НІКО́ЛЬСКІ Леанід Уладзіміравіч (н. 9.1.1948, в. Гнеўчыцы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Мурманскай і Калінінскай філармоній. З 1984 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. У рэпертуары творы бел. і інш. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі. Першы выканаўца многіх песень бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, У.​Будніка, А.​Чыркуна, А.​Атрашкевіч і інш. Аўтар і выканаўца песень «Ты вясна мая», «Не сумуйце, дзяўчаты», «Асенняе каханне», «Поезд разлукі» і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў сав. песні (Ленінград, 1978).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА Бэла Андрэеўна (н. 18.8.1933, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),

украінская і расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1960). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1956). З 1956 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета, у 1973—88 — Вял. т-ра ў Маскве, адначасова з 1977 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Валодае выдатнай вак. школай, чыстым, прыгожага цёплага тэмбру голасам, артыстызмам. Сярод партый: Венера («Энеіда» М.​Лысенкі), Іолан, Ярына («Мілана», «Арсенал» Г.​Майбарады), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Людміла («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў (1957, Францыя). Дзярж. прэмія СССР 1971.

Б.А.Рудэнка.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМІЗО́РАВА Ніна Львоўна (н. 15.10.1956, г. Крывы Рог, Украіна),

расійская балерына. Засл. арт. Украіны (1977). Нар. арт. Расіі (1985). Скончыла Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1975). З 1975 у Кіеўскім т-ры оперы і балета імя Шаўчэнкі, з 1978 — у Вял. т-ры ў Маскве. Танец С. вылучаецца чысцінёй ліній, дакладнасцю малюнка, маштабнасцю рухаў. Першая выканаўца партый Феі («Драўляны прынц» Б.​Бартака), Розы («Маленькі прынц» Я.​Глебава), Дульцынеі, Альдонсы («Рыцар журботнага вобраза» Р.​Штрауса). Сярод інш.: Адэта — Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Фрыгія, Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана). Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1977, Масква).

Н.Сямізорава ў ролі Аўроры.

т. 15, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел. ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.​Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.

У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр. нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.

«Траецкая кадрыля» ў выкананні Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЯ́ЧЫЧ Віктар Лук’янавіч (н. 11.7.1934, г. Харкаў, Украіна),

бел. эстрадны спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы (1959—62). З 1957 саліст Дзярж. нар. хору Беларусі, хору Бел. радыё, Ансамбля песні і танца БВА. З 1966 у Бел. філармоніі, маст. кіраўнік канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт». У 1992—96 маст. кіраўнік Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 — Дзярж. аб’яднання «Белканцэрт». Першы выканаўца песень многіх бел. кампазітараў (І.​Лучанка, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага і інш.). Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу эстраднай песні «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1967), Фестывалю сучаснай эстраднай песні (Токіо, 1973, Вял. прыз).

І.​І.​Зубрыч.

Спявае В.Вуячыч.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНІ́ШАЎ Алібек Мусаевіч (н. 30.7.1951, Алматы),

казахскі спявак (тэнар). Нар. арт. Казахстана (1981), нар. арт. СССР (1986). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Каз. філармоніі, з 1978 — Каз. т-ра оперы і балета. Мае моцны голас прыгожага мяккага тэмбру, вял. дыяпазону. Выконвае гал. партыі тэнаровага рэпертуару ў операх класікаў, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод іх: Тулеген («Кыз Жыбек» Я.​Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі) і інш. У канцэртным рэпертуары неапалітанскія, рус. нар. песні, рамансы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1975), міжнар. конкурсаў імя Р.​Шумана (г. Цвікаў, Германія, 1977), вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1979). Прэмія Ленінскага камсамола 1979.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА Уладзімір Уладзіміравіч (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЖЫЛКІ́ЕЎ Булат Абдулаевіч (23.4.1940, Бішкек — 16.8.1997),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ташкенцкую кансерваторыю (1966). З 1966 саліст Кіргізскага т-ра оперы і балета (Бішкек), з 1992 у Марыінскім т-ры (С.-Пецярбург). Валодаў моцным гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Канурбай («Манас» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта і «Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1971), маладых оперных спевакоў (Сафія, 1973). Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1976. Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́ЛЬНІКАВА Людміла Мікалаеўна (н. 24.7.1950, г. Варонеж, Расія),

бел. і рас. балерына. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыла Варонежскае харэагр. вучылішча (1968). Працавала ў т-рах оперы і балета Варонежа і Казані. У 1972—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчая індывідуальнасць найб. ярка выявілася ў партыях лірычнага плана. Сярод партый на бел. сцэне: Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Ліза («Ліза і Кален» Л.​Герольда), Радысачка («Чыпаліна» К.​Хачатурана). Выконвала мазурку і прэлюд у балеце «Шапэніяна» на музыку Ф.​Шапэна і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1970).

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РЫКАЎ Мікалай Мікалаевіч (н. 19.11.1957, г. Гомель),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.​Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, У.​Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).

В.​З.​Анісовіч.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)