ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПРАТАКО́ЛЫ,
3 міжнародныя дакументы, прынятыя ў г. Жэнева ў 1922—25. 1) Пратакол 1922 аб пазыцы для Аўстрыі і аб забароне аншлюсу. Падпісалі Аўстрыя, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Чэхаславакія. Палажэнні пратакола дзейнічалі да акупацыі Аўстрыі фаш. Германіяй (1938).
2) Пратакол 1924 аб мірным вырашэнні міжнар. спрэчак. Прыняты Асамблеяй Лігі Нацый. Падпісалі 19 краін, аднак дакумент не набыў сілы, бо Англія і Італія адмовіліся падпісваць яго.
3) Пратакол 1925 аб забароне ўжывання на вайне ўдушлівых, ядавітых або інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў. Падпісалі 37 краін.
т. 6, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКА́РДА (франц. cocarde),
распазнавальны знак устаноўленага ўзору на форменных галаўных уборах ваеннаслужачых узбр. сіл і інш. сілавых структур, супрацоўнікаў ваенізаваных і некат. цывільных арг-цый (фарміраванняў) многіх краін свету, у т. л. Беларусі. Вядома з сярэдневякоўя ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л. ВКЛ; мела выгляд султана ці пучка пеўневых пёраў, пазней выраблялася з матэрыі, металу і інш. Ва ўзбр. сілах Расіі ўведзена ў 1732, СССР — у 1940, у Рэспубліцы Беларусь — у 1992. К. вайскоўцаў паказвае на іх прыналежнасць да ўзбр. сіл пэўнай краіны, іх віду, роду войск і г.д.
т. 8, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,
эканамічная ізаляцыя якой-н. дзяржавай ці групай дзяржаў адной або некалькіх краін з мэтай спыніць ці прыпыніць імпарт тавараў гэтых краін. Ажыццяўляецца шляхам выкарыстання забаронных і наступальных звышпратэкцыянісцкіх пошлін. Спалучаецца з валютнымі абмежаваннямі, устанаўленнем кантынгентаў і квот дапушчальнай да ўвозу прадукцыі, а таксама ўвядзеннем забарон на экспарт у пэўную краіну або на імпарт з яе тавараў. Правядзенне М.б. тармозіць развіццё эканомікі блакіраванай краіны, аднак у некаторых выпадках яна праследуе прагрэсіўныя мэты, напр., большасць дзяржаў свету праводзіла М.б. ПАР і Радэзіі, дзе панавалі расісцкія рэжымы.
т. 11, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.
Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.
В.В.Бараноўскі.
т. 10, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫІ 1848-49 У ЕЎРО́ПЕ,
«вясна народаў», серыя рэвалюцый, якія ахапілі большасць краін Зах. Еўропы ў канцы 1840-х г. (гл. Рэвалюцыя 1848 у Францыі, Рэвалюцыя 1848 у Аўстрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, Рэвалюцыя 1848—49 у Венгрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі). У гістарыяграфіі 19 ст. часам вызначаліся як адзіная Усееўрапейская рэвалюцыя 1848—49. Выкліканы крызісам паліт. рэжымаў краін Зах. Еўропы, якія ўсталяваліся пасля Венскага кангрэса 1814—15. Мелі як агульнадэмакр, мэты (лібералізацыя паліт. жыцця, усталяванне канстытуцыйнага ладу, скасаванне феад. перажыткаў), так і нац. характар (Германія, Італія, Венгрыя). На першых этапах у рэвалюцыях вядучую ролю адыгрывалі лібералы, у далейшым вылучылася радыкальная плынь, прадстаўнікі якой стаялі за радыкальныя сац. змены ў грамадстве. Паражэнне рэвалюцый, аднак, не прывяло да аднаўлення папярэдніх паліт. рэжымаў. Іх вынікам стала змена паліт. ладу ў большасці зах.-еўрап. краін, што спрыяла больш хуткаму капіталіст. развіццю.
Літ.:
Революции 1848—1849 гг. Т. 1—2. М., 1952;
Хобсбаум Э. Век капитала, 1848—1875: Пер. с англ. Ростов Н/Д, 1999.
т. 13, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАФІЦЭ́РЫ,
катэгорыя сяржанцкага і старшынскага складу ўзбр. сіл шэрагу дзяржаў (Венгрыя, Польшча, Румынія і інш.); у арміях некат. краін падзяляюцца на старшых і малодшых.
т. 11, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА ПРАДСТАЎНІКО́Ў,
назва аднапалатных парламентаў на Кіпры, Мальце, Новай Зеландыі, ніжніх палат парламентаў Рэспублікі Беларусь, Бельгіі, Калумбіі, ЗША, Філіпін, Ямайкі, Японіі і некаторых інш. краін.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйнае паліталагічнае паняцце для абазначэння адной з 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Гл. ў арт. «Левыя» і «правыя».
т. 12, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕНТЭІ́ЗМ [ад лац. absens (absentis) які адсутнічае],
1) абыякавыя адносіны насельніцтва да паліт. жыцця краіны, ухіленне ад удзелу ў ім. Асабліва выяўляецца ў нежаданні ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах рознага ўзроўню. У большасці краін, у т. л. на Беларусі, удзел у галасаванні разглядаецца заканадаўствам як суб’ектыўнае права выбаршчыка. Паводле законаў Аўстрыі, Бельгіі, Грэцыі, Даніі і інш. краін галасаванне з’яўляецца грамадзянскім абавязкам выбаршчыка, за невыкананне якога прадугледжаны адпаведныя адм., крымінальныя і інш. санкцыі.
2) Форма землеўладання, пры якой уладальнік зямлі без непасрэднага ўдзелу у працэсе вытворчасці атрымлівае грашовы прыбытак г.зв. земляробскі абсентэізм.
А.М.Абрамовіч.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,
метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац, валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар. эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)