РАДЫЕМАДЫФІКА́ЦЫЯ,

штучная змена радыеадчувальнасці клетак, тканак і арганізма ці ў бок яе зніжэння (проціпрамянёвая абарона), ці ў бок павышэння (радыесенсібілізацыя). Фіз. і хім. агенты, якія выкарыстоўваюцца для проціпрамянёвай абароны — радыепратэктары, для сенсібілізацыі да выпрамянення — радыесенсібілізатары.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТУСУСЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. intus унутр + susceptio прыняцце на сябе),

разрастанне абалонак клетак раслін у выніку пранікнення новых малекул цэлюлозы і протапекціну ў сфарміраваную абалонку. Рост і патаўшчэнне абалонак адбываецца за кошт І. і налажэння слаёў знутры (апазіцыя).

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТУС (Віль Канстанцінавіч) (н. 30.10. 1938, в. Волма Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1991). Скончыў БДУ (1968). З 1973 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механізмах біял. ўздзеяння азону на біяэнергет. працэсы клетак, выкарыстанні акісляльных уласцівасцей азону для атрымання біялагічна актыўных рэчываў з дражджавых клетак (нізкамалекулярныя біястымулятары, АТФ і інш.).

Тв.:

Озон-индуцированная модификация структурно-физического состояния плазматических мембран дрожжей C. utilis (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 1;

Различия в озон-индуцированном окислении липидов в дрожжевых клетках C. utilis и изолированных мембранных препаратах (у сааўт.) // Биологич. мембраны. 1999. Т. 16, № 1.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,

тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял. акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.

А.​М.​Ведзянееў.

Схема пабудовы біялагічнай мембраны: 1 — малекулы ліпідаў; 2 — малекулы бялку; 3 — палярная пора.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТА́З (ад грэч. metastasis перамяшчэнне),

ачаг пухліннага ці запаленчага працэсу, які развіваецца ад пераносу па крыві ці лімфе паталагічнага матэрыялу (пухлінных клетак, мікраарганізмаў і інш.) з месцаў такога ж паталагічнага працэсу. Бывае адзіночны і множны. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапія.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛХІЦЫ́Н,

алкалоід, што ўтрымліваецца ў познацвеце і інш. раслінах сям. лілейных. Яд нервова-паралітычнага дзеяння. Спыняе дзяленне клетак на стадыі метафазы. Выкарыстоўваецца для атрымання паліплоідных форм раслін, для даследавання функцый цытаплазматычных мікратрубачак (звязваецца з бялком мікратрубачак тубулінам і выклікае іх распад).

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСО́МЫ (ад мікра... + сома),

дробныя гранулы (да 100 нм) субклетачнай фракцыі жывёльных і раслінных клетак. Фракцыя М. уяўляе сабой рыбасомы, абломкі мембран эндаплазматычнага рэтыкулума. У М. прысутнічаюць ферменты вугляводнага абмену, біясінтэзу ліпідаў і стэроідаў. Атрымліваюць пры дыферэнцыяльным цэнтрыфугаванні клетачных гомагенатаў.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЦЫ́КЛ (ад перы... + цыкл),

перыкамбій, утваральная тканка з жывых танкасценных клетак; вонкавая ч. праводных восевых органаў маладых раслін, іх каранёў і сцёблаў, якая знаходзіцца вакол цэнтральнага цыліндра. У П. закладваюцца бакавыя і прыдаткавыя карані, у сцёблах П. фарміруе мех. тканкі (склеранхіму).

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАГАМІ́Я (ад псеўда... + ...гамія),

несапраўднае апладненне. У грыбоў і ніжэйшых раслін — асобны тып працэсу размнажэння (псеўдаміксіс), пры якім адбываецца зліццё двух марфалагічна не дыферэнцыраваных па прыкметах полу вегетатыўных клетак. У пакрытанасенных раслін і жывёл вынікам П. бывае андрагенез або гінагенез.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕТАКСІ́НЫ,

нізкамалекулярныя біялагічна актыўныя рэчывы рознай прыроды, якія ўтвараюцца ў тканках арганізма пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення. Удзельнічаюць у фарміраванні прамянёвых пашкоджанняў: тармозяць і скажаюць сінтэз ДНК, прыгнятаюць мітозы, выклікаюць аберацыі храмасом, інтэрфазную гібель клетак, змяняюць пранікальнасць біял. мембран, спыняюць рост тканак.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)