БЕРК (Berck),
прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Кале, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Развіваецца з 19 ст. Умерана вільготны марскі клімат з мяккай зімой і цёплым сонечным летам спрыяльны для лячэння дзіцячых хвароб туберкулёзнага паходжання; клімататаласатэрапію выкарыстоўваюць пры хваробах органаў руху і апоры.
т. 3, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕД (Bled),
горнакліматычны курорт у Славеніі. На ПнЗ ад г. Любляна, на беразе аднайм. возера каля падножжа Юлійскіх Альпаў. Развіваецца з 19 ст. Кліматалячэнню (хваробы печані, нырак, органаў стрававання, анеміі і інш.) спрыяюць крыніцы цёплых мінер. водаў, умерана кантынентальны клімат, выключна чыстае паветра, ахаванасць курорта ад халодных вятроў.
т. 3, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСУ́ТА (Basuto),
плато на ПдУ Афрыкі, частка Драконавых гор, у Лесота. Пераважныя выш. 2300—3000 м, найб. — 3276 (г. Тхабана-Нтленьяна). Парэзана далінамі р. Аранжавая і яе прытокаў на шэраг асобных масіваў. Складзена з пясчанікаў і сланцаў, перакрытых базальтамі. Клімат субтрапічны вільготны. Высакагорная злакава-хмызняковая расліннасць, сухі стэп.
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРГА́НА (Gargano),
паўвостраў на ПдУ Італіі, частка Апенінскага паўвострава. Удаецца ў Адрыятычнае м. Берагі парэзаны слаба. Гарысты, выш. да 1056 м (г. Монтэ-Кальва), акаймаваны прыморскай нізінай. Складзены з мезазойскіх даламітаў і вапнякоў; развіты карст. Радовішчы баксітаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Дубовыя і хваёвыя лясы, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАРДЗІ́НКА прыморскі кліматычны курорт у Краснадарскім краі Рас. Федэрацыі. Уваходзіць у курортную зону Геленджыка. Размешчана на нізкай даліне берага Цэмескай бухты Чорнага м. Расліннасць і клімат субтрапічныя, купальны сезон з мая да кастрычніка. Шмат лячэбных устаноў для тэрапіі і кліматапрафілактыкі хвароб лёгкіх, у т. л. туберкулёзнага паходжання ў дзяцей.
т. 7, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,
рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст. наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).
т. 3, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНВІ́ЛЬ (Granville),
прыморскі кліматычны курорт у Францыі, на Пд ад г. Шэрбур, на беразе праліва Ла-Манш. Мяккі марскі клімат, пясчаны пляж, цёплая марская вада эфектыўныя ў клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў. Шмат атэляў, пансіянатаў, водалячэбніц. Буйны цэнтр турызму і паруснага спорту.
т. 5, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́БЖАГ (Kołobrzeg),
прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт у Польшчы, на беразе Балтыйскага м. Развіваецца з пач. 19 ст. Клімат умераны марскі. Пясчаныя пляжы, акаймаваныя дзюнамі. Крыніцы мінер. вод і радовішчы тарфяных гразей. Лечаць неспецыфічныя хваробы органаў дыхання, руху і апоры, кровазвароту, эндакрынныя, дзіцячыя лёгачныя (у т. л. бранхіяльную астму) і скурныя.
т. 7, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНФ (Banff),
бальнеакліматычны курорт у Канадзе. На ПнЗ ад г. Калгары, на схілах Скалістых гор. Горны клімат і тэрмальныя сульфідныя воды. Шматлікія гасцініцы, матэлі, кемпінгі. Буйны цэнтр турызму і адпачынку. Месца правядзення карнавалаў, спаборніцтваў па зімовых відах спорту, міжнар. канферэнцый, фестываляў мастацтваў; цэнтр першага ў Канадзе нац. парку Банф (з 1885, пл. 660 тыс. га).
т. 2, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ ГРУ́ПА КУРО́РТАЎ,
размешчана ўздоўж узбярэжжа Чорнага м., у межах Адэсы і на ПдЗ ад яе, а таксама паблізу Куяльніцкага, Хаджыбейскага, Сухога ліманаў. Уключае курорты Аркадзія, Вялікі Фантан, Куяльніцкі, Лузанаўка, Лебедзеўка, Чарнаморка і інш., а таксама курортную мясцовасць Шабо. Асн. прыродныя лекавыя фактары — клімат, ліманныя і азёрныя гразі, рапа ліманаў, мінер. воды.
т. 1, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)