Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Ту праве,
1) І. дзяржаўны — прынцып міжнар. права, паводле якога дзяржава не падлягае замежнай юрысдыкцыі: ні дзяржаве, ні яе органам не можа быць прад’яўлены іск у судзе замежнай дзяржавы.
2) І. консульскі — сукупнасць ільгот і прывілеяў, якія даюцца консульскай установе і яе супрацоўнікам. Аб’ём І. ўстанаўліваецца ўнур. заканадаўствам дзяржаў, а таксама міжнар. дагаворамі шматбаковымі (Венская канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах) або двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і міжнар. звычаямі.
3) І. дыпламатычны — сукупнасць правоў і прывілеяў, якія даюцца дыпламат. прадстаўніцтвам замежных дзяржаў і іх супрацоўнікам: недатыкальнасць асобы, службовых памяшканняў, жылля і ўласнасці і інш. Аб’ём І. ўстаноўлены Венскай канвенцыяй 1961, інш.міжнар. дагаворамі і звычаямі і ўнутр. заканадаўствам дзяржаў.
4) І. службовых асоб дзяржавы заключаецца ў недатыкальнасці некат. іх катэгорый. Адрозніваюць І. парламенцкі, прэзідэнцкі і судзейскі. Недатыкальнасць гэтых асоб азначае забарону іх арышту і прыцягнення да суд. адказнасці пры пэўных абставінах без згоды на тое адпаведных кампетэнтных органаў. Дэпутат можа быць пазбаўлены недатыкальнасці палатай парламента, членам якой ён з’яўляецца; недатыкальнасць з прэзідэнта. як правіла, здымаецца толькі разам з адхіленнем яго ад пасады ў парадку асобай працэдуры, прадугледжанай канстытуцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАРАВАЯ ЗО́НА,
валютная групоўка дзяржаўПаўн., Цэнтр. і Паўд. Амерыкі, Ціхага акіяна і інш., у якіх долар мае абарачэнне нараўне з нац. валютай, а пры адсутнасці нац. валюты яе замяняе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ НЕРАСПАЎСЮ́ДЖВАННІ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І,
міжнароднае пагадненне, адкрытае для падпісання 1.7.1968. Распрацаваны па ініцыятыве ядз.дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падпісаны імі, усяго ўдзельнікаў — больш за 130 дзяржаў. Дагавор абавязвае ядз. дзяржавы не перадаваць няядзерным дзяржавам ядз. зброю ў любым выглядзе і не дапамагаць ім набываць яе. Няядзерныя дзяржавы ў сваю чаргу абавязаліся ўстрымацца ад набыцця такой зброі. Дагавор прадугледжвае кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі за тым, каб прадухіліць проціпраўны пераход ад мірнага выкарыстання ядз. энергіі да вытворчасці ядз. зброі. Рэспубліка Беларусь далучылася да дагавора ў якасці няядзернай дзяржавы на падставе Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 4.2.1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕ́РЫЯ (ад лац. imperium улада, дзяржава),
1) найменне манарх.дзяржаў, на чале якіх стаіць імператар. Звычайна вялізная дзяржава, якая ўключае ў свой склад (у т. л. шляхам заваяванняў) тэр.інш.дзяржаў і народаў. Напр., І. наз. Рымская дзяржава (з канца 1 ст. да н.э.), Франкская дзяржава (з 800), Расія (1721—1917), Аўстра-Венгрыя (1867—1918), Германія (1871—1918) і інш. Асобныя рысы І. мела і Полацкае княства (узначальвалася князем).
2) Буйная дзяржава, якая мае вял.калан. ўладанні (калан. І.). Складаецца з метраполіі і калоній. Прыклад — б.Брытанская імперыя, якая разам з Вялікабрытаніяй уключала ўсе яе калоніі і дамініёны. З 1979 у свеце афіц. не існуе І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНДА́НЦКАЯ СЛУ́ЖБА,
ва ўзбр сілах многіх дзяржаў служба тылу, якая ажыццяўляе забеспячэнне войск харчамі, фуражом, рэчавай і абозна-гасп. маёмасцю, займаецца кватэрным і быт. абслугоўваннем. Узнікла ў 17 ст. ў Францыі, дзе ўпершыню паявіліся армейскія інтэнданты. У Расіі вядзе гісторыю ад створаных Пятром I у 1700 Правіянцкага і Асобага прыказаў. Ва ўзбр. сілах СССР існавала ў 1940—55 і 1958—59. Пасля яе скасавання службы, да кампетэнцыі якіх адносілася харч., рэчавае і кватэрна-эксплуатацыйнае забеспячэнне, сталі самастойнымі. Такая ж структура гэтых службаў захавалася і ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь. У арміях некаторых дзяржаў (Аўстрыя, Іспанія) І.с. існавала і ў 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЧЭ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 13.8.1948, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел.с.-г. акадэмію (1975), Мінскую вышэйшую парт. школу (1986). З 1967 на гасп., сав. і парт. рабоце. З 1986 старшыня Вілейскага райвыканкома, адначасова 1-ы сакратар гаркома КПБ. З 1990 дэпутат, чл. Прэзідыума, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1992 каардынатар Рабочай групы Савета кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1993—98 выканаўчы сакратар СНД. З 1996 чл. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З мая 1998 1-ы нам. выканаўчага сакратара СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТА (польск. rota ад ням. Rotte натоўп, атрад),
асноўнае тактычнае падраздзяленне ва ўзбр. сілах большасці дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Р. бываюць стралк. (мотастралк.), пяхотныя (мотапяхотныя), танк., сапёрныя, аўтамаб., марской пяхоты, штабныя і інш. Можа ўваходзіць у склад батальёна або быць асобнай (напр., радыётэхн. Р. ў складзе палка). У сухап. войсках Р. складаецца з упраўлення і некалькіх узводаў; мае на ўзбраенні аўтам.стралк. зброю, гранатамёты, зенітныя сродкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і інш.
Упершыню Р. створаны ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў наёмных арміях зах.-еўрап.дзяржаў (гл.Наёмніцтва). У 17—18 ст. у кавалерыі Р. заменена эскадронам, у артылерыі ў 19 ст. — батарэяй.