўжыні хвалі. Па рознасці фаз вызначаюць параметры асяроддзя, якія характарызуюць яго аптычную анізатрапію і звязаныя з ёю асаблівыя напрамкі. Метад пашыраны ў крышталяфізіцы, мінералогіі, пры вызначэнні размеркавання мех. напружанняў і дэфармацый у дэталях машын і элементах канструкцый, вывучэнні тканак жывых арганізмаў і інш.

На Беларусі П.-а.м.д. распрацоўваецца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, з 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН пры вывучэнні размеркавання напружанняў у пругка дэфармаваных (фотапругкасць) і пластычна дэфармаваных (фотапластычнасць) асяроддзях (С.І.Губкін, Б.Б.Бойка і інш.).

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.

Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылем эл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.

Літ.: Руденко В.С., Сенько В.И., Чиженко И.М. Преобразовательная техника. 2 изд. Киев, 1983.

Пераўтваральная тэхніка: а — схема паўправадніковага вентыльнага пераўтваральніка частаты, б — рэгулятара пастаяннага току, Uс — напружанне сеткі; ВПП — вентыльнае пераўтваральнае прыстасаванне; В — вентыль кіравальны; ВШК — вузел штучнай камутацыі; Rн — нагрузка.

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,

раздзел фізікі плазмы, які вывучае рух плазмы і яе ўзаемадзеянне з рэчывам.

Ураўненні П. вынікаюць з дастасаванняў ураўненняў магнітнай гідрадынамікі да рухомых аб’ёмаў выпрамяняльных сціскальных суцэльных асяроддзяў (напр., газу, плазмы). Характэрная асаблівасць руху такіх асяроддзяў — магчымасць узнікнення і распаўсюджвання ў іх ударных хваль. Задачы П. рашаюцца разлікова-тэарэт. і эксперым. метадамі. Эксперыменты праводзяцца ў звыш- і гіпергукавых аэрадынамічных трубах, балістычных устаноўках, ударных і імпульсных электраразрадных зрубах і інш. Пры даследаваннях плазменных патокаў і ўдарных хваль метадамі П. вызначаюцца ціск, т-ра і інш. параметры плазмы ў вобласці яе распаўсюджвання, у т. л. ў вобласці ўзаемадзеяння плазмы з цвёрдым целам ці інш. плазменнымі асяроддзямі. Гл. таксама Радыяцыйная плазмадынаміка.

На Беларусі даследаванні па пытаннях П. вядуцца з пачатку 1960-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970.

Л.​Я.​Мінько, Г.​С.​Раманаў.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРО́МЕТР (ад спектр + ...метр),

прылада для вымярэння функцыі размеркавання некаторай фіз. велічыні па зададзеным параметры. Функцыю размеркавання электронаў (і пазітронаў) па энергіях вымяраюць бэта-спектрометрамі, атамаў і малекул па масах — мас-спектрометрамі, гама-квантаў па энергіях — гама-спектрометрамі, энергію светлавых патокаў па даўжынях халь (аптычным спектры) — аптычнымі С.

Да аптычных С. адносяць прылады для вылучэння вузкіх участкаў спектра аптычнага выпрамянення (монахраматары) і фотаэл. прыёмнікі выпрамянення. Класіфікацыя аптычных С. робіцца па колькасці каналаў і фіз. метадах раздзялення выпрамянення па даўжынях хваль (напр., Фур’е-С.). Аптычная С. звычайна наз. проста С. і ў гэтым сэнсе азначаюць аптычныя спектральныя прылады для вымярэння аптычных спектраў з дапамогай фотаэл. прыёмнікаў выпрамянення.

Літ.:

Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Вып. 1. М., 1969;

Зайдель А.Н., Островская Г.В., Островский Ю.И. Техника и практика спектроскопии. 2 изд. М., 1976;

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Якушенков Ю.Г. Теория и расчет оптико-электронных приборов. 3 изд. М., 1989.

П.​Я.​Місакоў.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУПЕ́НІ СВАБО́ДЫ,

1) у механіцы — незалежныя паміж сабой рухі (перамяшчэнні) мех. сістэмы. Колькасць С.с. залежыць ад колькасці часціц (матэрыяльных пунктаў), што ўтвараюць сістэму, а таксама ад колькасці і характару накладзеных на сістэму сувязей механічных.

Свабодная часціца мае 3 С.с. — можа рухацца ўздоўж кожнай з 3 узаемна перпендыкулярных восей каардынат. Свабоднае цвёрдае цела мае 6 С.с.: 3 з іх адпавядаюць паступальнаму руху якога-н. пункта С (звычайна цэнтра мас) цела, а астатнія 3 — вярчальнаму руху цела вакол пункта С як нерухомага цэнтра. Цвёрдае цела з нерухомай воссю вярчэння мае адну С.с. Колькасць С.с. вызначае лік ураўненняў руху і ўмоў раўнавагі мех. сістэмы.

2) У тэрмадынаміцы — незалежныя параметры тэрмадынамічнай сістэмы (звычайна т-ра, ціск і інш.), змены якіх (у пэўных межах) не парушаюць раўнавагу тэрмадынамічную сістэмы. Змена тэрмадынамічных С.с. дапушчальныя ў такіх межах, калі захоўваюцца ўсе фазы, што прысутнічаюць у сістэме, і не з’яўляюцца якія-н. іншыя фазы. Колькасць С.с. ў раўнаважнай тэрмадынамічнай сістэме вызначаецца Гібса правілам фаз.

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,

сістэма мер, якія забяспечваюць рух фін. рэсурсаў і адпаведных фін. адносін. Аб’ектам Ф.п. з’яўляецца фін. дзейнасць дзяржавы, асобных рэгіёнаў, галін, прадпрыемстваў, устаноў па фарміраванні і выкарыстанні фондаў грашовых сродкаў для задавальнення агульнадзярж., калектыўных і асабістых патрэб членаў грамадства. Прадугледжвае распрацоўку перспектыўных, бягучых і аператыўных фін. планаў на ўсіх узроўнях кіравання, якія аб’ядноўваюцца ў цэнтралізаваныя, або агульнадзярж. планы (дзярж. бюджэт, фін. план дзярж. маёмаснага і асабістага страхавання, бюджэт сац. страхавання, баланс фін. рэсурсаў дзяржавы) і дэцэнтралізаваныя планы (фін. планы прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, ведамстваў, мін-ваў). Фін. планы адлюстроўваюць даходы і расходы кожнага звяна і распрацоўваюцца на аснове вытв. паказчыкаў і нарматываў. З іх дапамогай вызначаюцца фін. магчымасці дзяржавы, галіны і іх пярвічных звёнаў, устанаўліваюцца параметры іх фін. дзейнасці і канчатковыя вынікі, узгадняецца рух фін. і матэрыяльных каштоўнасцей. Ва ўмовах перабудовы эканомікі арганізацыя Ф.п. дэмакратызуецца, расшыраюцца правы рэгіянальных органаў улады і прадпрыемстваў у складанні фін. планаў і выкарыстанні іх рэсурсаў. Асновай для іх распрацоўкі становяцца кантрольныя лічбы, ліміты, нарматывы.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, геафізічныя метады пошукаў і разведкі,

фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл. Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМАГРА́МА (ад грэч. nomos закон + ... грама),

спецыяльны чарцёж для рашэння пэўнага тыпу выліч. задач. Выкарыстоўваецца для даследавання экстрэмальных уласцівасцей, правядзення аналізу ўплыву розных пераменных на вынік вылічэнняў, выяўлення вобласці існавання рашэння, рашэння задач на выбар параметраў эмпірычных формул і інш.

Адлюстроўвае функцыянальную залежнасць (ураўненне, формулу, табліцы) і дае магчымасць без вылічэнняў вызначыць значэнне адной пераменнай па зададзеных значэннях астатніх пераменных, а таксама даследаваць такую залежнасць. Пераменныя адлюстроўваюцца шкаламі і сем’ямі пазначаных ліній. Кожная Н. будуецца для канкрэтнай функцыянальнай залежнасці ў зададзеных межах змен пераменных. Пры гэтым зыходная залежнасць дакладна (ці набліжана) прыводзіцца да намаграфавальнага віду, запісваюцца ўраўненні элементаў Н. ў прамавугольнай сістэме каардынат. Параметры пераўтварэнняў, якія ўваходзяць у гэтыя ўраўненні, падбіраюць так, каб надаць Н. выгляд, зручны для карыстання. Пасля чаго вылічваюцца табліцы каардынат асобных элементаў і будуюць Н. Выліч. работа зводзіцца да простых геам. аперацый у адпаведнасці з прыкладзенай да Н. схемай карыстання і адлічвання вынікаў. Тэорыю і практыку пабудовы Н. вывучае намаграфія.

Намаграма для разліку вугла αy, устанаўлення разца ў заточным станку па зададзеных вуглах разца α і φ.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)