А́ЖБЕ, Ашбе (Ažbè) Антон (30.5.1862, г. Даленчыцэ, Славенія — 6.8.1905), славенскі жывапісец і педагог. Вучыўся ў Венскай і Мюнхенскай акадэміях мастацтваў. Творчасць пазначана пошукамі колеравай выразнасці, пераходам ад акадэмізму да пленэрнага жывапісу («Галава селяніна», каля 1890; «У гарэме», «Негрыцянка», абедзве каля 1895). У 1891 адкрыў у Мюнхене ўласную маст. студыю, дзе вучыліся В.​Кандзінскі, А.​Мурашка, І.​Грабар.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАХАНГІ́Р (Салім) (1569, г. Агра, Індыя — 1627),

правіцель Магольскай імперыі [1605—27]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Акбара. Пры ім адменены рэформы Акбара, узмацнілася ўлада феадалаў-джагірдараў (гл. Джагір). У 1613 дазволіў англ. Ост-Індскай кампаніі заснаваць гандл. факторыю ў г. Сурат. Пашырыў межы дзяржавы на Пн Індыі. Знаўца мастацтва і л-ры, мецэнат архітэктуры і мініяцюрнага жывапісу. Аўтар успамінаў.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ВІД ((David) Герард) (каля 1460—70, Аўдэватэр, каля г. Гаўда, Нідэрланды — 13.8.1523),

нідэрландскі жывапісец. Працаваў пераважна ў г. Бруге. Яго творы паўтаралі асн. кампазіцыйныя схемы нідэрл. жывапісу 15 ст., у той жа час адметныя мяккасцю і сакавітасцю жывапіснай манеры, майстэрствам перадачы асвятлення, паэтычнасцю пейзажных матываў: 2 кампазіцыі «Суд Камбіза» (1498), трыпціх «Хрышчэнне Хрыста».

Г.Давід. Адпачынак на шляху ў Егіпет.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙО́РКСКІ МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА МАСТА́ЦТВА,

найбуйнейшы ў ЗША збор мастацтва апошняй чвэрці 19—20 ст. Засн. ў 1929. У музеі вял. калекцыя твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва, дызайн, арх. праектаў, фотамастацтва, фільматэка; захоўваюцца «Герніка» П.​Пікасо, творы Х.​Ароска, А.​Маёля, А.​Матыса, Д.​Рыверы, П.​Сезана, Д.​Сікейраса, Э.​Уаета, Э.​Хопера і інш.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ-БЕ́ЛЬСКІ (Мікалай Пятровіч) (26.11.1868, в. Шапатова Бельскага р-на Цвярской вобласці — 19.2.1945),

рускі жывапісец, майстар бытавога жанру. Акадэмік жывапісу (1903), правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1914). Чл. Т-ва перасоўных маст. Выставак (1895—1918). Да 1883 вучыўся ў нар. школе С.​Рачынскага ў в. Тацева Смаленскай губ., у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1884—89) у В.​Паленава, У.​Макоўскага, І.​Пранішнікава і ў Пецярбургскай АМ (1890-я г.) у І.​Рэпіна. Атрымаў залаты медаль за работу «Будучы манах» (1889). Творы Багданава-Бельскага вызначаюцца вял. назіральнасцю і цеплынёю ў адлюстраванні жыцця сельскай школы, рус. і бел. сялян (нейкі час жыў на Віцебшчыне): «Вуснае лічэнне» (1895), «Спроба галасоў», «У хворага настаўніка», «Каля дзвярэй школы» (усе 1897) і інш. У 1911—17 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1921 жыў у Латвіі. У Нац. маст. музеі Беларусі карціна Багданава-Бельскага «Дзеці ў хаце» (1891).

М.​М.​Паграноўскі.

М.Багданаў-Бельскі. Дзеці ў хаце. 1891.

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗУНО́Ў (Ілья Сяргеевіч) (н. 10.6.1930, С.-Пецярбург),

рускі жывапісец і графік. Нар. мастак. СССР (1980). Заснавальнік і рэдактар рэктар Рас. акадэміі жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1989). Вучыўся ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1951—57) у Б.Іагансона. Аўтар выкананых у графічна стылізаванай манеры твораў, прысвечаных гіст. і сучаснай тэмам (цыклы «Дарогамі вайны», 1955 — 64; «Русь», з 1956; «Містэрыя XX стагоддзя», «Поле Кулікова», «Вечная Русь», «Маё жыццё», усе 1970—90-х г.), партрэтаў (Ф.​Феліні, 1963, І.​Гандзі, 1973, У.​К.​Кеканена, 1974, У.​Высоцкага, 1984, і інш.), цыкла карцін і малюнкаў на тэмы раманаў Ф.​М.​Дастаеўскага, Л.​М.​Талстога і інш. Стварыў пано «Уклад народаў Савецкага Саюза ў сусветную культуру і цывілізацыю» (1980, будынак ЮНЕСКА у Парыжы). Аформіў тэатр. спектакль «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» М.​А.​Рымскага-Корсакава ў Вял. т-ры ў Маскве, 1983.

Літ.:

Илья Глазунов: [Альбом]. М., 1986;

Поиск через традиции. Л., 1990.

І.Глазуноў. Князь Дзмітрый Данскі. 1980.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́ЦІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1859, Масква — 6.12.1937),

расійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1883—86) у І.​Пранішнікава і У.​Макоўскага, у 1903—17 выкладаў у гэтым вучылішчы, у 1918—23 у Вышэйшых мастацка-тэхн. майстэрнях. Чл Саюза рус. мастакоў (1903), Т-ва перасоўных маст. выставак (1915), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Карціны М. 1890-х г. блізкія да лірычных жанравых твораў позніх перасоўнікаў («Па этапу», 1890; «Сяброўкі», 1893). Як партрэтыст эвалюцыяніраваў ад свабоднага дынамічнага жывапісу 1900-х г. («Аўтапартрэт», 1901) да строгай манументалізаванай манеры 1910—20-х г., якая дазваляла больш дакладна выявіць артыстызм і інтэлектуальнасць мадэлі (партрэты М.​Несцерава, 1913; Дз.​Фурманава, 1922; В.​Бялыніцкага-Бірулі, 1929; «Партызан», 1936, і інш.). Працаваў таксама ў галінах кніжнай графікі (іл. да твораў А.​Пушкіна «Казка пра цара Салтана» і «Руслан і Людміла», 1898), дэкар.-прыкладнога, тэатр. мастацтва і архітэктуры, у якіх прытрымліваўся нац.-рамант. лініі стылю мадэрн.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (РАМ),

вышэйшая навукова-творчая арганізацыя мастакоў і архітэктараў Расіі. Створана ў Маскве ў 1992 на базе б. АМ СССР (з 1947). Размяшчаецца ў б. асабняку І.​Марозава (Марозаўскай галерэі), пабудаваным ў сярэдзіне 18 ст. (у 1870—71 перабудаваны ў духу неабарока, арх. А.​Камінскі). Мае аддзяленні: жывапісу, графікі, скульптуры, дэкар. мастацтваў, архітэктуры, мастацтвазнаўства і маст. крытыкі. У сістэму РАМ уваходзяць таксама Акад. маст. ін-т імя В.​Сурыкава з Акад. маст. ліцэем імя М.​Томскага, НДІ тэорыі і гісторыі выяўл. мастацтваў (усе ў Маскве), Акад. ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна з Акад. маст. ліцэем імя Б.​Іагансона, з філіяламі (Музей-сядзіба Рэпіна «Пенаты», Музеі ў кватэра І.​Бродскага, музеі-майстэрні П.​Чысцякова, А.​Куінджы, С.​Канёнкава, Дз.​Налбандзяна), навук.-бібліягр. архіў (усе ў Пецярбургу), навук. б-ка ў Пецярбургу з філіялам у Маскве, рэгіянальнае аддзяленне «Урал, Сібір, Далёкі Усход» з цэнтрам у Краснаярску, творчыя майстэрні, лабараторыі. Праводзіць выстаўкі рас. і замежных мастакоў.

Т.​В.​Пешына.

т. 13, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАРЭ́ЛЬ (франц. aguarelle ад лац. agua вада),

фарбы, разведзеныя на вадзе (звычайна з раслінным клеем) і прызначаныя для жывапісу, а таксама від жывапісу, твор, выкананы ў тэхніцы акварэлі гэтымі фарбамі. Асн. якасці акварэлі — празрыстасць, чысціня і яснасць колеру. Акварэль спалучае асаблівасці жывапісу і графікі. Спецыфічныя прыёмы — размывы і зацёкі, якія ствараюць эфект рухомасці і трапятлівасці.

Акварэль (з дамешкам бяліл, гл. Гуаш) была вядомая ў Стараж. Егіпце, Кітаі, Японіі. У 15—17 ст. служыла пераважна для расфарбоўкі гравюр, чарцяжоў, эскізаў карцін і фрэсак, выкарыстоўвалася і самастойна (пейзажы А.​Дзюрэра, галандскіх і фламандскіх мастакоў). З 18 ст. пашырылася ў пейзажным жывапісе. З’явіліся прафес. мастакі-акварэлісты. У 19 ст. распаўсюдзілася ў Англіі (У.​Тэрнер, Р.​Бонінгтан), Францыі (Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е), Расіі (К.​Брулоў, А.​Іваноў, У.​Бяхцееў, А.​Астравумава-Лебедзева, А.​Фанвізін, М.​Урубель).

На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15 ст. ў мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, у 17—18 ст. — для расфарбоўкі гравюр. У 19 — пач. 20 ст. жанравыя карціны і пейзажы ў тэхніцы акварэлі стваралі Л.​Альпяровіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Дамель, К.​Кастравіцкі, М.​Кулеша, Н.​Орда, І.​Пешка, Ф.​Рушчыц; у 1920—30-я г. — А.​Астаповіч, В.​Волкаў, У.​Кудрэвіч, М.​Лебедзева, М.​Філіповіч. Пазней традыцыйная акварэль атрымала развіццё ў творчасці Л.​Лейтмана, А.​Волкава, В.​Цвіркі, І.​Сталярова. Новы этап развіцця акварэлі азначыўся на пач. 1960-х г. Арганізуюцца ўсесаюзныя (1965) і рэсп. (1966) выстаўкі, ствараюцца групы мастакоў акварэлі, фарміруюцца школы акварэлі (гл. Віцебская школа акварэлі). Пашырэнне выяўл. сродкаў, тэхн. прыёмаў, мастацкіх манер прывяло да вызначэння спецыфікі акварэльнага вобраза. Акварэль зацвердзілася як самастойны від жывапісу. Шырокую вядомасць атрымалі творы А.​Паслядовіч, У.​Стальмашонка, З.​Літвінавай, П.​Драчова, Г.​Шутава, Ф.​Гумена, І.​Пратасені, Г.​Паплаўскага, Ф.​Кісялёва, В.​Паўлаўца, Л.​Марчанкі.

Літ.:

Беспалый А. Беларуская акварэль. Мн., 1989.

У.​І.​Рынкевіч.

Да арт. Акварэль. М.​Урубель. Партрэт Т.​С.​Любатовіч у ролі Кармэн. 1890-я г.
Да арт. Акварэль. Л.​Марчанка. Бэз. 1994.
Да арт. Акварэль. І.​Пратасеня. Набат 1863. К.​Каліноўскі і Марыся. 1990.
Да арт. Акварэль. Г.​Паплаўскі. Буслы Браслаўшчыны. 1994.
Да арт. Акварэль. В.​Паўлавец. Стажкі. 1991.
Да арт. Акварэль. Э.​Дэлакруа. Стрэл (фантазія). 1832.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА-МАЙСТЭ́РНЯ Ю. ПЭ́НА,

прыватная школа малявання і жывапісу ў Віцебску ў 1898—1918. Створана Ю.Пэнам. У праграму заняткаў уваходзілі: маляванне гіпсавых фігур, з натуры, на пленэры. У школе вучылася ад 10 да 25 чалавек ад 1 да 6 месяцаў. Яе закончылі З.Азгур, Е.Кабішчар, Я.Мінін, М.Шагал, С.Юдовін і інш. У 1907, 1914 адбыліся выстаўкі работ Пэна і яго вучняў.

Л.​Дз.​Налівайка.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)