САЛАМО́НІКАЎ (Іван Міхайлавіч) (20.2.1918, в. Калінавая Магілёўскага р-на — 24.10.1944),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў артыл. вучылішча і курсы камандзіраў дывізіёнаў пры Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага (1942). У Чырв. Арміі з 1938. У сав.-фінл. вайну 1939—40 радавы С. вызначыўся ў баі на Карэльскім перашыйку ў ноч на 22.12.1939 у час атакі пазіцыі ворага. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941, камандзір зенітна-артыл.палка. Прапаў без вестак у баі на тэр. Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДЫШАЎ (Арцём Іванавіч) (5.10.1910. в. Лазаравічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.1.1960),
Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1943 партызан, камандзір узвода партыз.палка на Магілёўшчыне. З 1944 на 2-м Бел. фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант С. вызначыўся ў баі на Пд ад Магілёва, дзе пасля пераправы цераз Дняпро ў баі за в. Стайкі гранатамі знішчыў дзот. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ПАСЯЛЕ́ННІ,
асобая арганізацыя войск у Рас. імперыі ў 1810—57, якія сумяшчалі ваен. службу з с.-г. працай. Уведзены па ініцыятыве імператара Аляксандра I з мэтай самазабеспячэння арміі харчаваннем і фуражом, адмаўлення ў мірны час ад рэкруцкіх набораў і стварэння ізаляванай ад цывільнага насельніцтва ваен. касты, якая служыла б апорай самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Стварэнне ваенных пасяленняў было даручана графу А.А.Аракчэеву (з 1817 афіц. начальнік ваенных пасяленняў). З’яўляліся адной з праяў аракчэеўшчыны. Размяшчаліся на казённых землях. Першае доследнае ваеннае пасяленне ўтворана ў 1810 на тэр.б. Бабылецкага староства Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. Пасля высялення на Украіну 667 сем’яў мясц.дзярж. сялян тут быў размешчаны асабовы склад Ялецкага пях.палка. Жанатыя салдаты і унтэр-афіцэры, якія праслужылі не менш як 6 гадоў, надзяляліся зямлёй, атрымлівалі найменне «гаспадароў» і павінны былі весці гаспадарку. У дапамогу да «гаспадароў» падсяляліся «пастаяльцы» з непаселеных батальёнаў палка. Сыны ваен. пасялян залічваліся ў кантаністы. З 1816 ваенныя пасяленні ствараліся ў шырокіх маштабах. Урад адмовіўся ад перасялення мясц. жыхароў і ўключаў іх у ваенныя пасяленні ў якасці «гаспадароў» ці «пастаяльцаў». На Беларусі ў 1817 па суседстве з Ялецкім палком быў размешчаны Полацкі пях. полк. Да 1825 ваен. пасяляне, размешчаныя ў Наўгародскай, Пецярбургскай, Магілёўскай, Херсонскай, Слабодска-Украінскай і Екацярынаслаўскай губ., склалі больш за 11% пяхоты і каля 26% кавалерыі. Некаторая рэарганізацыя праведзена ў 1826 паводле «Палажэння аб поўным складзе паселенага пешага палка і яго абавязках». Стварэнне ваенных пасяленняў не мела поспеху: пасяляне не здольны былі забяспечыць сябе харчаваннем і карысталіся дзярж. дапамогай; кантаністы ўзнаўлялі нязначную частку натуральнага змяншэння асабовага складу; замест апоры самадзяржаўя ваенныя пасяленні сталі асяродкам масавага антыпрыгонніцкага руху (паўстанні Чугуеўскага і Таганрогскага уланскіх палкоў 1819, ваен. пасялян у Старой Русе Наўгародскай губ. 1831). Паводле рэформы ваенных пасяленняў пях. пасяляне пераводзіліся ў ворныя салдаты (на Беларусі ў 1836). Кавалерыйскія ваенныя пасяленні праіснавалі да 1857, ліквідаваны разам з акругамі ворных салдатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус. пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЭСЛА́Ў»
(«Breslau», № 36),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палкаВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІЛО́ВІЧ (Ігнат Мартынавіч) (1841, Валынская губ. — 9.9.1863),
удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус (1859). Служыў падпаручнікам Екацярынаслаўскага палка (Масква). Належаў да рэв. арг-цыі, падтрымліваў цесныя сувязі з паплечнікам К.Каліноўскага Л.Звяждоўскім. У крас. 1863 уцёк з часці і разам са Звяждоўскім выехаў на Магілёўшчыну. Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аршанскім пав. 26.4.1863 атрад разбіты пад Пагосцішчамі. Будзіловіч схоплены на полі бою і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Оршы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУРАВЕ́СНІК»
(«Sturmvogel»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НЦІК (Дзмітрый Данілавіч) (23.2.1907, в. Райкова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1969),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую ваенна-авіяц. школу (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Эскадрылля пад камандаваннем капітана Валенціка тройчы лятала ў глыбокі тыл ворага на знішчэнне яго аператыўна-стратэгічнай базы. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах; камандзір палка Валенцік зрабіў 115 баявых вылетаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ (Баляслаў Альбінавіч) (21.11.1907, в. Дварэц Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.5.1969),
генерал-лейтэнант (1946). Скончыў Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1926. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Зах., Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах, камандзір стралк.палка, дывізіі. З снеж. 1943 у Войску Польскім: нач. штаба корпуса, арміі, камандзір дывізіі. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Варшавы, Вісла-Одэрскай, Берлінскай аперацый. У 1945—54 на адказных пасадах у Войску Польскім і Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКУ́ЗАЎ (Анатоль Іванавіч) (15.1.1921, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобласці — 23.5.1980),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Зах., Бранскім, Калінінскім, 2-м і 1-м Прыбалтыйскіх, 3-м Бел. франтах: камандзір узвода, роты, нач. штаба, камандзір палка. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў крас. 1945 у баі за крэпасць і ваенна-марскую базу Пілау (г. Балтыйск, Калінінградская вобл.). Да 1962 у Сав. Арміі.