БУЛЕ́ВІЧЫ,
старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.
М.І.Ермаловіч.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ ПАРК,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва. Закладзены ў пач. 19 ст. ў г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. каля 4 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны 1-павярховы палац на левым беразе Зах. Дзвіны (будынак неаднаразова перабудоўваўся і страціў пачатковы выгляд). Парк выцягнуты з У на З, у паўд. ч. зберагліся алеі, у заходняй — старыя ліпы. Растуць мясц. пароды дрэў, у т. л. конскі каштан звычайны, вяз шурпаты ніцы і інш.
В.Р.Анціпаў.
т. 6, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНО́ЦКАЯ СПРА́ВА»,
часопіс у Заходняй Беларусі. Орган Аб’яднання бел. жанчын імя А.Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сак.—ліст. 1931 у Вільні на бел. мове. Узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Зах. Беларусі, інфармаваў пра паліт. і грамадскія падзеі, жаночы рух у розных краінах свету, змяшчаў літ. матэрыялы. Садзейнічаў пашырэнню нац. свядомасці бел. жанчын, яднаў іх на грунце грамадскай працы і агульнаасв. задач. Меў рубрыкі «Парады маці», «Пытанні і адказы», «Наша пошта» і інш.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ, ВРК Заходняга фронту,
часовы рэв. орган па правядзенні ўзбр. паўстання на Беларусі і Зах. фронце ў кастр.—ліст. 1917. Утвораны 8.11.1917 бальшавікамі Мінска. Старшыня бюро ВРК К.І.Ландар, чл. І.Я.Алібегаў, С.І.Берсан, М.І.Калмановіч, В.В.Каменшчыкаў, В.Г.Кнорын, М.І.Крывашэін, А.Ф.Мяснікоў, М.У.Рагазінскі і інш. Выдаваў «Бюллетень Военно-революционного комитета Западного фронта». Меў аддзелы: грамадз., ваен., гасп., забеспячэння, арганізац. і сувязі, мандатны, інфармацыйны. 17.11.1917 ВРК распусціў эсэра-меншавіцкі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, арыштаваў ваен. камісара Часовага ўрада на Зах. фронце, зняў галоўнакамандуючага Зах. фронту ген. П.С.Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца сав. уладзе, і назначыў на яго месца Каменшчыкава, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве, накіраваў у штаб герм. Усх. фронту дэлегацыю, якая 4.12.1917 падпісала ў мяст. Солы дагавор пра перамір’е на Зах. фронце. Падрыхтаваў і склікаў з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. Вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, якія выбралі органы сав. улады. Спыніў дзейнасць 9.12.1917 пасля стварэння Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту і Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту.
Н.І.Стужынская.
т. 3, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ (Іван Дзмітрыевіч) (1810, Масква — 1.12.1873),
рускі гісторык, славянафіл. З 1852 праф. Маскоўскага ун-та, сакратар Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Працы па гісторыі рус. сялянства, права, ваен. справы, летапісання. Даследаваў пытанні гісторыі Беларусі да 16 ст. У «Гісторыі Полацка ці Паўночна-Заходняй Русі...» (1872), прааналізаваў сац. і нац. склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Першы з рус. гісторыкаў даў этнагр. апісанне беларусаў, якіх называў крывічамі. Сабраў калекцыю стараж.-рус. рукапісаў.
Тв.:
Очерк истории Северо-Западного края России. Вильна, 1876;
Крестьяне на Руси. М., 1860.
т. 3, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,
штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел. нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.
В.І.Дзяшко.
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАМА́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (16.5.1817, с. Юрасаўка Альхавацкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 19.4.1885),
расійскі і ўкр. гісторык, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Праф. Кіеўскага (1846—47) і Пецярбургскага (1859—62) ун-таў. Магістр філалогіі (1844). Скончыў Харкаўскі ун-т (1836). Адзін з арганізатараў і чл. Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (1846—47), выступаў за стварэнне федэрацыі слав. народаў (са значнай аўтаноміяй для кожнага) пад кіраўніцтвам Расіі; за ўдзел у дзейнасці т-ва арыштаваны і сасланы ў Саратаў (1848—56). Адзін з заснавальнікаў і супрацоўнікаў укр. час. «Основа» (1861—62). Складальнік-рэдактар Актаў Паўднёвай і Заходняй Расіі, чл. Археаграфічнай камісіі. Даследаваў гісторыю і гіст. асаблівасці рус. і ўкр. народаў пераважна праз іх побыт, нац. псіхалогію, фальклор (этнагр. падыход). Аўтар прац «Аб прычынах і характары уніі ў Заходняй Расіі» (1841, забаронена і знішчана ўладамі), «Барацьба ўкраінскіх казакоў з Польшчай у першую палову XVII ст.» (1856), «Багдан Хмяльніцкі і вяртанне Паўднёвай Русі да Расіі» (1857), «Бунт Сценькі Разіна» (1858), «Апошнія гады Рэчы Паспалітай» (1869), гіст.-біягр. партрэтаў гіст. дзеячаў Расіі і Рэчы Паспалітай 16—18 ст., драмы на ўкр. мове «Сава Чалы» (1838), гіст. рамана «Кудзяяр» (1875) і інш.
Тв.:
Исторические монографии и исследования. Т. 1—2. М., 1990;
Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. Кн. 1—3, вып. 1—7. М., 1990—92;
Мазепа. М., 1992;
Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994.
т. 8, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́САЎ (Сяргей Рыгоравіч) (парт. псеўд. Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял. Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЯЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (2.10.1828, мяст. Кузніца, Польшча — 4.9.1891),
гісторык, этнограф, публіцыст, адзін з гал. ідэолагаў заходнерусізму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1855). Выкладаў у Рыжскай і Пецярбургскай духоўных семінарыях. Абараняў панславісцкую канцэпцыю гісторыі Расіі. Гіст. канцэпцыю заходнерусізму сфармуляваў у прамове «Гістарычная жывучасць рускага народа і яго культурныя асаблівасці» (1883). Аўтар прац па царк. і паліт. гісторыі Беларусі: «Літоўская царкоўная унія» (т. 1—2, 1859—61), «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя ўз’яднання заходнярускіх уніятаў старых часоў» (1873) і інш.
Тв.:
История русского самосознания: По историческим памятникам и научным сочинениям. 4 изд. Мн., 1997.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІТНІ́ЦКАЯ (Алена Дзмітрыеўна) (8.10.1919, Масква — 5.7.1981),
расійскі гісторык архітэктуры. Канд. тэхн. н. (1947). Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1941). З 1941 працавала ў НДІ прамысл. збудаванняў, тэорыі і гісторыі архітэктуры ў Маскве. Адзін з першых даследчыкаў помнікаў жылой, грамадз. і культавай архітэктуры Беларусі: «Старыя гарадскія драўляныя дамы паўднёва-заходняй Беларусі» (1961), «Планіроўка Гродна ў XVI—XVIII стст.» (1964), «Малавядомыя зальныя збудаванні Беларусі канца XV—пачатку XVI ст.» (1967), «Калегіумы Беларусі XVII ст.» (1969), «Адміністрацыйныя будынкі Беларусі канца XVIII ст.» (1972) і інш.
Тв.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 6. М., 1968 (у сааўт.).
т. 8, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)